Чым замяніць «харчовы Кландайк»?

Расія ўзмоцніць кантроль за выкананнем свайго эмбарга. Але і гэтае эмбарга само па сабе, хутчэй за ўсё, доўга не працягне. Калі гэтая крыніца даходаў для нас ссохла, трэба шукаць іншую. І яны ёсць!



З 20 кастрычніка Расія з абмяжоўвае імпарт садавіны і гародніны з Беларусі, аб чым Рассельгаснагляд і праінфармаваў Мінсельгасхарч «сінявокай». Гэта рашэнне расійскага ведамства прагучала пасля серыі папярэджанняў аб рээкспарце праз Беларусь забароненай заходняй ежы. «З 20 кастрычніка бягучага года таварныя партыі абязлічанай і немаркіраванай падкаранціннай прадукцыі не падлягаюць увозу на тэрыторыю Расіі», — гаворыцца ў паведамленні ведамства. Рассельгаснагляд адзначае, што за два апошнія месяцы пастаўкі немаркіраванай прадукцыі выяўлены ў 82 выпадках.

Ведамства таксама нагадала беларускаму боку, што ўвоз прадукцыі высокай фітасанітарнай рызыкі, якая едзе транзітам па тэрыторыі Расіі з Беларусі ў Казахстан, будзе ажыццяўляцца выключна праз пункты пропуску «Чырвоны камень», «Чырвоная горка» і «Лабок» з указаннем канкрэтнага пункта прызначэння ў графе «дадатковая дэкларацыя» ў суправаджальных фітасанітарных сертыфікатах. Каб гэтая прадукцыя даехала да месца прызначэння, а не «згубілася» на нейкіх маскоўскіх рынках.

Карацей, Расія ўзмоцніць кантроль за выкананнем свайго эмбарга. Але і гэтае эмбарга само па сабе, хутчэй за ўсё, доўга не працягне. Праз тыдзень пасля ўвядзення гэтых абмежаванняў Еўропа перагледзіць санкцыі ў дачыненні да федэрацыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта адбудзецца 27 кастрычніка. Перагляд санкцый будзе залежаць ад прагрэсу і стабілізацыі сітуацыі ва Украіне, ад вываду войскаў з зоны канфлікту, ад маніторынгу і кантролю за ўкраінска-расійскай мяжой АБСЕ.

«На аснове гэтых канкрэтных вынікаў, на аснове выканання мінскіх рашэнняў, на гэтай аснове мы будзем прымаць рашэнне аб магчымым частковым або поўным адкліканні санкцый. Самае галоўнае, каб быў прагрэс па стабілізацыі сітуацыі, каб выконваліся мінскія дамоўленасці», — падкрэсліў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Расіі Вігаўдас Ушацкас.

Канешне, не поўны, але пэўны прагрэс у гэтай сферы ёсць. Уладзімір Пуцін падпісаў распараджэнне пра тое, каб расійскія войскі былі адведзеныя ад украінскай мяжы. Размова ідзе пра 17 600 вайскоўцаў. Выкананне гэтага даручэння заўважыла NАТO, якое канстатавала — войскі сапраўды адводзяцца. Іншая справа, што ўзброеныя «ветлівыя людзі» ў Данбасе не жадаюць выконваць пагадненне аб спыненні агню, і ўзнікае думка: а ці кантралюе іх Масква? Тым не менш, адзін крок расійскае кіраўніцтва зрабіла.

І ў адказ на змякчэнне еўрапейскіх санкцый, калі такое будзе, Расія можа скасаваць сваё «харчовае эмбарга», якое шкодзіць, збольшага, выключна насельніцтву самой Расіі.

Такім чынам, Беларусі перакрываецца яшчэ адна крыніца даходаў, якой мы так радаваліся два месяцы таму, абяцаючы заліць «старэйшага» брата малаком і закідаць галоўкамі сыру. А калі гэтая крыніца ссохла, трэба шукаць іншую.

