Экадамы: варыянты для Беларусі

Сёння ва ўсім свеце вельмі распаўсюджана паняцце «зялёнае будаўніцтва» (яно ж «экалагічнае будаўніцтва», «экабудаўніцтва») — узвядзенне і эксплуатацыя будынкаў, уздзеянне якіх на навакольнае асяроддзе мінімальнае.


Мэта такога будаўніцтва — зніжэнне спажывання энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў на працягу ўсяго жыццёвага цыклу будынка: ад выбару ўчастку і праектавання да будаўніцтва, эксплуатацыі, рамонту і зносу. Іншая мэта зялёнага будаўніцтва — захаванне або падвышэнне якасці будынкаў і камфорту іх унутранага асяроддзя.

Хоць тэхналогіі ўзвядзення зялёных будынкаў увесь час удасканальваюцца, асноўнай мэтай дадзенай ідэі застаецца скарачэнне агульнага ўплыву забудовы на навакольнае асяроддзе і чалавечае здароўе.

Блізкі «сваяк» «экабудаўніцтва» — «натуральнае будаўніцтва», сутнасць якога — у выкарыстанні натуральных мясцовых матэрыялаў. Але гэта ўсё ў ідэальным свеце. А як яно выглядае ў Беларусі?

Выстава «Будпрагрэс–2016», якая прайшла нядаўна ў Мінску, пакінула ў мяне супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, на ёй было прадстаўлена нямала «інавацыйнай» прадукцыі з прыстаўкамі «эка» «бія» або «зялёная». З іншага боку, пры бліжэйшым знаёмстве аказвалася, што гэта, у лепшым выпадку, — даўно вядомыя тэхналогіі будаўніцтва, а ў горшым — проста маркетынгавыя выкруты.

Да першых можна аднесці шматлікія фірмы, якія прапануюць на беларускім рынку драўляныя дамы і зрубы па стандартных праектах, а таксама так званыя «каркасныя дамы» і дамы з клеенага бруса.


Да другіх жа адносяцца прадаўцы ўсяго запар — ад ліўневых сцёкаў і водаадводаў да ўбудаваных пыласосаў і сістэм вентыляцыі. Па сутнасці, на выставе толькі адна кампанія прапаноўвала на самай справе на 100% экатэхналогію для прыватнага жылля, яна прадае сонечныя калектары ўласнай распрацоўкі.

Між тым, за апошнія паўстагоддзя ў свеце распрацавана мноства тэхналогій экалагічнага будаўніцтва жылля. Або, правільней казаць, будаўніцтва жылля, якое «прыязна ставіцца» да здароўя чалавека і не шкодзіць навакольнаму асяроддзю.

Не ўсе прывабныя тэхналогіі падыходзяць для Беларусі — найчасцей з-за нашага клімату, альбо таму, што патрабуюць зусім ужо экзатычных будматэрыялаў. Але хапае тэхналогій, якія дазваляюць будаваць экадамы ў беларускіх умовах, упісваючы будаўніцтва жылля ў вельмі сціплы бюджэт.

Дарэчы, пра бюджэт. Сёння на другасным рынку сярэдні кошт квадратнага метра катэджа пад Мінскам складае каля $700. Самыя танныя прапановы — дамы, што знаходзяцца ў 30–50 кіламетрах ад Мінска, там кошт квадратнага метра складае прыкладна $350. Гэта на другасным рынку.


А, напрыклад, кошт будаўніцтва цаглянага катэджа (без інжынерных камунікацый) — каля $150–200 за квадратны метр. Гэта толькі падмурак, сцены і дах. Калі гаворка ідзе пра дом, што выкананы пад ключ, — кошт будзе ўжо каля $400 за метр.

Выкарыстанне мясцовых і танных экаматэрыялаў (гліна, салома, драўняная дранка, палены, трыснёг) дазваляе значна скараціць сабекошт будаўніцтва — пры захаванні тых жа спажывецкіх якасцяў. Да таго ж эканоміць можна і на працоўнай сіле: шмат якія тэхналогія экабудаўніцтва не патрабуюць спецыяльных навыкаў ці прыстасаванняў.

