Дэвальвацыя: патрэбная ці не?

Яшчэ на сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі вядучых беларускіх СМІ, Аляксандр Лукашэнка хваліўся, што не дапусціў дэвальвацыі — як бы на ёй не настойвалі няўрадавыя эканамісты і эксперты.



Па словах кіраўніка дзяржавы, зрабіў ён гэта больш з палітычных прычынаў: «Каб паказаць, што гэта нікчэмныя фінансісты і эканамісты, якія штурхалі дзяржаву і народ (і людзі мяне да гэтага штурхалі, і прадпрыемствы, і многія члены ўрада, калі не ўсе) да дэвальвацыі нацыянальнай валюты».

У тым жа часе Лукашэнка прызнаў: у 2013 годзе кіраўніцтва краіны «плаўна дэвальвавала рубель» на 10% у адносінах да долара.

Што раяць іншыя

«Палітычны складнік» рашэння прэзідэнта зразумелы — заўсёды ёсць жаданне паказаць, што ты разумнейшы за іншых. Але часам палітычныя рашэнні супярэчаць здароваму сэнсу. А ў эканоміцы такое пярэчанне можа дарагога каштаваць.

Міжнародны валютны фонд абнародаваў свае рэкамендацыі па стабілізацыі эканомікі Беларусі па выніках пятага постпраграмнага маніторынгу беларускай эканомікі, які місія МВФ правяла ў кастрычніку 2013 года. І адной з такіх рэкамендацый з’яўляецца больш рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты.

У прыватнасці, МВФ рэкамендаваў уладам не праводзіць далейшага павышэння заработнай платы ў 2013–2014 гадах, з тым, каб абмежаваць попыт і аднавіць канкурэнтаздольнасць; рэзка скараціць дырэктыўнае крэдытаванне для абмежавання росту крэдыту і ўмоўных абавязацельстваў і памяншэння знешніх дысбалансаў; правесці комплексныя, далёка ідучыя структурныя рэформы ў мэтах павышэння тэмпаў устойлівага эканамічнага росту; істотна скараціць маштабы інтэрвенцый на валютным рынку і зрабіць больш жорсткім грашова-крэдытную палітыку для палягчэння карэкціроўкі абменнага курсу і плацёжнага балансу.

Тое, што ў 2013 годзе беларускія ўлады дэвальвавалі курс рубля ў адносінах да долара на 10 з нечым адсоткаў, на думку МВФ з’яўляецца недастатковым. «Гнуткасць абменнага курсу была абмежаванай… Персанал МВФ у цяперашні час ацэньвае, што курс беларускага рубля, магчыма, завышаны», — гаворыцца ў дакуменце.

Такім чынам, адміністратыўная «завышанасць» курсу беларускага рубля (з-за жадання першай асобы дзяржавы прадэманстраваць, хто больш разумны), грае з прадпрыемствамі злыя жартачкі. Беларуская прадукцыя на знешніх рынках занадта дарагая, што прыводзіць да дысбалансу ў імпарце-экспарце. А значыць, да адтоку валюты з краіны.

Для чаго дэвальваваць?

МВФ адзначае, што ў перыяд пікавага ціску ў чэрвені-ліпені 2013 Нацбанк Беларусі праводзіў значныя інтэрвенцыі на валютных рынках з мэтай падтрымкі нацыянальнай валюты, і раіць «скараціць валютныя інтэрвенцыі да мінімуму».

«Рэзкае скарачэнне інтэрвенцый спрыяла б неабходнаму зніжэнню курсу беларускага рубля, што, у сваю чаргу, прывяло б да памяншэння знешніх дысбалансаў», — гаворыцца ў дакуменце МВФ.

Характэрны той факт, што беларускія ўлады з меркаваннем фонду ў цэлым згодныя, але… Папросту баяцца чарговага абвалу на фінансавым рынку краіны. Як паведамляе МВФ, «афіцыйныя органы прызналі неабходнасць гнуткага абменнага курсу, але выступалі за павольныя тэмпы зніжэння курсу. Улады па-ранейшаму былі глыбока занепакоеныя магчымай рэакцыяй рынку, сцвярджаючы, што чаканні шырокай грамадскасці працягваюць фарміравацца на аснове досведу крызісу 2011 года, і што любыя сур’ёзныя змены абменнага курса могуць выклікаць рэзкае падзенне курсу беларускага рубля», — гаворыцца ў дакуменце МВФ.

