Дасядзім да пад’ёму

У гэтым годзе сельская гаспадарка Беларусі мае атрымаць загад на масавую (прынамсі, большую, чым звычайна) сяўбу бульбы. Згодна беларускай традыцыі, менавіта там (у бульбе) мы павінны пераседзець крызіс.

Малюнак са стыкерпаку на беларускай мове «Традыцыi на новыя лад. Лета» ў Viber

 

Аляксандр Лукашэнка, па старой завядзёнцы, наведаў «чарнобыльскія» раёны і там выказаў надзею на тое, што з улікам хвалепадобнага развіцця сусветнай эканомікі на змену крызісным з’явам абавязкова прыйдзе рост. І нам трэба проста дачакацца гэтага росту.

 

Праўда, калі прыйдзе рост у Беларусь, ён не сказаў. Гэтым і абумоўлена меркаванне пра масавую бульбагадоўлю.

 

Сапраўды, калі будзе рост? Калі скончыцца крызіс? Гэта невядома, таму што крызіс, насамрэч, ужо прайшоў, і пра гэта неаднаразова згадвалася. Эканамісты мяркуюць, што крызіс — гэта калі падае ВУП. Згодна з дадзенымі Еўрастата, ВУП еўразоны (тыя краіны, якія карыстаюцца еўра) у мінулым годзе вырас на 1,5%, а Еўрасаюза ў цэлым — на 1,8%. Нават шматпакутная Грэцыя паказала ў 2015-м рост ВУП на 0,25%, калі ўсе прадказвалі ёй спад ад 1,5% да 3% — у залежнасці ад фантазіі.

 

Ва Украіне, дзе не заканчваецца вайна, іх Нацбанк зафіксаваў рост ВУП каля 1% па першаму кварталу 2016 года.

 

А крызіс — толькі ў нас і ў нашага «галоўнага саюзніка». ВУП Расіі за 2015 год ўпаў на 3,7%, у нас — на 3,9%. Нават наш партнёр па ЕАЭС і Мытным саюзе Казахстан скончыў мінулы год з плюсам ў 1,2% ВУП.

 

Вось і думай, чаму ва ўсіх пад’ём, а ў нас — крызіс. Можа, гэта мы самі вінаватыя? Можа, трэба было б звярнуць увагу не на «знешнія фактары», а зірнуць на сябе?

 

Але нам усё яшчэ прапаноўваюць зацягнуць паясы і пачакаць. Як казаў наш правадыр, як толькі хваля пойдзе ўверх, мы апынёмся наперадзе ўсёй планеты. Бо нездарма ж мы праводзілі мадэрнізацыю прадпрыемстваў? Гэтыя прадпрыемствы нас і выцягнуць…

 

Думка, шчыра кажучы, вельмі спрэчная. Яна заснаваная на савецкім «дэфіцытным» мысленні: маўляў, варта стварыць тавар, і яго абавязкова нехта набудзе. Але пасля СССР прайшло ўжо чвэрць стагоддзя, і дэфіцыту ўжо даўно няма — былі б грошы.

 

Вось мы мадэрнізавалі цэментныя заводы, упіхалі туды мільярд долараў. А потым высветлілася, што наш цэмент нікому не патрэбны — у свеце свайго хапае. Ці, напрыклад, нашумелы на гэтым тыдні «Мастоўдрэў». Паводле афіцыйных дадзеных, у мадэрнізацыю прадпрыемства з 2008 па 2015 дзяржавай было ўкладзена каля 182 мільёнаў еўра. А зараз прадпрыемства знаходзіцца на мяжы банкруцтва, таму што яго прадукцыя не карыстаецца попытам. На гэты конт старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў заявіў: «Не пралічылі рынкаў — і сутыкнуліся з праблемамі. Прадпрыемства мае не больш за 50% загрузкі. Адразу паўсталі пытанні з рабочымі, з заробкамі, з фінансавым станам. Бізнесам павінен займацца той, хто разбіраецца ў гэтым».

