Драўляны ровар ад беларускага вытворцы дзвярэй

«Эксклюзіўныя ровары з натуральнага дрэва ад беларускага вытворцы», — так пазіцыянуецца новы прадукт для аматараў экалагічнасці.


Пакуль кампанія BELWOODDOORS, вядомы ў Беларусі вытворца дзвярэй, прапануе дзве мадэлі ровараў з дрэва: больш танныя з бярозы і даражэйшыя — з ясеню.

Ровар з бярозы

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

«Камплектацыя можа быць рознай і вар'юецца ў залежнасці ад пажаданняў заказчыка. Класічны варыянт прадугледжвае мінімальную колькасць абвесу і адсутнасць ручных тармазоў, што істотна зніжае кошт. У якасці бонуса магчымы выраб персанальнай таблічкі пад сядло з надпісам або лагатыпам. Гарантыя на раму 5 гадоў. Гарантыя на камплектуючыя — 1 год», — гаворыцца на сайце вытворцы.


Што ж прапануецца ў мінімальнай камплектацыі драўлянага беларускага ровару? Рама і відэлец з дрэва, з тармазоў толькі задні (барабанны, нажны) і адна хуткасць на трансмісіі. Важыць уся гэта канструкцыя 21 кілаграм.

Што да коштаў, якія «істотна зніжаныя» ў мінімальнай камплектацыі, дык самы танны ровар з бярозы можна набыць за 1890 рублёў — крыху больш за тысячу долараў. Ровар з рамай з ясеню будзе каштаваць ад 2290 рублёў — 1217 долараў. Між тым, звычайны новы “AIST” з падобнымі характарыстыкамі прапануюць ад 185 рублёў. 

Зрэшты, кожны сам вырашае, ці набыць адзін драўляны эксклюзіўны беларускі ровар, ці 12 айчынных жалезных. Ёсць, канешне, і банальны варыянт — выбраць штосьці не беларускае і не эксклюзіўнае ад 600 да 1000 рублёў і стаць звычайным раварыстам.

Фота з сайта belwooddoors.by



Каментаваць