Дабро ці шкода?

Такім чынам, і МВФ, і ўрад прызнаюць неабходнасць дэвальвацыі беларускага рубля. І не таму, што ён такі «кепскі», — проста ён насамрэч пераацэнены. То бок, на 1 долар у заходніх краінах можна набыць больш, чым у нас на 9.570 рублёў.

Гэты дысбаланс павінен быць выпраўлены. Тым больш, што сітуацыя з валютнымі запазычанасцямі ў нас ахавая.

Згодна са статыстычнай справаздачай Нацбанка, у Беларусі аб’ём запазычанасці па крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам у замежнай валюце, на 1 студзеня 2014 года склаў $13,611 мільярда, павялічыўшыся на 28,6% за 2013 год. У снежні прырост валютных крэдытаў паскорыўся да 1,9% з 0,8 % у лістападзе.

Праблемная валютная запазычанасць склала $135,5 мільёна, павялічыўшыся ў 2,2 разы за 2013 год. У снежні рост праблемнага валютнага доўгу, праўда, запаволіўся да 4% з 19% у лістападзе.

Адначасова не ўсё добра і з рублёвымі крэдытамі. Аб’ём запазычанасці па крэдытах у нацыянальнай валюце на 1 студзеня 2014 года склаў 75,974 трыльёна рублёў, павялічыўшыся на 6,9% за 2013 год. Праблемныя рублёвыя крэдыты на 1 студзеня склалі 856,2 мільярда рублёў, павялічыўшыся ў 2,8 разы за 2013 год.

Відавочна, што аслабленне нацыянальнай валюты дазволіла б больш лёгка аддаваць рублёвыя крэдыты, пераводзячы сродкі з замежных грошай у нацыянальную валюту. Адначасова з гэтага «пераводу» з’явілася б валюта на тое, каб аддаваць і валютныя крэдыты. Бо зараз, з-за таго самага «дысбалансу» ў экспарце-імпарце, шмат хто проста не ведае, дзе ўзяць тыя ж долары, каб разлічыцца па валютных пазыках.

Палітыка супраць эканомікі?

Відавочна, што «палітычнае рашэнне» аб «нядопуску» чарговай дэвальвацыі ў 2013 годзе згуляе злыя жарты з эканамічнымі паказчыкамі краіны. З-за «палітычнага рашэння» мы шукаем валюту іншым чынам.

Як піша МВФ, у кастрычніку Нацбанк і ўрад узгаднілі план, які прадугледжвае пачатак правядзення частковых рэформаў у шэрагу ключавых абласцей. У прыватнасці, гэты план прадугледжвае, разам з іншымі мерамі, прыватызацыю ў памеры каля 4,5 мільярда долараў ЗША ў 2014 годзе (за кошт продажу неплацежаздольных і малых прадпрыемстваў і рэалізацыі мінарытарных пакетаў акцый).

Але мары на такую «валюту ад прыватызацыі», хутчэй за ўсё, марамі і застануцца, бо «прыватызацыя малых і неплацяжаздольных прадпрыемстваў» мала цікавіць інвестараў. Таму вельмі сумнеўна, што ў 2014 годзе за кошт такой прыватызацыі мы атрымаем 4,5 мільярда долараў.

Да таго ж, ужо які па ліку год мы ўсё плануем паступленні ад прыватызацыі ці ў $2,5 мільярда, ці ў $4,5 мільярда, а грошыкі да нас усё не ідуць і не ідуць. Бо тое, што цікавіць інвестараў, мы не прадаём, а тое, што мы прапануем набыць, не цікавае інвестарам. «Прыватызацыйны пакет» 2014-га года таксама наўрад ці інвестараў зацікавіць.

Кепска тое, што чым далей мы адкладаем дэвальвацыю з «палітычных рашэнняў», тым больш назапашваецца дысбаланс унутранага і знешняга гандлю. Тым складаней прадаць беларускую прадукцыю, бо, напрыклад, трактар вытворчасці 2013 года ніхто не купіць па тым жа кошце, што і трактар 2014-га.

А чым больш назапашваецца дысбаланс, і немагчымасць прадаць прадукцыю, то больш балючымі будуць наступствы немінучай дэвальвацыі.

Каментаваць