Дзіця як квіток у галечу

У грамадстве ёсць устойлівы стэрэатып: бядняк — гэта або самотны пенсіянер, якому не дапамагаюць дзеці, або гультай-лайдак-алкаголік, які працаваць можа, але не жадае. На самай справе, усё не так. Дык хто яны — бедныя людзі ў Беларусі?

Фота myfin.by


Беднасць у лічбах

Рэальныя грашовыя прыбыткі беларусаў у першым паўгоддзі 2016-га абрынуліся на 7%, пры гэтым, па дадзеных Нацбанка, у бягучым годзе прыкметна змянілася структура саміх прыбыткаў. Асноўнымі крыніцамі грошай сталі зарплата і пенсіі, дапамогі, стыпендыі. А вось прыбыткі ад уласнасці і свайго бізнесу рэзка знізіліся. За паўгода фармальныя прыбыткі насельніцтва выраслі на 4,7%, затое спажывецкія кошты — на 12,4%. Гэта значыць, кошты растуць з прыкметным апярэ­джаннем прыбыткаў.

Ужо былая міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна яшчэ ў чэрвені 2015-га канстатавала: «Амаль 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы». І не таму, што, насуперак думкам той жа Шчоткінай, не жадаюць зарабляць. Проста магчымасці падпрацоўкі вельмі абмежаваныя. За год сітуацыя не змянілася. Але пры гэтым нават з асноўнай працай узнікае ўсё больш праблем. Па тэмпах росту беспрацоўя (+39%) Беларусь выйшла ў лідары СНД.

Прадстаўленае дзяржавай працоўнае месца таксама не вырашае праблемы. Рэальная зарплата бюджэтнікаў у першым паўгоддзі паменшылася на 5,5%. Пры гэтым трэба разумець, што якраз у бюджэтнай сферы працуе вельмі высокі працэнт жанчын, у тым ліку маці-адзіночак. Для Беларусі характэрна «жаночае аблічча» такіх нізкааплатных прафесій, як лекар, фельчар, медсястра, сувязіст (паштальён), бібліятэкар, афіцыянт, настаўнік і шэраг іншых.

Аднак дзе ў нашым грамадстве праходзіць тая мяжа, якая аддзяляе проста людзей з невысокімі прыбыткамі ад беднякоў? Або, як іх завуць больш навукова, — «малазабяспечаных»? Як паказвае статыстыка, толькі 13,6% малазабяспечаных хатніх гаспадарак у Беларусі — гэта самотныя людзі. Сем’і без дзяцей — 18%. А вось сем’і з дзецьмі — ужо 68,4%. Атрымліваецца, што самотныя беларусы, якія могуць выдаткоўваць усе свае прыбыткі выключна на сябе, багацейшыя за пары і сем’і з дзецьмі.

Статыстыка сведчыць, што з’яўленне дзяцей у два разы павялічвае для сям’і рызыку апынуцца за рысай беднаты. Да таго ж сёння кожнае чацвёртае дзіця ў Беларусі выхоўвае маці-адзіночка. Расце колькасць разведзеных сем’яў, у Беларусі яна дасягае 50%, а сярод маладых сем’яў гэтая лічба даходзіць да 70%.

У II квартале 2016-га колькасць сем’яў, якія жывуць за рысай беднасці, склала прыкладна 150 тысяч, або 3,9% ад агульнай колькасці хатніх гаспадарак краіны (5,4% насельніцтва). Гэта сем’і, якія могуць выдаткаваць у месяц суму менш за бюджэт пражытковага мінімуму (175 рублёў 50 капеек) на чалавека. Часцей за ўсё, за рысай беднасці апынаюцца сем’і з дзецьмі да 18 гадоў.


Дзеці і нядоля

Белстат ніяк не «сартуе» беднякоў па катэгорыях. І нават калі 175 рублёў — гэта вельмі маленькая сума, то чалавека, які яе атрымлівае, дзяржава ўжо бедным не лічыць. Аднак на практыцы гэта прыводзіць да таго, што ў грамадстве маецца нямала бедных людзей, якіх такімі дзяржава не прызнае. Сёння большасць з іх — жанчыны, і найперш самотныя жанчыны з дзецьмі, да таго ж тыя, што жывуць у правінцыі.

У рэальным жыцці рост коштаў пры поўнай адсутнасці росту прыбыткаў найбольш балюча адбіваецца менавіта на жанчынах з дзецьмі, паколькі асаблівасць Беларусі — неапраўдана высокі ўзровень коштаў на дзіцячыя адзежу і абутак. А дзяржаўныя асігнаванні на сацыяльную сферу ўвесь час скарачаюцца: бацькам даводзіцца ўсё больш плаціць за дзіцячыя садкі і школы (падручнікі, школьная форма, дзіцячае харчаванне). Сёння платныя практычна ўсе кружкі і секцыі, і нават накарміць дзіця якаснымі прадуктамі ўсё даражэй.

