Экалагічнае будаўніцтва: міф ці рэальнасць

Ці магчыма зрабіць уласны дом цалкам экалагічным? Ці прынясе экабудаўніцтва сапраўдную карысць прыродзе і гаманцу ўладальнікаў? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні дапамог знайсці дырэктар гомельскай кампаніі «ТэрмаДэкор» Вадзім Мартыненка.

Каб ацаніць экалагічнасць будаўнічых матэрыялаў ці будучага дома, неабходна адразу вылучыць шэраг крытэраў. Так, трэба адрозніваць экалагічнасць на ўзроўні вытворчасці саміх матэрыялаў, экалагічнасць дома як сімбіёз розных будаўнічых і аздобных матэрыялаў і экалагічнасць дома з пункту гледжання яго далейшага абслугоўвання і ацяплення. Не варта забывацца і на магчымасць экалагічнай утылізацыі самога дома ці яго элементаў у будучыні.

Напрыклад, вытворчасць экалагічнай мінеральнай ваты вельмі неэкалагічная. Пры яе вырабе выкарыстоўваецца шмат фармальдэгіду і спальваецца багата газу. Але ж потым фармальдэгід становіцца інертным, і таму пазней некаторыя людзі б’юць сябе ў грудзі ды заяўляюць аб тым, што ён экалагічны. Падобныя сітуацыі ўскладняюць вылучэнне сапраўды экалагічных будаўнічых матэрыялаў і тэхналогій.


Экалагічнасць вытворчасці матэрыялаў


Сёння многія вытворцы дэкларуюць сваю экалагічнасць, бо гэта ўсеагульны сучасны трэнд, і з пункту гледжання маркетынгу ім важна пра гэта заяўляць. Паступова ўсё больш людзей хоча жыць у бяспечных для свайго здароўя і навакольнага асяроддзя дамах, і рынак мусіць гэта ўлічваць.

Дырэктар гомельскай кампаніі «ТэрмаДэкор» Вадзім Мартыненка


Але ж сярод розных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, хапае дзіўных прыкладаў. Акрамя мінеральнай ваты можна адразу ж прыгадаць выкарыстанне лінолеуму. Яго вытворчасць вельмі неэкалагічная, але пры належным абветрыванні і выветрыванні з яго ўсіх шкодных рэчываў на працягу некалькіх месяцаў ён з часам становіцца вельмі інертным матэрыялам у гэтым плане і досыць экалагічным у выніку. Але ж нашы вытворцы лінолеуму і крамы не робяць гэтую працэдуру, таму пасля набыцця яго шмат хто яшчэ месяцамі працягвае па ўласным няведанні атручваць сваё жыццё дома.

Экалагічным можна лічыць той жа лён, але тады, калі ён ідзе як адкіды ад нейкай асноўнай вытворчасці. На яго вырошчванне і апрацоўку выключна для будаўнічых мэтаў спатрэбіцца шмат рэсурсаў, што адаб’ецца на яго кошце і экалогіі.

Дастаткова экалагічным можна лічыць вытворчасць белых сілікатных блокаў. Падобная вытворчасць ёсць, да прыкладу, у Магілёве. З пункту гледжання менавіта ўсіх асноўных трох фактараў яго можна лічыць досыць экалагічным.

Для яго вырабу выкарыстоўваецца мясцовая сыравіна, і яе не даводзіцца везці з далёкіх краёў, ён не патрабуе пры вытворчасці вялікай колькасці энергіі, сама сыравіна досыць экалагічная — асноўныя мінеральныя кампаненты дастаюць наўпрост з зямлі, і ён нескладаны пры перавозцы і будаўніцтве. Самае ж цудоўнае ў ім — гэта тое, што пры атапліванні гэтыя блокі хутка разаграваюцца і доўга захоўваюць цяпло. Таму ў гэтым плане экалагічнасць блокі ПГС даказалі сваім выкарыстаннем за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў!

Экалагічныя і ўмоўна экалагічныя матэрыялы


Апрыёры экалагічнай можна лічыць драўніну, вядома ж, калі яе не апрацоўвалі потым рознымі шкоднымі хімічнымі рэчывамі. З іншага боку, працэс вырошчвання дрэваў і іх апрацоўкі патрабуе шмат часу і рэсурсаў. Да таго ж пры масавым попыце натуральнага лесу на ўсіх можа і не хапіць.