У выніку сабекошт квадратнага метра экадома — ад $50–100 (варыянт «голыя сцены») да $200–300 (з камунікацыямі і аздабленнем).

Самы вядомы і ўжо нядрэнна адпрацаваны на практыцы варыянт — выкарыстанне ў якасці будаўнічага матэрыялу саломы. Сельгаспрадпрыемствы аддадуць яе па вельмі нізкіх коштах. На дом у сярэднім спатрэбіцца каля 10 тон саломы.

Сама ідэя саламяных (саманных) дамоў старая як свет — будаўнічыя блокі з сумесі гліны і саломы навучыліся ляпіць задоўга да Нараджэння Хрыстова. З часам тэхналогія ўдасканальвалася, але сутнасць яе засталася ранейшай.


У Беларусі ідэя дамоў з саломы звязаная з імем навукоўца-эколага Яўгена Шырокава, які пачаў яшчэ ў 90-х гадах будаваць таннае, экалагічнае і аўтаномнае жыллё з саломы, дрэва і гліны. Пры будаўніцтве аднаго з першых такіх дамоў у яго атрымалася ўкласціся ў $25.000. Пры таўшчыні саламяных сцен больш 50 сантыметраў удзельныя выдаткі на ацяпленне ў ім склалі не больш за 40 кВтг/м2 у год (што ў некалькі разоў ніжэй, чым у цагляным доме).

Ёсць дзве асноўныя тэхналогіі будаўніцтва саламяных дамоў — бескаркасная і каркасная. Бескаркасная тэхналогія прадугледжвае зборку дома з блокаў саломы па прынцыпе цаглянага мура. Галоўная перавага гэтага метаду — вельмі нізкі кошт, бо не трэба марнавацца на драўляны каркас. Але пры будаўніцтве па такой тэхналогіі прыйдзецца вырашаць праблемы аконных перамычак, перакрыццяў, кроквеннай сістэмы.

Таму ў Беларусі распаўсюджванне атрымала каркасная тэхналогія: збіраецца драўляны каркас, у яго шчыльна набіваюцца саламяныя блокі (прастакутныя цюкі), і ўсё гэта атынкоўваецца глінай у некалькі пластоў. Такія дамы звычайна будуюць самастойна. Сабекошт такога дома пад ключ вагаецца ад $100 да $300 за квадратны метр.


Акрамя таго, апошнім часам у Беларуcь з Літвы прыйшла тэхналогія будаўніцтва з саламяных панэляў. Яна пакуль больш дарагая, але і больш простая. Сабекошт дома з такіх панэляў «пад ключ» складае прыкладна $500 за квадратны метр. Замест літоўскіх панэляў можна выкарыстаць беларускі экакуб, будаўніцтва з якога абыдзецца дзесьці на $100–150 танней.

У адрозненні ад Еўропы, у Беларусі ідэі «саламянага» будаўніцтва не атрымалі належнага прызнання. Хаця не выключана, што ва ўмовах росту кошту энергарэсурсаў усё больш беларусаў будзе задумвацца пра вельмі цёплыя і экалагічныя дамы з саломы.

Меней вядомыя (пакуль), аднак даволі перспектыўныя тэхналогіі будаўніцтва прыватных дамоў з гліны з рознага кшталту дадаткамі цэлюлозных матэрыялаў — ад той жа саломы да драўніны. Тут можна прыгадаць праект «Глінабіт» кампаніі «GlinKo». Або яго разнавіднасць — дамы з гліны, змяшанай з дранкай. У Беларусі такое будаўніцтва адпрацоўвалася ў мястэчку Лельчыцы, дзе экадом з выкарыстаннем мясцовых прыродных будаўнічых матэрыялаў (гліны і дрэва) быў пабудаваны мясцовым «ПМК-103» з удзелам адмыслоўцаў кампаній «Стройэффективность» (Гомель) і «GlinKo» (Кіеў).