 

А як робяць нармальныя гаспадарнікі? Яны спачатку думаюць пра тое, які тавар і каму можна прапанаваць. А ўжо потым пачынаюць яго вырабляць. Напрыклад, бачаць яны, што Беларусь мадэрнізуе свае чыгуначныя шляхі, будуе атамную станцыю і электрыфікуе рэйкі ад Мінску да Гомеля. Значыць, што? Значыць, ім спатрэбяцца цягнікі. І, — вось яно, — у Беларусі паўстае швейцарскі «Штадлер» па вытворчасці тых самых цягнікоў.

 

Праўда, у Беларускай чыгункі і Мінскага метрапалітэну не так багата грошай, каб масава набываць гэтыя цягнікі. Але гэта ўжо іншыя праблемы.

 

А мы ўсё чакаем заканчэння крызісу ды спадзяемся на тое, што спраўдзяцца бюракратычна-фантастычныя прагнозы. А яны, сабакі, ніяк не хочуць спраўджвацца. Скажам, на ўвесь гэты год інфляцыя запланавана ў памеры 12%. Але ўжо за першы квартал яна склала 5,7% — амаль палову гадавога прагнозу. Мы сціпла запрагназавалі «грэчаскі ВУП» — рост у 0,3%. А ён, гэты ВУП, толькі за першы квартал абрынуўся на 3,6%. Ну што яму перашкаджала адпавядаць паказчыкам?

 

Вось Белстат рапартуе, што намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў сінявокай у сакавіку 2016 года вырасла на 478 тысяч — да 7 094 521 рубля, а рабочых і служачых — на 483,7 тысяч да 7 136 393 рублёў. Канешне, гэтыя лічбы выклікалі злыя кпіны ў інтэрнэце. Асабліва ў людзей з рэгіёнаў, якія пішуць, што знайсці працу за чатыры мільёны ў месяц — гэта ўжо шчасце. А ў асноўным заробак — тры мільёны і менш.

 

Адначасова той жа самы Белстат піша: "Рэальная заработная плата работнікаў у сакавіку знізілася на 3,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года... Сярэднямесячная рэальная зарплата ў 1 квартале 2016 года знізілася на 3,4%».

 

Дык я не зразумеў, хто прысабечыў «намінальную налічаную» зарплату ды так, што «з’елася» не толькі павышэнне на паўмільённы рублёў, але і яшчэ больш? Што, зноў ЖКГ вінаватае?

 

Вось яшчэ адно дзіва. Сярэдні памер пенсій па ўзросту ў сакавіку 2016 года склаў 2 мільёны 906,8 тысячы рублёў (каля 130 даляраў ЗША), паведаміў той жа Белстат, і пахваліўся, што гэта больш лютаўскага паказчыка аж на 0,1%. Але пры тым жа сярэдні памер прызначаных пенсіянерам пенсій склаў 2 мільёны 820,1 тысячы рублёў. Хто і дзе «заныкаў» пенсіянерскіх 85 тысяч?

 

Як кажуць, без стакана тут не разбярэшся. І беларусы спрабуюць разабрацца. Даволі працяглы перыяд продажы гарэлкі ў Беларусі падалі: у 2015 годзе яны знізілася на 10,6% у параўнанні з 2014 годам. А ў першым квартале 2016 года рэалізацыя гарэлкі ў Беларусі вырасла на 1,1%.

 

За першы квартал гэтага года прададзена 2 мільёны 138,9 тысячы дэкалітраў гарэлкі, яе доля ў агульным аб’ёме продажаў алкаголю склала 50,1% (у першым квартале 2015 г. — 47%). Прычым, спажыванне астатняга алкаголю стабільна падае. Лікёра-гарэлачных вырабаў рэалізавана на 8,6% менш, вінаградных він — менш на 3,5%, пладовых він — зніжэнне на 23,9%. Каньяку прададзена на 12,7% менш, слабаалкагольных напояў — на 11,6% менш. І толькі Новы год выратаваў пеністыя віны, уключаючы шампанскае, якога было прададзена на 1,5% больш.

 

Гэта трывожная тэндэнцыя для Аляксандра Рыгоравіча, які казаў у пасланні народу і парламенту: «Перастанем піць — другая бяда будзе». Цікава, якая?

Каментаваць