Дэнамінацыя як сімвал непрыемнасцяў

Ад моманту свайго абвяшчэння дэнамінацыя была сведчаннем таго, што ўлады ўзялі курс на правядзенне жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Беларусы адчуюць — калі яшчэ не адчулі — яе наступствы ў выглядзе тысячы розных непрыемнасцяў.



Усё пачалося з замарозкі заробкаў яшчэ ў мінулым годзе, а скончыцца можа хранічным беспрацоўем ужо ў бліжэйшай будучыні.

 

«Унікальная» мадэль

 

«Унікальная» беларуская мадэль эканомікі сапраўды шмат у чым адрознівалася ад аналагаў. Бадай, галоўнае з такіх адрозненняў — наяўнасць практыкі дырэктыўнага крэдытавання. У большасці выпадкаў такое крэдытаванне здзяйснялася падкантрольнымі дзяржаве банкамі ў межах так званых «дзяржпраграм», якіх толькі ў 2015 годзе ажыццяўлялася больш за 70.

 

Даволі распаўсюджаным былі выпадкі, калі за кошт выдадзеных крэдытаў прадпрыемствы фінансавалі сваю мадэрнізацыю. За валюту набывалася новае абсталяванне, але пазыкі ў поўным аб’ёме не вярталіся, бо прадукцыя па розных прычынах не знаходзіла рынкаў збыту. Альбо мадэрнізацыя была праведзеная «ад балды». Напрыклад, Ляхавіцкі льнозавод купіў абсталяванне, якое не змяшчалася ў цэх: не хапала ні даўжыні, ні вышыні будынка. Чаму было прынятае такое рашэнне? Хто быў у ім матэрыяльна зацікаўлены? Гэта высвятлялі, ды так і не высветлілі кампетэнтныя структуры.

 

Няўмелае расходаванне грошай пагаршала плацежны баланс краіны. То бок, уцякала з краіны больш валюты, чым у яе трапляла. Адсюль з’явілася патрэба альбо пазычаць розніцу, каб падтрымліваць гульню ў мадэрнізацыю і эканамічны рост. Альбо трэба было ціснуць на тормаз.

 

Улюбёным інструментам згладжвання дысбалансаў для ўлады да апошняга часу была дэвальвацыя беларускага рубля. У выніку курс долара ў Беларусі з пачатку 2010 года вырас амаль у сем разоў. У сваю чаргу дэвальвацыя прыводзіла да росту коштаў і, па-сутнасці, з’яўлення новых нулёў на цэнніках у крамах.

 

Эпоха «фінансавай дыеты»

 

У мінулым годзе ўлады нешта «зразумелі». Магчыма, тое, што пры бягучым стане спраў у дзяржапараце, канцэрнах, на падкантрольных прадпрыемствах, пры маральных якасцях сярэдняга кіраўніка, мадэрнізацыя папросту сілкуе карупцыю і спрыяе міжведамаснай інтэграцыі карупцыянераў.

 

Як мінімум, усім было відавочна, што з-за падзення коштаў на нафту і заходніх санкцый расійская эканоміка апусцілася ў рэцэсію. Асноўны гандлёвы партнёр значна скараціў попыт на нашу прадукцыю. То бок, нават калі мы правядзем поўную мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў, то не факт, што іх прадукцыю будуць «раскупляць як гарачыя піражкі» нашы суседзі. Акрамя таго, з-за крызісу Расія не будзе налева і направа раскідвацца грашыма: верагоднасць атрымаць чарговы шчодры расійскі крэдыт у абмен на пацалункі знізілася.

 

Усё гэта падштурхнула ўлады да прыпынення практыкі дырэктыўнага крэдытавання. Пачалася новая эпоха. Эпоха «фінансавай дыеты».

 

Лепш не будзе

 

Цяпер дзяржава не будзе раскідвацца крэдытамі на падтрымку прадпрыемстваў і абяцаннямі пра павышэнне заробкаў.

 

Так, па розных дзяржаўных праграмах на 2016 год усталяваны ліміт крэдытавання ў памеры 28 трыльёнаў рублёў. Гэта ў паўтара разы менш, чым было ў 2015 годзе.

 

«Неабходна разумець, што дапамога прадпрыемствам не можа аказвацца бясконца. У пэўны момант суб’екты гаспадарання павінны пачаць працаваць самастойна — без дадатковых уліванняў і льгот, плаціць падаткі і дывідэнды, забяспечваць занятасць і развіваць бізнес», — заявіў нядаўна ў інтэрв’ю часопісу «Фінансы, улік, аўдыт» першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.

 

Для шмат якіх падкантрольных дзяржаве прадпрыемстваў скарачэнне дзяржаўнай падтрымкі фактычна азначае смерць, што ў сваю чаргу прывядзе да росту беспрацоўя. Тыя арганізацыі, што застануцца на плыву, будуць вымушаныя падразаць заробкі, скарачаць персанал, выдаткі. Гэта непазбежнае адаб’ецца на іх контрагентах (пастаўшчыках камплектуючых, паслуг і г.д.) у прыватным сектары. Зрэшты, усё гэта ўжо адбываецца: ланцуговая рэакцыя скарачэння выдаткаў і сціскання эканамічнай актыўнасці стартавала яшчэ ў мінулым годзе.

 

Ад жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі непазбежна пацерпяць і бюджэтнікі. Той жа Максім Ермаловіч заявіў, што ў беларускім бюджэце фактычна няма сродкаў на падвышэнне заробкаў, пенсій, стыпендый.

 

«Свае жаданні трэба сувымяраць з наяўнымі магчымасцямі. На жаль, у Беларусі для нарошчвання сацыяльных абавязацельстваў рэзервы практычна вычарпаныя. Прыступаць у бліжэйшы час да рэалізацыі новых амбіцыйных задач наўрад ці мае сэнс, бо яны не падмацаваныя рэальным фінансаваннем. Сярод іншага, абмежаванні закрануць тэмпы павышэння заробкаў, а таксама павелічэння пенсій, дапамог, стыпендый. Істотна нарошчваць такія выдаткі праблематычна», — распавёў намеснік міністра фінансаў.

 

Пра зацягванне паясоў неаднаразова казаў таксама памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях, папулярызатар мема «фінансавая дыета» Кірыл Руды.

 

«Мы можам напоўніць эканоміку грашыма, атрымаць кароткатэрміновы эфект, але неабходна думаць пра доўгатэрміновую перспектыву. Калі не будзем думаць пра будучыню, сутыкнемся з дэфіцытам гандлёвага балансу», — казаў ён у час прэзентацыі англамоўнага выдання сваёй кнігі «Фінансавая дыета».

 

Выказванні чыноўнікаў вышэйшага рангу сведчаць пра тое, што яны фактычна адмовіліся ад старой мадэлі, якая грунтавалася на дырэктыўным крэдытаванні. Тлумачэнне гэтай адмовы нібыта высакароднае: каб больш не праводзіць дэвальвацыю беларускага рубля і не прадукаваць нулі на цэнніках ды банкнотах. У любым выпадку, абвяшчэнне дэнамінацыі першым засведчыла, што ранейшая эканамічная мадэль памерла.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-06-17 13:53:10
Дэнамінацыя - не самае галоўнае сведчанне таго, што "ўлады ўзялі курс на правядзенне жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі", але яна і не чыста тэхнічны акт, безумоўна. Пра тое, што было пасля дэнамінацыі 1961 г. у СССР: belisrael.info/?p=6729

Каментаваць