Эканаміст: У 2018 годзе будзе значна горш

Каго ўтрымае ад эміграцыі новы дэкрэт, ува што выльецца блізарукае стаўленне да занятасці і каго ратуе анабалічны рост —  кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук падводзіць вынікі гэтага года і прагназуе, як эканоміка будзе развівацца ў 2018-м.

Аб халастых стрэлах

Адыходзячы год прайшоў пад знакам абяцанняў палепшыць дзелавы клімат у краіне.

— І тое, што ўбачылі 23 лістапада ў дэкрэце № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», вядома ж, было расчараваннем, — лічыць Яраслаў Раманчук. — Нельга сказаць, што дэкрэт — гэта цалкам халасты стрэл, але зацверджаныя рашэнні не азначаюць разняволенне бізнэсу да той ступені, пры якой ён можа стаць новай крыніцай эканамічнага росту краіны.

Дакументы па развіцці прадпрымальніцтва ў наступным годзе дапамогуць асобным грамадзянам заняць сябе і ўтрымаюць пэўную катэгорыю ад эміграцыі. Але не больш, падкрэслівае эксперт.

Аб ганебных 0,6%

Вялікім правалам ў 2017 годзе стала сацыяльная палітыка, адзначае Яраслаў Раманчук і нагадвае перш за ўсё пра падзеі вакол дэкрэта №3, дзеянне якога пасля пратэстаў вымушаныя былі прыпыніць.

— Працягнулася сляпое і блізарукае стаўленне да паняцця беспрацоўя і занятасці. У нас па-ранейшаму ганебныя 0,6% афіцыйнага беспрацоўя. Але замоўчванне праблемы не азначае яе адсутнасць, і тым больш яе рашэнне, — кажа эканаміст.

Аб пазітыўных пачынаннях і пераўпакоўцы

Год адзначыўся адноснай макраэканамічнай стабільнасцю.

— Мы на час паверылі ў здольнасць Нацбанка кантраляваць інфляцыю і ажыццяўляць прадказальную курсавую палітыку, што, безумоўна, з'яўляецца пазітывам, — лічыць Яраслаў Раманчук. — Але добрыя пачынанні Нацбанка не падхапілі ва ўрадзе, які працягнуў кіраваць шырокім нерэфармаваным дзяржаўным сектарам у старым рэжыме.

Сутнасць гэтага ўпраўлення выказаў у аўторак Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што недапушчальна пастаянна перакладаць праблемы прадпрыемстваў і банкаў на бюджэт. Паводле яго слоў, толькі ў 2015 і 2016 гадах у праблемныя прадпрыемствы ўлілі 1,8 млрд даляраў. Усяго ж сума такіх даўгоў перавышае 10 млрд даляраў. У адыходзячым годзе іх зноў пераўпакавалі, але праблема не вырашаецца.

Аб допінгу ў эканоміцы

Нязначны рост у эканоміцы быў забяспечаны уліваннем гіганцкіх і вельмі дарагіх крэдытаў.

— Напрошваецца аналогія са спартсменам, які ў пачатку дыстанцыі атрымаў магутную дозу анаболікаў і спадзяецца, што на наступных этапах не будзе допінг-кантролю і ён зможа дабегчы да фінішу, — характарызуе сітуацыю эканаміст.

Анабалічны рост у эканоміцы выгадны 70-100 дзяржпрадпрыемствам-манапалістам, якія нічога не хочуць мяняць. Яны здолелі ўмяшацца ў працэс дыялогу ўлады і бізнесу і выхапіць разумныя і добрыя прапановы, падрыхтаваныя экспертнай супольнасцю ў рамках распрацоўкі палажэнняў дэкрэта №7.

Аб таксічных актывах

Каб разняволіць бізнэс трэба, каб дзяржсектар складаў не 80% у эканоміцы, а мінімум у два разы менш — такі рэцэпт ад Яраслава Раманчука.

— Але ўрад нічога не робіць для павелічэння прыватнага сектара, — лічыць эксперт. — Значыць, у наступным годзе будзе яшчэ больш таксічных актываў, яшчэ больш узмоцніцца ціск на бюджэт і банкі з мэтай павелічэння крэдытавання.

Лукашэнка ў аўторак сказаў пра «заклёны, стогны ды плачы». У 2018-м яны з боку дзяржсектара працягнуцца.

У наступным годзе, па прагнозах эканаміста, наўрад ці можна чакаць такога ж спрыяльнага збегу абставін у выглядзе росту паставак нафты, экспарту калійных угнаенняў і харчавання на расійскі рынак. Будзе значна горш, асабліва ў святле прадказальных праблем расійскага рубля і расійскай эканомікі, якая з высокай ступенню верагоднасці будзе альбо ў нулявой зоне росту, альбо наогул у зоне падзення.

Пра наяўнасць палітычнай волі ў Лукашэнкі да пераменаў

Ці з'явіцца ў кіраўніка дзяржавы палітычная воля, якая дазволіць змяніць сістэму кіравання эканомікай?

— Пакуль такіх прыкмет я не бачыў. Але ў пятніцу адбудзецца вялікая сустрэча Лукашэнкі з пашыраным складам Савета па развіцці прадпрымальніцтва (па вялікім рахунку з бізнес-супольнасцю), у якой я таксама буду ўдзельнічаць. Цікава будзе паслухаць, што ён адкажа на пытанне такога роду, — кажа Яраслаў Раманчук.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць