Дэнамінаваліся. Што далей?

Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год, зацверджаны ў снежні 2015 года, прадугледжвае рост ВУП на 0,3%. Аналітыкі расійскага «Сбербанка» прагназуюць, што па выніках 2016 года ВУП Беларусі знізіцца на 1,5%.



Мы неаднаразова пісалі, што беларуская дэнамінацыя стане раем для нумізматаў. Але і не падазравалі, што настолькі. Як вядома, у калекцыянераў вельмі цэняцца купюры і манеты «з брачком». Менавіта бракаваныя грошы і выкінула насельніцтву нашае казначэйства.



Пачалося ўсё з новай купюры ў 50 рублёў. Згодна з новымі арфаграфічнымі правіламі, трэба пісаць «пяцьдзЯсят рублёў» — з-за гэтага дадрукоўваліся нават «старыя» пяцідзясяткі. Але на новай купюры, якая аддрукаваная ў 2009-м, надпіс па старых правілах — «пяцьдзЕсят». Як паведаміў Нацбанк, «непісьменныя» грошы будуць паступова вымацца са звароту, але толькі ў працэсе іх «старэння». Так што першая калекцыйная фішка ўжо ёсць.

Другую фішку заўважылі пільныя аматары манет. На двухрублёўках трапляецца «няправільны» надпіс «Беларусь» на рабрыне. Калі манету пакласці аверсам (гербам) уверх, на нейкіх манетах надпіс на рабрыне чытаецца нармалёва. На іншых — перакулены дагары нагамі.




Аднак у інфармацыйных матэрыялах Нацбанку не кажацца, якім бокам павінен стаяць надпіс «Беларусь». Сказана толькі, што на гурце (гурт — афіцыйнае пазначэнне рабрыны манеты) павінен быць паўтараючыся надпіс «Беларусь». І ўсё. З’яўляецца «перакуленасць» памылкай альбо адметнай асаблівасцю беларускіх двухрублёвак, невядома. Аднак некаторыя заўзятыя каментатары ўжо ўдарыліся ў паніку, і мяркуюць, што без дадатковых тлумачэнняў Нацбанку гэтыя «асаблівыя» манеты ёсць падстава лічыць фальшыўкай.

А аднаму мінчуку пашанцавала вельмі-вельмі. У яго на гурце двухрублёўкі надпіс не «Беларусь», а «Ббларусь». Праўда, пасля дэталёвага вывучэння, выявілася, што гэта скол такім чынам змяніў літару Е, і ўладальнік манеты зняў яе з аўкцыёну.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Безумоўна, галоўнай сенсацыяй мінулага тыдня і падзеяй, што найбольш абмяркоўвалася, у краіне сталі новыя грошы. Шмат хто пабачыў іх толькі ў панядзелак, 4 ліпеня. 

Заўважылі грамадзяне і тое, што некаторыя купюры няроўна абрэзаныя, некаторыя — з падцёкамі, некаторыя манеты ўжо з дэфектамі. У сувязі з гэтым узнікае пытанне найперш да ўмоваў захавання гэтых грошай на складах Нацбанку. Няўжо там сапраўды дах цячэ і пацукі бегаюць?

«Узоры банкнот на прадстаўленых фотаздымках не з’яўляюцца бракаванымі. Банкноты вырабляюцца вялікімі накладамі на паліграфічным абсталяванні з улікам тэхналагічных допускаў, якія не ўплываюць на спажывецкія ўласцівасці, звязаныя з выкарыстаннем банкнот у звароце, іх апрацоўкай, у тым ліку тэхнічнымі сродкамі прыёму, пераліку і сартавання. Названыя банкноты могуць знаходзіцца ў наяўным звароце без абмежаванняў», — адказалі на ўсе прэтэнзіі ў Нацбанку.

Тое ж самае банкіры кажуць і з нагоды іржавых манет. Грошы былі вырабленыя ў 2008 годзе, метал, зразумела, акісляецца. На спажывецкія якасці манет гэта не ўплывае, таму іржавыя манеты будуць выводзіцца з абарачэння і замяняцца таксама па неабходнасці.