Паводле дадзеных аўтараў праекту, пры такім будаўніцтве энергавыдаткі на само будаўніцтва зніжаюцца прыкладна ў 150 разоў, энергавыдаткі пры ацяпленні — у 4–5 разоў, кошт 1 квадратнага метра — у 3–4 разы — у параўнанні з аналагічным па плошчы домам з цэглы. І гэта ўсё пры даўгавечнасці і высокіх спажывецкіх якасцях.

Іншая роднасная тэхналогія экабудаўніцтва, якая таксама падыходзіць для ўмоваў Беларусі, — тэхналогія будаўніцтва дома з дроў і гліны. У Канадзе такая тэхналогія завецца Cordwood, ва Украіне гліначурка, у Расіі — касцёр. Па сутнасці, гэта мур, у якім на гліняны раствор кладуцца драўняныя калодачкі або колатыя дровы. Ад іх даўжыні залежыць таўшчыня сцен. Гліна складае прыкладна 20% ад аб’ёму дроваў. Яна з’яўляецца асновай раствору, які ператварае просты касцёр у трывалую сцяну дроўнага дому. Каб гліна была цяплейшая і не рэпалася, яе змешваюць з дробна парэзанай саломай, дадаўшы яе ў аб’ёме 10–15% ад аб’ёму гліны.

Драўніна ўсярэдзіне глінянага раствору вельмі добра захоўваецца. У адной з вёсак амерыканскага штата Вісконсін дагэтуль захаваўся дом, пабудаваны па такой тэхналогіі польскімі эмігрантамі яшчэ ў 1880-х гадах. Зрэзы дрэў дагэтуль выглядаюць як свежыя. Такія дамы выдатна трымаюць цеплыню ў любы мароз, а ўлетку ў іх прахалодна, адсутнічаюць непажаданыя сутачныя тэмпературныя скокі.


Дарэчы, пра тэмпературу. У Беларусі прымаюцца ўсе больш жорсткія нарматыўныя патрабаванні па ўдзельным выдатку цеплавой энергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Так, з 1993 года яны паніжаныя з 230 да 160 квтг/м2 у год, з 2010 года — са 160 да 130 квтг/м2. Дамы з альтэрнатыўных матэрыялаў — уключаючы гліна-драўляныя — дазваляюць рэальна скараціць энергазатраты на ацяпленне да 90 квтг/м2 на год для будынкаў у адзін-два паверхі. А калі такія дамы абсталяваць сістэмамі рэкуперацыі цеплыні і сістэмамі «разумнага» кіравання ацяпленнем, дык узровень цепласпажывання можа быць паніжаны да 15 квтг/м2 на год.

Пры будаўніцтве такога дома таксама можна зэканоміць на падмурку. Глыбіню залажэння падмурка можна рабіць не больш за адзін метр, паколькі сцяна з дроваў важыць нашмат менш за цагляную, і да таго ж вельмі ўстойлівая да ападкаў грунта. Сярод эканамічных пераваг такога будаўніцтва таксама невысокі кошт у параўнанні з такімі папулярнымі тэхналогіямі, як цагляныя і каркасныя дамы, зруб. Кошт галоўным чынам залежыць ад уласных працавыдаткаў уладальніка і наяўнасці падыходзячага матэрыялу ў наваколлі. Уласнаручнае будаўніцтва зніжае выдаткі ў два разы, але працы будзе нямала.

Дарэчы, на міжнароднай канферэнцыі па будаўніцтве з выкарыстаннем тэхналогіі Cordwood — CoCoCo у 1994 годзе быў праведзены эксперымент па вымярэнні хуткасці распаўсюджвання агню ў сценах такога дома. Дык вось: дом, пабудаваны па тэхналогіі гліначурка, згарэў цалкам толькі праз тры дні пасля таго, як яго падпалілі.

Пералічаныя тэхналогія экабудаўніцтва прыдатныя для індывідуальнага жылля. Што тычыцца масавага шматпавярховага будаўніцтва, то тут да катэгорыі эка можна аднесці энергаэфектыўныя дамы.


Каментаваць