Такая крыніца даходу ў нас ёсць заўсёды — прыватызацыя. У канцы 2013 года была дасягнутая дамоўленасць аб продажы пакета 75% мінус 1 акцыя Мінскага завода колавых цягачоў расійскаму ААТ «РТ-Аўта» (даччыная структура карпарацыі «Растэхналогіі») па рынкавым кошце. Зараз беларускія ўлады завяршылі ацэнку актываў МЗКЦ. Як заўсёды, палічылі па-свойму: расійскі бок не згодны з вынікамі гэтай ацэнкі, канстатаваў першы віцэ-прэм’ер РБ Уладзімір Сямашка.

«Ацэнка актываў завяршылася, аднак з расійскім партнёрам пакуль ёсць рознагалоссі, таксама як і па праекце, які рэалізуецца з удзелам «Інтэграла», якія ўваходзяць у лік пяці інтэграцыйных праектаў», — сказаў Сямашка. Карацей, беларусы «заламілі» кошт прадпрыемстваў.

І слушна зрабілі. Каму больш патрэбны МЗКТ? Беларусам, у якіх ён і так ёсць, альбо расіянам, якія на цягачах МЗКТ возяць свае ядзерныя ракеты? Калі яны не згодныя браць прадпрыемства — хай набываюць машыны, калі не набудуць машыны — хай у іх гэтыя ракеты «пыляцца на складах».

Тое ж самае з «Інтэгралам» — ён нам патрэбны ці ім? Калі яны не пагаджаюцца з нашым коштам — знойдзем іншых пакупнікоў. Вунь у Нью-Ёрку падчас Беларускага інвестыцыйнага форума Мясніковіч дамовіўся, што на тым жа «Інтэграле» будуць вырабляць чыпы IBM. Праўда, дамовіўся ён 25 верасня, што спецыялісты сусветна вядомага «лічбавага гіганта» прыедуць на «Інтэграл» праз тыдзень і паглядзяць на нашыя магутнасці. З тых часоў пра такі візіт нічога не паведамлялася, але ж факт ёсць, праўда?

І яшчэ адна цікавая навіна. Галоўнакамандуючы ваенна-паветраных сілаў Расіі Віктар Бондараў заявіў, што ў Беларусі з’явіцца яшчэ адна расійская авіябаза знішчальнікаў. Стварэнне яе запланавана на 2016 год у Бабруйску. На ваенным аэрадроме будуць змяшчацца расійскія Су-27. На рэканструкцыю гэтага аэрадрома ўжо падрыхтаванае тэхнічнае заданне.

Нагадаем, што раней Расія вырашыла перакінуць на беларускі аэрадром у Баранавічах авіяполк з 24 знішчальнікаў Су-27СМ3. У сярэдзіне жніўня Бондараў удакладніў, што расійскія ВПС гатовыя пачаць разгортванне авіябазы ў Баранавічах пасля заключэння адпаведнага міжурадавага пагаднення.

Акрамя самалётаў на беларускай тэрыторыі размяшчаюцца і іншыя расійскія ваенныя аб’екты: радыёлакацыйная санкцыя «Волга» пад Ганцавічамі, якая ўваходзіць у сістэму папярэджання аб ракетным нападзе, і вузел сувязі ВМФ Расіі ў Вілейцы.

Карацей, размясціць у сябе мы можам, што заўгодна. Пытанне толькі ў тым, як і колькі за гэта заплацяць? Па-першае, аэрадром сам па сабе — «шкодная вытворчасць», які забруджвае зямлю авіяпалівам і паветра выкідамі. Як там у нас наконт экалагічных падаткаў? Па-другое, аб’екты кшталту РЛС і аэрадромаў з’яўляюцца ў выпадку ўзброенага канфлікту «аб’ектамі першага ўдару». За гэтую рызыку таксама трэба даплачваць. Напрыклад, за Габалінскую РЛС (аналаг нашай «Волгі») Азербайджан патрабаваў у Расіі $300 мільёнаў у год. А ЗША за сваю найбуйнейшую базу ВПС «Рамштайн» у Германіі штогод выкладваюць 1,5 мільярда еўра.

Каментаваць