Стабільна кепскі 2014-ы

Бягучы год не стаў катастрафічным для Беларусі ў эканамічным плане. Хоць негатыўныя моманты і мелі месца. Асабліва ў снежні адзначым супярэчнасці з «саюзнай» Расіяй, абвал расійскага рубля і 30%-ны «падатак на валюту».



Нават ужо былы міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў прызнаў, што наўпрост ці ўскосна айчынны валавы ўнутраны прадукт напалову залежыць ад Расіі. Што не ёсць добра, асабліва ў сённяшніх варунках. Скарачаецца экспарт беларускай прадукцыі ў Расію, а тое наша, што там яшчэ прадаецца, ідзе нам жа ва ўрон з прычыны катастрафічнага зніжэння курса расійскай валюты. Застаецца і праблема затаваранасці складоў беларускіх прадпрыемстваў вырабленай, але не запатрабаванай рынкам прадукцыяй.

І ўсё ж сітуацыя, як адзначаюць назіральнікі, магла быць і горшай. Таму і называюць яны адыходзячы 2014 год мала выразным, нават шэрым. Але дамо слова самім эканамічным экспертам, якія пагадзіліся прааналізаваць «Новаму Часу» асноўныя вынікі года ды зра­біць некаторыя прагнозы на год наступны.

Яўген Прэйгерман, дырэктар па даследаваннях Ліберальнага клуба

Па вялікім рахунку, гэты год нас нікуды не пасунуў. Хоць сёлета з’явіліся больш шырокія абмеркаванні, і нават усё больш высокіх чыноўнікаў кажуць пра тое, што нам патрэбныя глыбокія і паслядоўныя рэформы. Нават пачалі дзейнічаць нейкія пляцоўкі для абмеркавання гэтых рэформаў. Але на практыцы нічога сур’ёзнага не адбылося, і атрымліваецца, што ў плане эканомікі год прайшоў «упустую».

Сімвалічнай кропкай гэтага года сталася падпісанне Аляксандрам Лукашэнкам Дэкрэта №5, таму што гэты дэкрэт вытрыманы ў стылі рашэнняў, якія прымаліся па дрэваапрацоўцы, калі ратаваць сістэму спрабуюць з дапамогаю тых жа метадаў, якімі яе ж і дабілі. Гэты дэкрэт робіць больш жорсткай адказнасць кіроўных кадраў як дзяржаўных, гэтак і прыватных прадпрыемстваў, і адначасова надае ім больш паўнамоцтваў па звальненнях, пакараннях і прэміраваннях супрацоўнікаў. Так што ўсё працягваецца ў такім вось адміністратыўным рэчышчы.

Хоць, параўнальна з мінулымі гадамі, прыбыткі людзей сёлета практычна не раслі (раней быў рост пад 20% за год пры росце вытворчасці ў 3%), але і не было падзенняў, так што гэты год «шэры».

Але ў наступным годзе, на вялікі жаль, нас, хутчэй за ўсё, чакаюць нават не «шэрасць», але ўсплёскі «чорнасці». Бо незразумела, як на тле таго, што зараз адбываецца ў той жа Расіі, атрымаецца захаваць хаця б той узровень дабрабыту, які цяпер ёсць у Беларусі. Нашы страты на расійскім рынку ўзнікаюць проста на роўным месцы. Так што варта настройвацца на непрыемныя рэчы, і гэта нягледзячы нават на прэзідэнцкія выбары, якія адбудуцца ў наступным годзе. Бо нават у Беларусі няма тых чараўнікоў, якія могуць рабіць цуды насуперак усім эканамічным законам.

Калі разглядаць 2014 год вачыма ўладатрымальнікаў, то для іх ён быў складаным. Нягледзячы на тое, што па некаторых паказчыках нават былі пэўныя поспехі, да прыкладу, дамоўленасці з Расіяй (пра тых ж нафтавых мытах), тым не менш, улады ўбачылі вялікія эканамічныя праблемы і зразумелі, што сацыяльна-эканамічная мадэль, якая практыкавалася ў нас многія гады, аказалася нежыццяздольнай. Трэба пачынаць рабіць нешта сур’ёзнае. Плюс становішча ва Украіне, плюс Расія — агромністыя выклікі і напружанні, створаныя Расіяй. Таму для беларускіх уладаў гэты год быў вельмі хваравітым у плане ўнутраных перажыванняў.

