Чаму ў камунальнай гаспадарцы «расквітнела» карупцыя?

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак распавядае пра карупцыйныя схемы ў сістэме ЖКГ.

Больш за 50 крымінальных спраў па фактах злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і хабарніцтве ўзбуджана ў дачыненні да цэлага шэрагу кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ краіны.

— Найперш хачу сказаць, што не трэба адразу вызначаць ЖКГ як самую карупцыйную сферу, — заўважае Алег Волчак. — Мы бачылі такія ж крымінальныя справы і ў прамысловасці, і ў іншых галінах. Тут трэба больш казаць пра агульную тэндэнцыю — крадуць там, дзе размяркоўваюцца вялікія аб’ёмы бюджэтных грошай. І ў гэтым плане камунальшчыкі — не выключэнне. Там некаторыя тэндары на закупку абсталявання праводзяцца фармальна, у камісіях — “свае” людзі, якія і размяркоўваюць фінансавыя патокі сярод такіх жа сваіх фірм, якія кантралююць.

Усе ведаюць, што існуюць “адкаты”, але ў той жа час усе маўчаць, пакуль кантрольныя органы не заявяць пра чарговы карупцыйны скандал. І гэтыя “адкаты”, па некаторай інфармацыі, складаюць ад 3 да 30 адсоткаў. Яны не знікалі ніколі. Нават тады, калі эканоміка была ў крызісе. Больш за тое — у такія часы карупцыя квітнела яшчэ больш.

І тут трэба зразумець, што ў нас сілавікі вядуць барацьбу з наступствамі, але не з прычынамі карупцыі.

— 50 крымінальных спраў у дачыненні да цэлага шэрагу кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ — гэта шмат…

— Думаю, што справы ўзбуджаны ў дачыненні да работнікаў сярэдняга звяна, хаця ў мяне пытанне: як могуць існаваць такія схемы, і пры гэтым вышэйшае начальства нічога не ведае? А зараз жа трэба на некага спісаць падвышэнне камунальных паслуг. Не ўлада ж у гэтым вінаваты, а вінаватыя будуць вось гэтыя “стрэлачнікі”.

— Ці дае плён такая паказальная барацьба з карупцыяй?

— Мне падаецца, што, чым больш карупцыянераў саджаюць, тым больш з’яўляецца новых. Ва ўсялякім выпадку, працэс не спыняецца. Многія, дарэчы, зразумелі, што, калі ўжо красці, то браць трэба столькі, каб яшчэ засталося пасля выхаду з калоніі. Да таго ж, многія затым просяць памілаванне ў беларускага кіраўніка і выходзяць на волю раней часу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя


Каментаваць