Чаму ад росту заробкаў беларусам больш шкоды, чым выгодаў

Каб не ўдарыць тварам у бруд перад урадам, некаторыя кампаніі ўжо залезлі ў даўгі.
Студзеньскія заробкі беларусаў апынуцца прыкметна ніжэйшымі за тыя, што работнікі атрымлівалі ў апошнія месяцы мінулага года, прагназуе старшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб.

 Падзенне сярэдняй зарплаты будзе ніжэй 830-850 рублёў, — паведаміў эксперт па час прэс-брыфінгу.

Гэта прыкметна ніжэй сярэдняй снежаньскай зарплаты ў 995,3 рублі. У канцы мінулага года яна вырасла на рэкордныя для Беларусі 19%. На думку аналітыка, адбылося гэта за кошт «адміністрацыйнага ціску і бухгалтарскіх хітрыкаў».

Эканамічная сітуацыя не такая добрая, каб вытворчасці угнацца за палітычнымі патрабаваннямі, і таму рост заробкаў у выніку аказвае зваротны эфект. Некаторыя прадпрыемствы ў пачатку студзеня былі вымушаныя браць крэдыты для выплат заробкаў сваім работнікам.

 Крэдыт трэба вяртаць з працэнтамі, а абаротных сродкаў, якія можна было б пусціць на выплату заробкаў, у прадпрыемства становіцца ўсё менш. Калі ўзяць перыяд снежань-сакавік, то сумарна работнікі такіх прадпрыемстваў атрымаюць менш, чым атрымалі б, калі б не было ніякіх крэдытаў, — адзначае Вадзім Іосуб.

Нічога добрага ні з пункту гледжання макраэканамічнай стабільнасці, ні з пункту гледжання папаўнення кішэняў беларусаў з такога крэдытавання не выйдзе, перакананы эксперт.

Па дадзеных Нацбанка, запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах і пазыках за адзінаццаць месяцаў мінулага года вырасла на 8%. А агульная колькасць крэдытаў прадпрыемстваў — на 20%.

— У гісторыі гэта ўжо раз пяты, калі робіцца падобны акцэнт, ігнаруюцца выдаткі ў выглядзе інфляцыі і дэвальвацыі, страты зберажэнняў і абаротнага капіталу. Гэта прыклад беспрэцэдэнтнай падтрымкі дзяржавай карпаратыўнага сектара, калі робяцца стаўкі на тое, што кампаніі пачнуць зарабляць і аддаваць крэдыты, — кажа кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук.

Па словах эксперта, у асноўным крэдытамі на заробкі карыстаюцца каля ста беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, якія за кошт гэтага і існуюць.

 Ад крэдытавання выйграюць толькі карпаратыўныя ўтрыманцы. Яны ўвесь час дояць беларускі бюджэт і падаткаплатнікаў. Работнікі гэтых абароненых прадпрыемстваў з'яўляюцца дубінай, пры дапамозе якой выбіваюцца грошы з бюджэту, і яны таксама ў гэтым выпадку не пакрыўджаныя, — адзначае Яраслаў Раманчук.

У выйгрышы ад росту даўгоў і заробкаў аказваюцца супрацоўнікі толькі такіх прадпрыемстваў.

— Гэтая абароненая сотня знаходзіцца пад асаблівым кантролем, мае льготы, на яе не распаўсюджваюцца законы рынку, у прыватнасці закон банкруцтва за невыкананне сваіх абавязацельстваў. Але такія кампаніі з'яўляюцца крыніцай ціску на рубель, на бюджэт і на кошты, — тлумачыць эканаміст.

Рост зарплаты, не забяспечаны адпаведным ростам у эканоміцы, уплывае на валютны рынак, прыводзячы да дэвальвацыі рубля і росту інфляцыі.

Але гэта палітычнае пытанне, супраць якога прадпрыемствы пайсці не могуць, падкрэсліваюць эксперты. Аднак лічаць, што на працягу года практыка крэдытавання прадпрыемстваў для выплат заробкаў не будзе пашырацца, калі ўлады не стануць уздымаць пытанне чарговага росту заработнай платы адміністрацыйнымі метадамі.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-02-04 21:49:41
Прыемна чытаць інфу з б-ч-б лістка Заўтра тваёй бел-чырвона-белай краіны. Кожная публікацыя гэтага патрыятычнага бел-чырвона-белага выдання кажа мне аб тым, што пара накрыцца бел-чырвона-белай коўдрай і чакаць канец сьвету. Думаю, што вам дэмакрат Лукашэнка ўжо надакучыў, таварышы бел-чырвона-белыя. Вам трэба абраць мяне прэзідэнтам РБ. І пасля таго, як прыму прысягу, ўсе б-ч-б змагары будуць або ля офісу Хартыі97 у Варшаве есьці польскія клёцкі, або апынуцца на пляжах солнечного Магадана. Б-ч-б паліцаі, блін.

Каментаваць