Яшчэ адно правіла — чым менш матэрыял падвяргаўся апрацоўцы, тым лепш. Да такіх матэрыялаў адносіцца драўніна, блокі ПГС ды цэгла (хоць часам даводзіцца яе правяраць нават на радыяцыю). Экалагічнымі могуць быць як хаты з драўніны, так і з саломы ды гліны. Але апошні варыянт абяруць не ўсе, і, што галоўнае, для будаўніцтва з іх патрэбныя адмысловыя спецыялісты, якіх у нас пакуль не так шмат. Гэта павышае кошт іх паслуг, ускладняе працэс будаўніцтва і павялічвае яго працягласць.



Аптымальная формула беларускага дома


Адна з самых аптымальных формул пры будаўніцтве новага дома выглядала б так:

1. Дом будуецца з выкарыстаннем каркаснай канструкцыі на металічным крапяжы.

2. У якасці ўцяпляльнікаў выкарыстоўваюцца экалагічныя матэрыялы — шклавата ці мінеральная вата. Пры гэтым шклаваце можна аддаць перавагу. Яе валокны трымаюцца самі за сябе і для іх стрымлівання разам не трэба злучных рэчываў, у адрозненне ад той жа мінеральнай ваты, створанай з плаўленага базальту. У яе валокны вельмі кароткія, і для стрымлівання іх разам выкарыстоўваецца шкодны фармальдэгід.

Можна выкарыстоўваць і ўцяпляльнікі з ільнянога валакна або перапрацаванай паперы.

3. Дом абшываецца драўлянымі панелямі звонку і знутры. Звонку можна яшчэ і пакрыць яго металам. У выніку абалонка дома атрымліваецца экалагічнай, умоўна недарагой і энергаэфектыўнай. З пункту гледжання гэтых паказнікаў такі дом — самы лепшы выбар.

Потым яго дастаткова трохі абаграваць, ён не будзе патрабаваць шмат энергіі на ацяпленне. А гэта — істотны фактар, улічваючы сусветны крызіс і высокія кошты на энерганосбіты, таму яго варта ўлічваць пры будаўніцтве дома.

Дарэчы, такі дом і яго элементы потым яшчэ і вельмі ўдала ўтылізуюцца. На гэты фактар у нас усё яшчэ часта забываюцца, але ён істотны, калі вы хочаце не нашкодзіць сабе і прыродзе. Напрыклад, калі пры будаўніцтве закладваецца ў якасці ўцяпляльніка пенапалістэрол (які сам па сабе досыць спрэчны як матэрыял), то потым яго будзе складана ўтылізаваць.


Пабудаваць мала, трэба сачыць


Замінаюць пры будаўніцтве і шматлікія памылковыя ўяўленні, якія ўсё яшчэ ёсць у галовах беларусаў.

Напрыклад, ільновалакно, якога, на жаль, не хопіць на ўсіх. Пры гэтым яго яшчэ важна правільна вырабіць. У выпадку парушэння тэхналогіі яго вырабу або эксплуатацыі, у ім можа назапашвацца залішняя вільгаць або завядуцца непатрэбныя жывыя «суседзі». Таму важна выбіраць правераных пастаўшчыкоў. У Беларусі ўжо ёсць некалькі фірмаў, якія займаюцца вырабам матаў з адыходаў лёну.

Варта ўлічыць, што амаль усе экалагічныя матэрыялы досыць патрабавальныя да эксплуатацыі. Калі ў нас бяруць драўляны дом і потым абшываюць яго сайдынгам ці ўцяпляюць пенапалістэролам — такія дамы хутка згніваюць, паколькі драўніна перастае «дыхаць».


«Калі сцяну дома можна прастрэліць з аўтамата, гэта — дрэнны дом»


Пры будаўніцтве часта даводзіцца сутыкацца з абсалютна не стандартнымі поглядамі на тое, з чаго будаваць і як мае выглядаць будучы дом.

