Дзе Нобель па эканоміцы?

Усё ж такі Беларусь — краіна цудаў. І вельмі шкада, што Нобелеўскі камітэт знаходзіцца недзе па-за яе межамі. Каб яны пажылі тут і пабачылі, як функцыянуе беларуская эканоміка, якія тут прымаюцца рашэнні, і што гэтыя рашэнні, як ні дзіўна, працуюць — усе «Нобелі» па эканоміцы былі б нашыя на 10 гадоў наперад. А можа, і назад.



Вось, напрыклад, у краіне, як вядома, узнік дэфіцыт свініны. Адпаведна, на яе падскочылі кошты. Што ў гэтым выпадку робіць нармальная краіна? Зоймецца альбо інтэнсіўным вырошчваннем сваіх свінняў, альбо пачне закупляць мяса ў суседзяў.

Але толькі не Беларусь. Як паведаміў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, для таго, каб кампенсаваць дэфіцыт свініны, урад на 10% павысіў кошты на мяса птушкі.

Якое дачыненне мае птушка да свініны? Як павышэнне коштаў на птушку адаб’ецца на з’яўленні ў продажы свініны? Ды ніяк! Проста, паводле Снапкова, «як паказвае жыццё, калі мяса на рынку мала, яго заменнікам выступае кураціна». І аказваецца, «каб насыціць мясцовы рынак, кампенсуючы недахоп свініны, мы і паднялі з 21 мая на 10% цэны на мяса птушкі. Цяпер вытворцам стане выгадна накіроўваць прадукцыю на ўнутраны рынак».

Што яшчэ адметна ў гэтай сітуацыі? А тое, што праз павышэнне коштаў на курыцу ўлада спрабуе вырашыць тую самую праблему, якую яна сама сабе стварыла. Паводле Снапкова, недахоп свініны ў нас з’явіўся з-за афрыканскай чумы свінняў, якая навалілася на Беларусь у мінулым годзе, і ў выніку пагалоўе свіней у сельгасарганізацыях скарацілася на 20%, а ў насельніцтва — амаль на 50%.

Выбачайце, а колькі народу ў мінулым годзе пратэставала супраць гвалтоўнага «выразання» свінняў? Замест таго, каб праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы на свінафермах, міліцыя і прадстаўнікі санстанцыяў палявалі за хрушкамі на сялянскіх падворках, знішчаючы іх без усялякіх аналізаў проста на месцы. Ужо тады ўсе папярэджвалі — рыхтуйцеся да падаражання і дэфіцыту свініны. А калі наступствы нас урэшце напаткалі, Снапкоў разводзіць рукамі: няма свініны, і ўсё. Нібыта яму ніхто нічога пра наступствы не казаў.

І ўвогуле, нешта нам не тое гаворыць Снапкоў. Насамрэч, ніякая АЧС у знікненні свініны не вінаватая, бо, па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, нягледзячы на свіную чуму, у Беларусі ў 2013 годзе вытворчасць свініны не знізілася, а павялічылася на 10,6% і склала 212,5 тысячы тон.

Застаецца пытанне: куды ж яна знікла? Бо гэтае знікненне ўсе бачаць і на свае вочы, і адчуваюць на ўласнай кішэні.

Можна было б закупіць свініну і ў замежжы — такія планы існуюць. Але за якія грошы?

Патэнцыйна, грошы ў нас ёсць. Але зарабіць іх перашкаджаюць палітычныя забабоны. На тыдні Беларусь зноў была ўнесена ў спецпараграф Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) як краіна, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў.

Прайшло ўжо больш за дзесяць гадоў з таго часу, як Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне парушэнняў правоў прафсаюзаў у Беларусі. Гэта стала прычынай выключэння краіны з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза ў чэрвені 2007 года. А выключэнне з сістэмы прэферэнцый у гандлі — страта жывых грошай. Аб’ём эканамічных непрыемнасцяў складае ад 100 да 300 мільёнаў еўра на год.

«Мы заходзім ужо на другое дзесяцігоддзе, і МАП поўная рашучасці прымусіць беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі», — пракаментаваў гэтае рашэнне кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, маючы на ўвазе 12 рэкамендацый, якія дазволяць Мінску вярнуцца ў сістэму прэферэнцый (даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны і інш.). Для гэтага не трэба грашовых затратаў — для гэтага трэба толькі палітычнае рашэнне, прычым толькі адно.

А колькі б мы чэмпіянатаў свету маглі б правесці за 300 мільёнаў еўра на год!

Тым не менш, грошы ў нас ёсць, але не для людзей. Прынамсі, не для ўсіх. Напрыклад, днямі абвешчаны новы тэндэр на закупку элітнага посуду для новай рэзідэнцыі кіраўніка Беларусі.

Заяўка на закуп сталовага посуду для камплектацыі Палаца Незалежнасці размешчана на афіцыйным сайце дзяржзакупак Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн ад імя Упраўлення капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. На посуд для рэзідэнцыі выдаткавана аж 2 мільярды 548 мільёнаў 333 тысячы 575 беларускіх рублёў!

Канешне, і ў Палацы Незалежнасці трэба з нечага есці. Але, насамрэч, было б што есці і былі б грошы на гэтую ежу. А ў беларусаў з гэтым час ад часу ўзнікаюць складанасці.

Як высветліў даследчы цэнтр «HeadHunter-Беларусь», у ходзе апытання 1 130 чалавек, кожны пяты беларус пасля атрымання зарплаты амаль адразу жа пачынае чакаць наступную. 31% лічыць дні да выплаты грошай ужо за 2 тыдні, 39% — за тыдзень.

Толькі 5% апытаных сцвярджаюць, што з імі падобныя сітуацыі не здараюцца, бо яны выразна плануюць свае выдаткі, і толькі 3% нашых суграмадзян наогул не чакаюць зарплаты, бо не адчуваюць праблем з грашыма.

Больш цікава, на што трацяць свой заробак беларусы. І аказваецца, што мы — сумная няшчасная нацыя, задзёўбаная побытавымі праблемамі. Большасць беларусаў трацяць асноўную частку свайго заробку на харчаванне, другі артыкул выдаткаў — гэта аплата жылля, трэці — утрыманне дзяцей. І менш за ўсё выдаткаў прыпадае на забаўкі і шопінг. Пэўна, таму, што за ўсіх нас шопінгам займаюцца тыя, хто можа дазволіць набыць сабе сервіз за два з паловай мільярды рублёў.

Лічыцца, што чым менш у сям’і доля выдаткаў на ежу, тым больш высокая якасць жыцця ў краіне. Але якая можа быць якасць жыцця, калі дэфіцыт свініны кампенсуецца ростам коштаў на курыцу?

Каментаваць