Леў Марголін, эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі

З пункту гледжання эканаміста самае вялікае ўражанне ад гэтага года — хуткае крушэнне расійскага «эканамічнага цуду». Пасля іх дэфолту 1998 года складвалася ўражанне, што Расія — гэта магутная эканоміка, якая ледзьве не сямімільнымі крокамі рухаецца наперад. Але дастаткова было зніжэння коштаў на нафту, а таксама ўвядзення фінансавых санкцыяў з боку Захаду, каб гэтая эканоміка практычна абвалілася. То бок, можна зрабіць выснову, што за апошнія 15 гадоў уладары Расіі практычна нічога не зрабілі, каб адысці ад сыравіннай залежнасці. А больш ніякіх вялікіх сюрпрызаў гэты год не прынёс, калі не лічыць палітычных падзеяў, падзеяў ва Украіне, што таксама вельмі важна.

А ў Беларусі нарастае чаканне нейкага непазбежнага краху. Грошай для падтрымання статус-кво патрабуецца ўсё больш і больш, расійскія магчымасці падтрымкі на вачах скарачаюцца, а магчымасці Захаду да нас, на вялікі жаль, не наблізіліся. Усе ўпэўнены, што нешта павінна адбыцца, але вось калі — пытанне застаецца адкрытым. Гэта зноў-такі звязана з падзеямі ў Расіі, бо да гэтага моманту мы заўжды былі ўпэўненыя, што якія б у нас гандлёвыя ці інфармацыйныя войны не надараліся, Расія нас усё роўна не кіне, нікуды не падзенецца, і ёй давядзецца раскашэльвацца. А вось цяпер у гэтым упершыню ўзнік сумнеў.

Нечага асабліва станоўчага ў нашай эканоміцы сёлета не было. Былі некаторыя рухі ў правільным накірунку, былі спробы стрымаць грашовую масу і не дапусціць яе разрастання, былі спробы захаваць прывабнасць рублёвых дэпазітаў, але ўсё гэта як лячэнне сур’ёзнай хваробы абязбольваючымі сродкамі.

У наступны год наш урад уваходзіць з трывожнымі чаканнямі. Што тычыцца нашага насельніцтва, то большая яго частка ўжо прызвычаілася спадзявацца толькі на ўласныя высілкі. І тым, хто разлічвае на ўласныя сілы, у каго ёсць запас на «чорны дзень», які захоўваецца не ў беларускіх банках, а ў СКВ і ў надзейным месцы, падстаў для сур’ёзнай занепакоенасці не маюць.

А вось тым, хто прывык разлічваць на дзяржаву, ды і самой дзяржаве ў наступным годзе давядзецца складаней, чымсьці ў годзе бягучым. Пытанне, дзе ўзяць грошы, для тых і другіх стане надзённым. Мы знаходзімся ў сітуацыі, якую шахматысты называюць цугцвангам. Які ход ні зрабі, усё роўна атрымліваецца кепска. Зрабі паўнавартасную дэвальвацыю — будзе дрэнна насельніцтву, але такім чынам можна было б хаця б выратаваць эканоміку. Калі яе не рабіць — абрынецца наш экспарт. Выбар дастаткова складаны, але яго давядзецца рабіць.

Сяргей Чалы, эканамічны аналітык

Усё, што мы назіралі сёлета ў эканамічным плане, было наступствам рашэнняў, прынятых летась. Нацбанк вырашыў, што трэба прывязацца да долара з невялікім працэнтам паслаблення за месяц, бо таргетаванне да валютнага кошыка правалілася, ніхто так і не зразумеў, што гэта за кошык і які ягоны кошт. То бок, высокая ступень інфляцыйных і дэвальвацыйных чаканняў змусіла прыняць такое рашэнне.

Другая палова бягучага года вызначалася рэзкім ростам курса долара да ўсіх валют свету, тым самым замест пажаданага аслаблення курса беларускага рубля мы атрымалі яго ўдаражанне. Але заўважылі гэтую праблему толькі ў апошнія месяцы, калі пачалі гаварыць пра страты ад курсавых розніцаў па сельскай гаспадарцы, па інвестыцыйных таварах з прычыны вялікай дэбіторскай запазычанасці і гэтак далей. Так што патэнцыял дэвальвацыі толькі ўзрос.

Усё згуляла супраць нас: і рост долара, і падпісанне ды ратыфікацыя дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. З прычыны падзення коштаў на нафту нават не зразумела, ці атрымае наш бюджэт у наступным годзе тыя 1,5 мільярда долараў нафтавай мыты, якія прадугледжаны дамоўленасцямі з Масквой.

Каментаваць