Эйфарыя пераможцаў

Безумоўна, галоўная падзея тыдня — гэта перамога Беларусі ў нафтагазавай вайне. А як яшчэ назваць гэтую падзею? Так, перамаглі. Але нам, на жаль, не да канца расказалі, на якіх умовах.


Нагадаем перадгісторыю. Недзе ўвесну беларускія ўлады абурыліся, што мы плацім за газ зашмат. І, згодна з пагадненнямі па ЕАЭС, мы пачалі плаціць па справядліваму (выключна на наш погляд) тарыфу, а не па кантрактнаму. Зразумела, «Газпром» абурыўся. Перамовы наконт выканання кантракту ні да чаго не прывялі, і Расія зрэзала нам пастаўкі нафты ў трэцім і чацвёртым квартале года. У адказ абурыўся Аляксандр Рыгоравіч і прыгразіў выйсці з ЕАЭС. А Беларусь у аднабаковым (зноў жа) парадку падняла кошты на транзіт расійскіх энерганосьбітаў праз сваю тэрыторыю. Ну, як падняла? Мела намер.

Паламаць сваю любімую цацку Пуцін не дазволіў. Ён памарынаваў Лукашэнку, але ў выніку перамоў да 10 кастрычніка (Беларусь збіралася падвысіць кошт на транзіт з 11-га) бакі прыйшлі да пагаднення. Нашай краіне ўсё ж давядзецца пагасіць запазычанасць перад «Газпромам», — 281 мільён долараў. Але фактычная цана газу для Беларусі ў расійскіх рублях будзе зніжана аж з 1 ліпеня (то бок, заднім чыслом) прыкладна на 30 працэнтаў. І гэтыя грошы (па падліках расійскага «Коммерсанта» — 25 мільярдаў расійскіх рублёў), вернуцца ў Беларусь.

Каб пагасіць пазыку «Газпрому», Расія выдасць яму міжбюджэтную кампенсацыю са свайго ж бюджэту. Прычым, Мінск і Масква дамовіліся пра міжбюджэтныя кампенсацыі аж да 1 ліпеня 2019 года. Расійскі бюджэт за беларускі газ будзе пералічваць «Газпрому» каля 1 мільярда долараў штогод. Улічваючы, што «Газпром» — адзін з асноўных напаўняльнікаў расійскага бюджэту, атрымліваецца, што грошы за беларускі газ ён плаціць сам сабе.

Адзінае, пакуль незразумела, што такое «міжбюджэтная кампенсацыя». Ці павінны мы калі-небудзь потым сплаціць гэтыя грошы Расіі, альбо гэта будзе «беззваротна, то бок дарма»? Калі дарма, то беларусы няблага ўладкаваліся. Грошы за газ «Газпром» плаціць сам сабе, а паліць гэты вуглевадарод Беларусь.

Зразумела, што Расія пасля дасягнення дамоўленасцей узнаўляе пастаўкі нафты ў Беларусь у ранейшых аб’ёмах, а наша краіна ў адказ адмаўляецца ад павышэння тарыфаў на транзіт.

Дэ-факта, Беларусь дамаглася таго, чаго жадала. На гэтым фоне Аляксандр Рыгоравіч паспрабаваў развіць поспех, 10 кастрычніка нагадаўшы і пра дагэтуль не рэалізаваныя, на яго думку, прынцыпы, на якіх павінна грунтавацца Саюзная дзяржава: «Мы нічога лішняга не патрабуем ад Расійскай Федэрацыі. Мы патрабуем, каб нашы суб’екты гаспадарання і нашы людзі былі ў роўных умовах у саюзе Беларусі і Расіі згодна з літарай і духам дамовы пра саюзнае будаўніцтва. (...) Гэта будзе галоўным пытаннем у далейшых маіх перамовах з Пуціным».