У любым выпадку, нараджэнне дзіцяці стварае сям’і немалыя фінансавыя праблемы. Маці, якая сыходзіць у дэкрэтны адпачынак, атрымлівае толькі 35% свайго квартальнага заробку. Гэта значыць, крыху болей за 100 долараў на месяц, пры сённяшнім узроўні зарплаты. У Беларусі дэкрэтны адпачынак можа доўжыцца тры гады. Але, як сведчыць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, 70% жанчын не выкарыстаюць магчымасць заставацца ў дэкрэце ўвесь гэты час. Таму што нават калі ў сям’і ёсць муж, які працуе, яго прыбыткаў не хапае на ўтрыманне сябе, жонкі і дзіцяці. Толькі калі працуюць абодва, сям’я можа існаваць і не скаціцца ніжэй за парог беднасці.

Адно са сведчанняў гаротнага становішча менавіта сем’яў з дзецьмі — структура адраснай сацыяльнай дапамогі. Па дадзеных Белстата, галоўныя атрымальнікі штомесячнай і аднаразовай сацыяльнай дапамогі (72%) — шматдзетныя і няпоўныя сем’і з непаўналетнімі дзецьмі. Сярод тых, хто атрымлівае ад дзяржавы бясплатныя прадукты харчавання, таксама пераважаюць няпоўныя сем’і — 43,6%. А няпоўная сям’я ў беларускіх рэаліях — гэта амаль заўсёды маці-адзіночка, якая выхоўвае аднаго або некалькі дзяцей.


Пастка беднасці

Важны момант беднасці па-беларуску: у краіне вельмі часта бедныя людзі — не алкаголікі, бамжы, наркаманы і іншыя маргіналы. Ніжэй за рысу беднаты апускаюцца людзі, якія не проста маюць працу, але і выконваюць яе цалкам добрасумленна. Проста эканамічная сістэма ў краіне выбудаваная такім чынам, што добрасумленная праца зусім не гарантуе не тое што багацця, але нават забяспечанага жыцця. Чыннікаў таму шмат: засілле службоўцаў, негатыўнае стаўленне да прадпрымальніцтва, адсутнасць сацыяльных ліфтаў, агульная стратнасць большасці прамысловых прадпрыемстваў (асабліва ў правінцыі) і ўсёй сельскай гаспадаркі.

Другі вельмі важны аспект беларускай беднасці — тэрытарыяльны. Амаль усе раёны Беларусі з’яўляюцца датацыйнымі. А менавіта: з 118 раёнаў рэспублікі 115 атрымліваюць датацыі, з іх у 53 раёнах аб’ём датацый перавышае 50% прыбытковай часткі іх бюджэту. Гэта значыць, за межамі сталіцы і абласных цэнтраў прыбытковых прадпрыемстваў амаль няма.

І гэта адзін з чыннікаў, чаму ў беларускіх умовах жанчына-правінцыялка сярэдняга веку, якая выхоўвае дзяцей, практычна непазбежна трапляе ў «пастку беднасці». Там, дзе яна жыве, яна можа разлічваць толькі на нізкі прыбытак, звычайна на мяжы пражытковага мінімуму (а тое і ніжэй). Каб падвысіць свой прыбытак, ёй трэба альбо падняць сваю кваліфікацыю (або змяніць яе) праз дадатковае навучанне, альбо пераехаць у іншы рэгіён. А часцей за ўсё — зрабіць і тое, і іншае.

Але ў нас гэта звычайна аказваецца немагчыма. Пры наяўнасці дзяцей змяніць месца жыхарства — занадта дорага. Напрыклад, у звычайнай вёсцы Гродзенскай вобласці сярэдняя вясковая хата з зямлёй каштуе каля $1500. Гэта значыць, прадаўшы сваю вясковую хату, сям’я зможа здымаць кватэру ў Мінску 3–4 месяцы, у абласным цэнтры — каля паўгода. Зразумела, што рашыцца на такую авантуру мала хто гатовы.

Прайсці навучанне таксама складана. Па-першае, навучальныя курсы, на якіх можна атрымаць запатрабаваную прафесію, засяроджаныя ў сталіцы і буйных гарадах. Гэта значыць, пераезд (хай і часовы) усё роўна неабходны. Па-другое, на навучанне патрэбныя дадатковыя грошы. Пры наяўнасці дзяцей і адзінай працы, без магчымасці дадатковага працаўладкавання (і часу на яго), жанчына не можа вылучыць са свайго бюджэту неабходныя на (пера)навучанне сродкі. А значыць, не можа і падняць свой прыбытак. Замкнёнае кола.

У гэтым плане мужчынам, асабліва без дзяцей, нашмат лягчэй — у іх вышэй і мабільнасць, і прыбыткі.



Каментаваць