Чаго можна яшчэ чакаць ад новых грошай? З уласнага досведу — гэта рэкорднага продажу насельніцтвам валюты ў ліпені гэтага года. У спадзевах як мага раней пабачыць новыя разліковыя білеты, грамадзяне кінуліся мяняць свае валютныя «заначкі» — асабліва ў першыя дні дэнамінацыі. У абменніках — тых, якія працавалі гэтымі днямі, — з’явіліся чэргі. А ў некаторых такіх пунктах нават з’явіліся даўно забытыя шыльды: «Беларускіх грошай няма!».

Сапраўды, нехта мяняў грошы толькі таму, што «дзецям цікава пабачыць манеты». З аднаго боку, падтрымалі дзяржаву валютай. А з іншага — гэта азначае, што беларусам хранічна не хапае ў жыцці нечага новага, новых эмоцый, новых уражанняў. І гэта, як ні круці, прыкмета не стабільнасці, а застою.

Пакуль грамадзяне вучацца лічыць новыя грошы, прыглядаюцца да іх выгляду і паху, дзяржава таксама не спіць у шапку. Праўда, чыноўнікі памятаюць пра заяву Аляксандра Рыгоравіча «паадрываць галовы» тым, хто будзе падвышаць кошты ў сувязі з дэнамінацыяй. Таму Мінгарвыканкам знайшоў новы параўнальна сумленны спосаб ад’ёму лішніх грошай у насельніцтва.

Мінгарвыканкам проста паменшыў нарматывы спажывання цяпла ў дамах без прыбораў групавога ўліку расходу цяпла. Нарматывы фактычнага спажывання цеплавой энергіі на ацяпленне 1 кв.м жылля на красавік 2016 года зменшыліся да 0,0092 Гкал/кв.м (было 0,0152 Гкал/кв.м), а на падагрэў 1 куб.м вады, наадварот, крыху павялічаны — да 0,0754 Гкал/куб.м (было 0,0749 Гкал/куб.м). Ці звязана гэта з тым, што зараз лета, і ацяпленне ўвогуле адключанае — невядома. Як невядома і тое, ці ўзрастуць гэтыя нарматывы ўвосень, калі пачнецца ацяпляльны сезон. Але так ці інакш, за «лішні» падагрэў давядзецца заплаціць больш.

Засмуціў нас і Белстат, які пералічыў і ўдакладніў ВУП краіны за першы квартал гэтага года. Паводле новых разлікаў, гэты ВУП знізіўся на 3,7% — супраць 3,6% у першай ацэнцы.

Дададзім, што афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год, зацверджаны ў снежні 2015 года, прадугледжвае рост ВУП на 0,3%. Аналітыкі расійскага «Сбербанка» прагназуюць, што па выніках 2016 года ВУП Беларусі знізіцца на 1,5%. Пакуль што мы ідзем да эканамічнага крызісу сямімільнымі крокамі, апераджаючы нават самыя горшыя прагнозы больш чым у два разы.

І яшчэ адна цікавостка — новыя грошы з’явіліся не толькі ў нас. Еўрапейскі цэнтральны банк прадставіў новую банкноту наміналам 50 еўра, якая ўвойдзе ў абарачэнне з 4 красавіка 2017 года.

Новая банкнота ўключае ў сябе акно-партрэт — інавацыйную тэхналогію абароны. Калі паднесці купюру да святла, праз празрыстае вакно бачная галаграма-партрэт Еўропы — персанажа грэчаскай міфалогіі. Той жа партрэт з’яўляецца ў вадзяным знаку. Гэтыя функцыі бяспекі дазваляюць лёгка праверыць новыя 50 еўра на сапраўднасць.

Беларускія грошы падобныя на еўра. Але да такіх навацый яшчэ не даспелі.


Каментаваць