Насамрэч, ад такіх заяваў я б перасцярогся. Таму што гэтая зброя страляе ў абодва бакі. Калі «нашы людзі» будуць у «роўных умовах» у РФ, то і іх павінны быць у такіх жа ўмовах тут. А ўлічваючы, што эканомікі двух краін розныя не толькі па памеры і структуры, але і па форме, то як зрабіць роўныя ўмовы?

На эйфарычным расійскім фоне такі ж неспадзяваны энтузіязм дэманструе кіраўнік Нацбанка Павел Калаур. Па яго словах, крэдыт, які можа даць нам Міжнародны валютны фонд, можа быць нават большы за агучаныя раней 3 мільярды долараў. «Акрамя квоты, якая вызначана для Беларусі, аб’ём фінансавання вызначаецца і іншымі фактарамі: станам аплатнага балансу за год і праграмай мерапрыемстваў. Гэтая лічба можа вар’іравацца ад 3 да 3,4 мільярда долараў», — удакладніў Калаур.

Па яго словах, праграма для атрымання крэдыту яшчэ ўдакладняецца, а ў лістападзе да нас прыедуць тэхнічныя місіі Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду.

Праўда, аналагічная місія МВФ з’ехала ад нас літаральна два тыдні таму. І пасля гэтага Лукашэнка заявіў, што, хоць і разумее патрабаванні МВФ, але не дазволіць «рабіць беларускі народ жабракамі». Так што падстаў для аптымізму ў Калаура менш, чым яму б хацелася.

Сапраўды, навошта нам МВФ, каб рабіць народ жабракамі? Пакуль што ўрад выконвае такую задачу і без дапамогі гэтага аўтарытэтнага фонду. Днямі віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Качанава сказала, што ўрад шукае крыніцы для павышэння зарплаты настаўнікам, якая, па яе словах, складае прыкладна 87 працэнтаў ад памеру сярэдняга заробку па краіне.

Крыніцай павышэння заробкаў педагогам, на думку віцэ-прэм’ера, з’яўляецца «эфектыўная работа ўстаноў адукацыі і, дзе гэта неабходна, іх аптымізацыя». Дзеля гэтага яна чакае «яшчэ больш эфектыўных прапаноў ад Міністэрства адукацыі».

«Аптымізацыя» — гэта звыклы бюракратычны сінонім слова «скарачэнне». То бок, каб падвысіць заробак настаўнікам, частку з іх давядзецца звольніць. Гэта пры тым, што педагогаў у беларускіх школах крытычна не хапае, і гэтая тэндэнцыя трымаецца некалькі гадоў запар — асабліва ў дачыненні да настаўнікаў малодшых класаў.

І яшчэ адна цікавая навіна. Ужо з верасня на беларуска-расійскім пункце пропуску «Рэдзькі» — «Чырвонае» («Чырвоная Горка»), размешчаным на трасе Брэст—Масква пад Смаленскам, расійскія памежнікі перасталі пускаць у Расію грамадзян ЕС. Памежная служба ФСБ Расіі матывавала гэта тым, што на мяжы Расіі і Беларусі не існуе міжнародных пунктаў пропуску (МПП) праз якія маглі б уязджаць замежныя грамадзяне.

Памежная служба ФСБ Расіі кажа, што грамадзяне ЕС, якія едуць у Расію цягнікамі, рэйсавымі аўтобусамі, альбо на ўласных аўто нават пры наяўнасці віз павінны патурбавацца аб тым, каб у іх дакументах быў штамп, які пацвярджае легальнае перасячэнне мяжы з Расіяй. Іх уезд праз Беларусь будзе лічыцца парушэннем правілаў, за якое прадугледжаны штраф і выправаджэнне з краіны.

Дэ-факта, гэта азначае стварэнне пунктаў пропуску на беларуска-расійскай мяжы і ўзнаўленне памежнага кантролю. Лукашэнку прыйдзецца ўкапаць назад той памежны слуп, які ён выкапаў з Чарнамырдзіным у 1995-м.



Каментаваць