Дэнамінацыя: трэці заход

Хутка мы прачнёмся з новымі грашыма. Гэтым разам з купюр не проста прыбяруць нулі. Мы ўбачым прынцыпова новыя банкноты ды яшчэ і манеты. У найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі металічных грошай яшчэ не было.



Больш сталае пакаленне яшчэ памятае савецкія манеты, а хтосьці можа і настальгуе па запалках за 1 капейку. А моладзь трымала ў руках іншыя металічныя грошы: злотыя, літы, расійскія рублі, еўра. Дарэчы, новыя беларускія грошы чымсьці падобныя на еўра.

З моманту атрымання незалежнасці мы будзем сведкамі ўжо трэцяй дэнамінацыі беларускага рубля. За амаль 25 гадоў мы развіталіся з васьмю нулямі. То бок наша грашовая адзінка абясцэнілася ў сто мільёнаў разоў.

Прапаную ўзгадаць, як гэта было.

Першыя самастойныя грошы сучаснай Беларусі з’явіліся 25 мая 1992 года — гэта былі купюры ў 50 капеек, 1, 3, 5, 10, 25, 50 і 100 рублёў, на якіх адлюстравалі розных жывёл ад вавёркі да зубра.

Афіцыйна адзін беларускі рубель быў роўны 10 савецкім рублям. Але пакуль купюры рыхтавалі да ўводу ў абарачэнне, інфляцыя вырасла, так што ўлады вырашылі завысіць пакупніцкую здольнасць «зайчыкаў» у дзесяць разоў па прынцыпе «адзін пішам, нуль у розуме». Банкнота ў 1 рубель на самай справе каштавала 10 рублёў, а купюра ў 100 рублёў лічылася за тысячу. Для дробных наміналаў у 1, 3 і 5 рублёў выкарыстоўваліся савецкія грашовыя знакі. Гэта значыць, пяць савецкіх рублёў можна было абмяняць на 50 новых беларускіх капеек, аднак гэтыя ж 50 капеек лічыліся як 5 новых рублёў — і гэтак жа ў якасці пяці новых рублёў можна было выкарыстаць усё тую ж старую савецкую купюру ў 5 рублёў. А вы думалі, што гэта зараз можна будзе заблытацца?

Аднак і гэта былі не ўсе складанасці. Яшчэ ў студзені 1992-га прыдумалі купоны. Іх выпускалі на лістах памерам са сшытак. Гэтыя лісты ўтрымлівалі купоны на суму ў 20, 50, 75, 100, 200 і 300 рублёў. Купоны выкарыстоўвалі для таго, каб замежнікі з былых саюзных рэспублік не маглі скупіць за былыя ж савецкія рублі ўсе тавары ў крамах Беларусі. Так што прадаўцы выразалі з купонных лістоў квадрацікі на суму пакупкі. Колькасць рублёвых купонаў, якiя выдаваліся грамадзяніну, была меншай, чым колькасць рублёў заробку. Без купонаў людзі маглі набыць тавары па камерцыйных коштах.

Нарэшце, 20 жніўня 1994 года прайшла першая ў гісторыі незалежнай Беларусі дэнамінацыя. З купюр прыбралі неіснуючыя нулі. То бок, калі на купюры было напісана 1 рубель, гэта і быў 1 рубель, а не 10 рублёў. Дарэчы, яшчэ ў снежні 1992-га спатрэбіліся банкноты большай вартасці, і таму выпусцілі паперкі ў 200 і 500 рублёў. Але паколькі жывёл больш буйных, чым зубр, у Беларусі не знайшлося, дык надрукавалі краявіды Мінска — Прывакзальную плошчу і плошчу Перамогі.

У лістападзе 1993-га дадрукавалі яшчэ 1000 рублёў (Акадэмія навук), а ў красавіку 1994-га — 5000 рублёў (Траецкае прадмесце). Пасля былі 20 000, 50 000, 100 000. У снежні 1998-га з’явіліся 500 000 рублёў (мінскі Палац культуры прафсаюзаў), у красавіку 1999-га — 1 000 000 рублёў (Нацыянальны мастацкі музей) і, нарэшце, у верасні 1999-га — 5 000 000 рублёў (Палац спорту ў Мінску і спартыўны комплекс Раўбічы). На пяць мільёнаў можна было набыць тады каля 18 долараў.

1 студзеня 2000 года ў Беларусі адбылася другая дэнамінацыя. З банкнот прыбралі тры нулі. Найменшая купюра, якая дайшла да нашых дзён, гэта 100 рублёў (былыя 100 000). Старым банкнотам змянілі каляровае афармленне, заадно выпусцілі новыя наміналам у 10 рублёў, на якой адлюстравалі будынак тагачаснай Нацыянальнай бібліятэкі.

Ужо ў красавіку 2001 года выпусцілі купюру ў 10 000 рублёў (малюнак Віцебска), а ў канцы студзеня 2002-га — 20 000 (Гомель). Як бачна, дэнамінацыя не моцна дапамагла беларускай грашовай адзінцы. Асабліва калі ўзгадаць, што ў снежні таго ж года выйшла купюра ў 50 000 рублёў (Мірскі замак). Дарэчы, у мікратэксце дапусцілі памылку: замест «Мiрскi замак» напісалі «Мирскi замак».

Яшчэ праз два з паловай гады, у сярэдзіне ліпеня 2005-га, з’явіліся 100 000 рублёў (Нясвіжскі палац). А 12 сакавіка 2012-га — 200 000 рублёў (Магілёўскі абласны мастацкі музей). Цікава, што на гэтай купюры няма абавязковага для ўсіх ранейшых банкнот надпісу «Падробка пераследуецца па законе».

Падчас абмеркавання самастойнай беларускай валюты ў пачатку 1990-х было прапанавана нямала розных варыянтаў. Кажуць, што новыя грошы нават ужо былі надрукаваныя.

Па словах экс-прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра, уводу паўнавартаснай беларускай валюты ў абарачэнне перашкодзіла палітыка. У 1994 годзе да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, а ў 1995-м ён правёў рэферэндум, на якім, у тым ліку, была змененая дзяржаўная сімволіка. «А грошы былі са старой сімволікай — бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». І, зразумела, гэтыя грошы ў абарачэнне не пайшлі», — кажа былы прэм’ер Беларусі.

Такім чынам праз 24 гады і восем нулёў мы нарэшце будзем бразгаць манетамі ў гаманцах. Пытанне, ці доўга... Некаторыя эксперты прагназуюць, што ўжо праз год беларускія манеты знікнуць з абарачэння з-за інфляцыі.


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-06-29 09:43:54
"У найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі металічных грошай яшчэ не было." Cтрога кажучы, былі: Нацбанк з 1990-х выпускае металічныя манеты, асабліва з каштоўных металаў (да юбілеяў знакамітых асоб і г. д.). Іншая рэч, што ў шырокі абарот яны не трапляюць, асядаюць у калекцыянераў.
  • Андрэй
  • 2016-06-29 18:57:04
Тут жа напісана пра грошы, а не пра манеты. Грошы - гэта працёжны сродак. Памятныя манеты фактычна не ёсць плацёжным сродкам, хаця Нацбанк усклаў на іх і гэтыя функцыі.
  • ВР
  • 2016-06-30 01:43:53
Дык я пра тое і кажу, што юбілейныя манеты РБ фармальна таксама грошы.

Каментаваць