Дэвальвацыя будзе. Пытанне — калі?

Нацбанк заўсёды на вышыні. Калі ў ім кажуць пра адсутнасць умоў для дэвальвацыі нацыянальнай валюты, усе ўпэўненыя — яна будзе. Але гэтым разам нам сказалі, што яна ўсё ж абмяркоўваецца — як «спакойная і стрыманая».



Пытанне толькі ў тэрмінах яе правядзення. Пакуль што ў Нацбанку кажуць — не бліжэйшым часам. Людзям яшчэ дадуць адпачыць спакойна.

«Макраэканамічных перадумоў да паслаблення беларускага рубля няма. Як будзе развівацца сітуацыя да канца года, паглядзім, але пакуль перадумоў для дэвальвацыі, рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля няма», — заявіў першы намеснік старшыні Нацбанка Тарас Надольны.

 

І працягнуў: «У далейшым, калі сітуацыя на валютным рынку будзе спрыяць моцнаму паслабленню рубля, то Нацыянальны банк будзе спакойна і стрымана каардынаваць гэты працэс для згладжвання рэзкіх ваганняў».

 

То бок, Нацбанк паспрабуе правесці «плаўную дэвальвацыю». Інакш — нельга. Інакш не прадаецца на экспарт наша прадукцыя, кошты на якую сталі вышэй за сусветную. Але момант для дэвальвацыі яшчэ проста не наступіў.

 

Словы банкіра Надольнага эксперты перакладаюць так: «Пакуль нам трэба яшчэ атрымаць шосты транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС і пачаць перамоўны працэс з МВФ. У залежнасці ад таго, чый крэдыт будзе атрыманы для рэфінансавання знешніх даўгоў і ўліванняў у павышэнне заробкаў, будзе залежаць і дэвальвацыйны працэнт у пачатку наступнага года, прычым не абавязкова аднамомантны. Чакайце зніжэння курсу рубля напачатку 2014 года».

 

У адзін голас з Надольным у сераду выступіла і старшыня нацбанка Надзея Ермакова. «Перадумоў для дэвальвацыі, такой, якая ў нас была ў 2011 годзе, няма», — сказала Ермакова. Але гэта не значыць, што не будзе іншай дэвальвацыі — спакойнай і плаўнай.

 

Пры гэтым Ермакова заявіла, што ў 2014 годзе можна будзе весці размову аб дэнамінацыі. Магчыма, чарговае скасаванне трох нулёў на беларускіх купюрах і супадзе з дэнамінацыяй. Пакуль людзі будуць разбірацца ў новых грошах і імкнуцца памяняць старыя купюры на новыя, — самы час «плаўненька» знізіць курс рубля. І ніхто нічога не заўважыць.

 

Так што падрыхтоўка грамадскай думкі да дэвальвацыі пачалася. Ды яна і не заканчвалася: беларусы добра навучаныя ў 2009 і 2011 гадах.

 

Да таго ж «свінню» Нацбанку падклала і Мінэканомразвіцця Расіі. Згодна з ягонымі планамі па павышэнні вытворчасці, у Расіі таксама плануецца правядзенне дэнамінацыі. Там таксама не вызначана, калі і наколькі знізіць рубель. Але, як вядома, куды Расія, туды і мы.

 

Пакуль што Нацбанк заняўся стрымліваннем росту грашовай масы. Як паведамляе Белстат, рэальны памер прызначаных пенсій (разлічаных з улікам змянення індэкса спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у траўні 2013 года ў параўнанні з красавіком 2013 паменшыўся на 0,5%.

 

Паводле звестак Белстата, у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароны ў траўні 2013 года на ўліку стаяла 2 523,4 тысячы пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 1 898 тысяч рублёў.

 

Сярэдні памер пенсій па ўзросце склаў 1 970 тысяч рублёў, па інваліднасці — 1 737,3 тысячы рублёў, з нагоды страты карміцеля — 1 250 тысяч рублёў, сацыяльных пенсій — 897,8 тысячы рублёў.

 

Грошай няма, каб плаціць пенсіянерам. Экспарт зніжаецца, праблемы растуць. Але беларускі ўрад прымае ўсё новыя і новыя захады па адыманні параўнаўча сумленным спосабам грошай у насельніцтва. Гэтым разам у «багаценькіх» аўтааматараў.

 

Тое, пра што так шмат размаўлялі і пра што спрачаліся, адбылося. Ніжняя палата беларускага парламента прыняла адразу ў двух чытаннях праект закона аб узмацненні мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення. Законапраект прадугледжвае канфіскацыю аўтамабіля за паўторнае на працягу года кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым канфіскацыя будзе распаўсюджвацца тым ліку на аўтамабіль, які не належыць самому п’янаму кіроўцу — за выключэннем выпадкаў угону.

 

Акрамя таго, будуць павялічаны штрафы за язду ў нецвярозым стане з 15–35 базавых велічынь да 50–100.

 

Тэрмін пазбаўлення волі за ДТЗ у стане ап’янення, у якім прычынена цяжкае цялеснае пашкоджанне ці загінуў чалавек, складзе ад 6 месяцаў да 7 гадоў. За гібель двух і больш чалавек у ДТЗ па віне нецвярозага кіроўцы будзе прадугледжваць ад 4 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў пакаранняў за такія злачынствы ў кодэкс не ўводзіцца.

 

П’яным за руль зараз садзіцца вельмі небяспечна. Пяць мільёнаў рублёў мінімальнага штрафу — гэта сур’ёзна. Цікава толькі, наколькі зараз вырасце «такса» на хабар у «даішнікаў»?

 

Пакуль што папраўкі не ўступілі ў сілу. Яны павінны быць разгледжаны верхняй палатай парламента, затым паступяць на подпіс Лукашэнку. Але гэта — фармальнасці. Лукашэнка іх падпіша, гэта вядома. А таму і з верхняй палатай праблемаў не будзе.

 

Тым часам той жа родны Белстат падлічыў вынікі першага этапу сёлетняй барацьбы за ўраджай — пасяўной. Калі па выніках 1-га квартала 2013 года са стратамі спрацавалі 784 прадпрыемствы (51,3% ад агульнай колькасці сельгасарганізацый), то па выніках студзеня-красавіка іх было ўжо 813 (53,4%). Для параўнання, у студзені-красавіку 2012 года стратнымі былі 468 (30,7% ад агульнай колькасці) сельгаспрадпрыемства.

 

Але, як паведамляе Белстат, у такіх лічбах не ўлічваецца дзяржпадтрымка калгасам. Калі ж улічыць дзяржпадтрымку, то лічбы лепшыя. Стратнымі па выніках 4-х месяцаў працы было 41 сельгаспрадпрыемства (2,7% ад агульнай колькасці) супраць 21 (1,4%) за аналагічны перыяд 2012 года. Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, сума чыстай страты сельгаспрадпрыемства павялічылася ў 3,3 разы ў параўнанні са студзенем-красавіком 2012 года і дасягнула 687,2 мільярда рублёў.

 

Вось што азначае «закапаць грошы ў зямлю». Лічы, што больш паловы сельгаспрадпрыемстваў пры пераводзе іх на нармальныя рынкавыя рэйкі проста не выжывуць. Няма будзе з кім «Дажынкі» праводзіць.

Каментаваць