Адзін з самых распаўсюджаных стэрэатыпаў — меркаванне, што калі ў хаце не схавацца ад танка, а яго сцены можна прастрэліць з аўтамата Калашнікава, то гэта — дрэнны дом. Пры гэтым апошнія 70 гадоў наша краіна ніякай вайны не ведае, але людзі ўпарта працягваюць узводзіць свае дамы з бетону ці цэглы вялікай таўшчыні. Гэта не толькі неэкалагічна, але і проста не мае сэнсу.


Можна збудаваць той жа каркасны дом аптымальнай таўшчыні, запоўніць яго экалагічным уцяпляльнікам і зрабіць недарагое і экалагічнае аздабленне. Пры гэтым такое жыллё будзе ўдала пераносіць любыя ўмовы надвор’я, трымаць цеплыню і вытрымае любыя нагрузкі. Але галоўным крытэрам пры будаўніцтве дома ўсё роўна застаецца аўтамат Калашнікава... у галовах нашых суграмадзян.

Крызіс таксама адлюстроўваецца на памкненні людзей зэканоміць на чым заўгодна, у тым ліку экалогіі і нават уласным здароўі. Да прыкладу многія выкарыстоўваюць шпалы, апрацаваныя гудронам. Гэта досыць танны матэрыял, таму людзі працягваюць узводзіць з яго не толькі лазні, але альтанкі і нават свае хаты. Потым адбываецца страшная дыфузія араматычных вуглевадародаў, і людзі не могуць у той лазні не тое што вымыцца, але нават і дыхаць. Але затое эканомія…


Якія матэрыялы неэкалагічныя


Уся мэбля з клеенага пілавіння — ДВП, ламінаванае ці не ламінаванае ДСП.

Канешне, мэбля ў першую чаргу адносіцца да начыння дома, але ж нельга пабуда­ваць экалагічны дом, абставіць яго мэбляй з ДСП. І сказаць: «Затое я шчыры перад самім сабой і зрабіў выбар на карысць экалогіі»

2. У экалагічным доме не павінна быць матэрыялаў на бітумнай аснове — усяго, што створана з выкарыстаннем прадуктаў нафтаперапрацоўкі.

Людзі ж могуць узяць драўляны паркет і пакласці яго на бітумны клей, могуць зрабіць экалагічны дом, а гідраізаляцыю падмурка зрабіць бітумнай субстанцыяй і потым удыхаць яе гадамі. Яшчэ адзін шкодны варыянт — заліць сцежкі і пад’езды да дома асфальтам ці пакласці на дах фінскую дахоўку.


А як у іх?


Еўрапейцы пайшлі ў вырашэнні шматлікіх праблем у будаўнічай сферы і пытанняў экалогіі па вельмі разумным шляху — яны ўсталявалі надзвычай жорсткія нормы па вывяржэнні ўсіх шкодных рэчываў і забяспечылі сістэму кантролю за гэтым. Плюс улічылі некаторыя канструктыўныя рашэнні ў будаўніцтве.

Напрыклад, у Еўропе, асабліва ў краінах Скандынавіі, а таксама Канадзе і ЗША, часта ўжываецца каркасны спосаб узвядзення дамоў, дзе ў якасці ўцяпляльніка выкарыстоўваецца танны палістэрол (белы пенапласт).


Пры гэтым сістэма вентыляцыі ў такіх будынках вельмі рацыянальна прадумана, і свежае паветра нагнятаецца ў іх з вуліцы. У доме такім чынам ствараецца невялічкі залішні ціск, які людзі не адчуваюць, але менавіта дзякуючы гэтаму з дому выціскаюцца ўсе магчымыя вывяржэнні газаў, фармальдэгідаў і іншых шкодных рэчываў. У выніку атрымліваецца, што, нягледзячы на выкарыстанне не самага экалагічнага будматэрыялу, яго шкода кампенсуецца прадуманасцю тэхналогій узвядзення і эксплуатацыі дамоў, у якіх пазней вырастаюць абсалютна нармальныя і здаровыя дзеці.


Рэгуляванне зарэгуляванага


У нашай краіне, часцей за ўсё ў прыватным будаўніцтве, пераважае так званы самабуд, калі пра цэнтралізаваныя і апрабаваныя практыкай тэхналогіі думаюць не ўсе.

