Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Эксперты бачаць пагрозу камерцыялізацыі дзяржорганаў у Беларусі

Праект дэкрэта аб развіцці прадпрымальніцтва прадугледжвае, што дзяржорганы могуць аказваць суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці паслугі на платнай аснове.

Фота pasmi.ru

Згодна з праектам дэкрэта, дзяржаўным органам даецца права "ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй аказваць садзейнічанне суб'ектам гаспадарання ў арганізацыі іх дзейнасці", у тым ліку "на платнай аснове на падставе грамадзянска-прававых дагавораў".

Такая фармулёўка ў дэкрэце можа прывесці да камерцыялізацыі дзейнасці дзяржорганаў, лічыць член пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. "Дзяржава, на мой погляд, наогул не павінна займацца бізнесам — ні праз аказанне паслуг, ні праз стварэнне камерцыйных структур. У дзяржавы зусім іншая роля — ствараць умовы для дынамічнага развіцця прадпрымальніцтва", — адзначыла парламентарый у каментары БелаПАН.

Беларускія эканамісты лічаць, што практыка аказання дзяржорганамі платных паслуг суб'ектам гаспадарання стварае глебу для карупцыі.

"Такія "паслугі" ў лепшым выпадку выльюцца ў дадатковы падатак для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а ў горшым выпадку могуць прывесці да адкрытай карупцыі", — лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук.

Паводле слоў прадстаўнікоў бізнес-асацыяцый, праект дэкрэта, а таксама іншыя нарматыўныя акты, якія датычацца рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці, у красавіку плануецца дапрацоўваць.

"Бізнес лічыць, што гэтыя дакументы, якія тычацца прадпрымальніцкай дзейнасці, "сыраватыя" і іх неабходна дапрацоўваць. Па шэрагу пунктаў у выпадку іх зацвярджэння, мы лічым, можа адбыцца пагаршэнне ўмоў для вядзення бізнесу, хоць задача была пастаўлена адваротная", — падкрэсліў БелаПАН сустаршыня рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

На думку беларускіх эканамістаў, важнай для развіцця прадпрымальніцтва ў краіне з'яўляецца тэма правядзення малой і сярэдняй прыватызацыі.

"Прадпрымальнікі на працягу многіх гадоў уздымаюць пытанне аб прыватызацыі арандаванай імі маёмасці, аднак гэта важнае пытанне так да гэтага часу і не вырашана. Таму праблемы, якія хвалююць бізнес, практычна кожны год паўтараюцца", — адзначыла БелаПАН сацыёлаг Даследчага цэнтра ІПМ Дар'я Урбан, якая штогод аналізуе апытанні прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.

У той жа час у падрыхтаваных праектах нарматыўных актаў, якія заклікаюць палепшыць дзелавы клімат у краіне, тэма прыватызацыі дзяржмаёмасці не знайшла адлюстравання, канстатуюць эксперты.

"Дзяржсектар у Беларусі дамінуе, але пры гэтым пытанне правядзення малой і сярэдняй прыватызацыі на карысць прыватнага сектара не абмяркоўваецца, гэтая тэма проста выпадае. Доступ прадпрымальнікаў да актываў на сённяшні дзень абмежаваны арэнднымі адносінамі, што, натуральна, стрымлівае развіццё прыватнага бізнесу ў краіне", — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН


Каментаваць