Пры гэтым, калі спытаць у народа, ці трэба ўводзіць новыя будаўнічыя нормы, то ён скажа, што ў нас, наадварот, усё занадта зарэгулявана. Але ж нормы, якія сапраўды забяспечваюць надзейнасць канструкцый, іх бяспеку і доўгую эксплуатацыю, у нас дагэтуль ігнаруюцца. Экалагічнасць пры гэтым таксама застаецца на апошнім месцы.

Часам будаўнічыя нормы чыста намінальна спрабуюць спісаць у перадавых краін Еўропы, але робіцца ўсё гэта надзвычай не паслядоўна. Пры такім выпадку адсутнічае комплексны падыход, а менавіта ён можа даць сапраўдны вынік і прывесці да зменаў.

У апошнія гады многія органы сертыфікацыі ў Беларусі наогул успрымаюць гэты працэс як сваю вотчыну і магчымасць для вядзення паспяховага бізнесу. Тыя, хто сертыфікуюць, часта самі ствараюць сабе выгадныя нормы і правілы, каб трымаць усё пад кантролем і пры гэтым забяспечваць сабе далёка не беднае існаванне. Напэўна, калі б не было спажыўцоў і будаўнікоў, дык яны ўвогуле былі б шчаслівыя.



Праца над памылкамі


Будаўнічая індустрыя ў Беларусі на дадзены момант забяспечвае тыя нашы патрэбы і выкарыстоўвае тыя магчымасці, якія склаліся ў нас на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, таму тут складана зрабіць адразу рывок наперад. Занадта вялікі працэнт дзяржаўнага будаўніцтва, разнастайныя перашкоды і нормы пры ўзвядзенні прыватнага жылля замінаюць прыходу новых тэхналогій і методык.


Канешне, яшчэ 15 гадоў таму мы нават асабліва не ведалі, што такое гіпсакардон ці сухія будаўнічыя сумесі — гэты цуд, калі адкрываеш упакоўку, даліваеш туды вады — і атрымліваеш адразу гатовую шпаклёўку, сцяжку для падлогі або іншыя неабходныя сумесі. Але асобныя поспехі і навінкі не здольныя радыкальна змяніць стан нашай будаўнічай сферы.

Адзіны фактар, які можа змяніць сітуацыю, — прыватны бізнес. Прыватнік заўсёды разлічвае эфектыўнасць, падладжваецца пад патрабаванні кліента і максімальна якасна будзе ўсё будаваць, калі захоча застацца на рынку. Таму тут варта заняцца спрашчэннем вядзення бізнесу, увядзеннем жорсткіх і аднолькавых нормаў для ўсіх, і зрабіць гэтую сферу максімальна празрыстай для спажыўцоў і замоўцаў.

Але для ўсяго гэтага нам варта спачатку хаця б стаць на гэты шлях пераменаў, а потым яшчэ прайсці праз часы асобных недахопаў і праблем у сістэме ў цэлым. Можна адзначыць, што прыватныя будаўнічыя кампаніі існуюць і цяпер, але сярод іх яшчэ шмат непрафесіяналаў, і доля гэтага сектара яшчэ малая.

Нам давядзецца яшчэ наладзіць і сістэму маніторынгу асобных будаўнічых тэхналогій, у тым ліку і з аглядкай на іх экалагічнасць.

Адной з самых паспяховых практык можна назваць выкарыстанне так званага кодэкса ўсталяванай практыкі, калі пры выкарыстанні нейкай новай тэхналогіі або будаўнічага метаду пасля некалькіх гадоў яго выкарыстання занатоўваюцца ўсе асноўныя патрабаванні і памылкі. Такіх дакументаў па сістэме ўцяплення фасадаў, гідраізаляцыі, будаўніцтве з выкарыстаннем тых ці іншых экалагічных матэрыялаў у нас усё яшчэ няма. Але ж толькі праз практыку, толькі праз маніторынг і працу над памылкамі можна намацаць тую ці іншую тэхналогію, бо размяшчэнне нейкага артыкула на сайце пра новыя падыходы ў будаўніцтве — гэта толькі 10–15 адсоткаў сапраўднай працы.

Але не робіць памылак толькі той, хто нічога не робіць, таму нам варта пачаць думаць пра будучыню нашага краю і рабіць нешта ў будаўнічай сферы. Тады нашы дамы не будуць горшымі за дамы нашых больш развітых суседзяў.



Каментаваць