Эксперты ў абарону Курапатаў сустрэліся з амбасадарам Польшчы

Днямі ў Мінску адбылася сустрэча сябраў грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” з амбасадарам Польшчы ў Беларусі Лешакам Шарэпкам па яго ініцыятыве.



З беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі грамадска-палітычныя дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка, філолаг і журналіст Вінцук Вячорка, а таксама кандыдат гістарычных навук, археолаг Валянціна Вяргей і аўтар гэтай публікацыі. Грамадска-палітычны дзяяч, прадпрымальнік Алесь Макаеў, запрошаны на сустрэчу, не змог прыняць у ёй удзел.

Выконваючы даручэнне МЗС Польшчы, амбасадар Лешак Шарэпка заявіў пра жаданне польскага боку за ягоны кошт правесці ў Курапатах эксгумацыю месцаў забойстваў ахвяраў сталінізму, каб знайсці пацверджанні расстрэлаў менавіта там ахвяраў з так званага "Беларускага" Катынскага спісу, устанавіць іх імёны з дапамогай ДНК-ідэнтыфікацыі знойдзеных парэшткаў і ўшанаваць памяць бязвінных людзей. Прычым пад ушанаваннем разумецца не толькі перапахаванне парэшткаў расстраляных з удзелам святароў розных канфесій хрысціянства, юдаізму і ісламу, але і пайменнае ўвекавечванне памяці забітых праз стварэнне на тэрыторыі Курапатаў кварталу могілак польскіх афіцэраў — ахвяраў сталінскіх расстрэлаў.

Нагадаем, што на гэты момант слядоў расстрэлаў, якія чыніла НКВД у дачыненні да палонных афіцэраў Войска Польскага паводле "Катынскіх спісаў", беларускія археолагі менавіта ў Курапатах не выявілі. Ёсць розныя гіпотэзы. Разам з тым улады Рэспублікі Беларусі не дазваляюць ані паўнацэнных архіўных даследаванняў, найперш у архівах КГБ, ані раскопак іншых шматлікіх месцаў расстрэлаў сталінскімі катамі бязвінных ахвяраў у Мінску — у Лошыцы, у парку Чалюскінцаў, у Цівалях і г.д.

Паводле словаў спадара Шарэпкі, з намерамі польскага боку былі азнаёмлены мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх Беларусі і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама ўлады Рэспублікі Беларусі.

Як нагадалі сябры ГІ “Эксперты ў абарону Курапатаў”, Курапаты з’яўляюцца беларускай святыняй і нацыянальным некропалем, дзе ляжыць да чвэрці мільёна бязвінных ахвяраў сталінізму — лепшых сыноў і дачок Беларусі. Страта гэтых людзей і па сёння адмоўна адбіваецца на стане і патэнцыяле беларускай нацыі. Апроч таго, Курапаты — унікальны помнік гісторыі і археалогіі міжнароднага значэння, які не мае аналагаў у свеце.

Разам з тым цяперашняя дзяржава, не спрыяе захаванню Курапатаў, абмяжоўвае доступ грамадства да інфармацыі пра ўрочышча і сітуацыю вакол яго. Нават у сярэдніх школах, што знаходзяцца за 200 метраў ад Курапатаў, школьнікам не распавядаюць пра трагедыю ўрочышча і сітуацыю вакол яго, а таксама не прапануюць экскурсію ў гэтае жудаснае месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.

Пра сапраўдныя адносіны цяперашняй дзяржавы да Курапатаў сведчыць і тое, што яе кіраўнік за 21 год свайго знаходжання на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе так ні разу і не наведаў ўрочышча. За пасляваенны час дзяржава не раз спрабавала знішчыць Курапаты, калі вывозіла парэшткі забітых ахвяраў (праўда, неахайна), пракладвала праз урочышча Мінскую кальцавую аўтадарогу і газапровод, насуперак пазіцыі грамадскасці пашырала МКАД, цягам 11 гадоў пакідала гэты помнік без зацверджанай ахоўнай зоны, незаконна выдзяляла зямлю ў ахоўнай зоне каштоўнасці бізнесоўцам, паступова звужала шырыню ахоўнай зоны Курапатаў з 300 да 50 метраў, да гэтай пары так і не выканала ўрадавую пастанову 26-гадовай даўніны “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты”.

Калі пагадненні Польшчы з дзяржаўнай уладай Рэспублікі Беларусі будуць заключаныя без удзелу і ўліку меркаванняў беларускай грамадскасці, беларускіх археолагаў, якія займаліся раскопкамі гэтага страшнага месца, то існуе верагоднасць невыканання ўладамі Беларусі ўзятых на сябе абавязкаў, а нават выкарыстання імі сітуацыі для далейшага сцірання ў прамым і пераносным сэнсе з карты Беларусі Курапатаў як беларускага некропалю. Бо дагэтуль умяшанне цяперашняй дзяржавы ў пытанне Курапатаў ні да чаго добрага не прыводзіла.

У гэтай сітуацыі сябры ГІ “Эксперты ў абарону Курапатаў” шукаюць спосабы бараніць будучыню Курапатаў, паважаючы і вітаючы справядлівае памкненне польскага боку знайсці ў Мінску сляды расстрэлаў польскіх афіцэраў паводле "Катынскіх спісаў" ды належна ўшанаваць іх памяць. На думку экспертаў, гэтая праца павінна праводзіцца паэтапна, мець бясспрэчнае навуковае абгрунтаванне і абавязкова ўлічваць вядомае стаўленне цяперашніх уладаў Беларусі да мясцінаў, звязаных з сталінскімі рэпрэсіямі.

Сёння мы не ведаем, дзе менавіта адбываліся расстрэлы польскіх вайскоўцаў. Таму сярод прапаноў прадстаўнікоў беларускай грамадскасці — супраца беларускіх і польскіх археолагаў найперш у галіне архіўных пошукаў, аналізу ўжо сабраных артэфактаў з курапацкіх раскопак ды іх супастаўлення з рэчавымі доказамі, знойдзенымі ў Катыні (Расея) і Быкоўні (Украіна), адмысловая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, знаёмства беларускіх археолагаў з вынікамі працы іх польскіх калег па даследаванні месцаў забойстваў польскіх афіцэраў. На наступным этапе гэта магло б быць археалагічнае даследаванне іншых, акрамя Курапатаў, месцаў масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў у Мінску і ягоным наваколлі дзеля пошуку парэшткаў ахвяраў з “Беларускага” Катынскага спісу.

Трэба мець на ўвазе, што сустрэча з Лешакам Шарэпкам адбылася напярэдадні візіту ў Мінск сакратара Рады па ахове памяці змагання і пакутніцтва (Rada Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa — дзяржаўная арганізацыя Польшчы, якая займаецца ўшанаваннем памяці пра гістарычныя падзеі, што ўвасабляюць “змаганне і пакутніцтва польскага народу”), прафесара Анджэя Кунэрта.

Для падрыхтоўкі гэтай сустрэчы Лешак Шарэпка запрасіў да сябе прадстаўнікоў розных групаў, якія займаюцца мемарыялізацыяй і юрыдычнай абаронай Курапатаў. На думку экспертаў, па выніках сустрэч амбасада Польшчы мяркуе атрымаць падтрымку сваіх планаў з боку прадстаўнікоў беларускай грамадскасці.

Нагадаем, у польскім грамадстве існуе меркаванне, што ахвяры з “Беларускага” Катынскага спісу забіты менавіта ў Курапатах. Пра гэта 7 кастрычніка 2014 года ў Мінску заявіў дырэктар Музея гісторыі Польшчы (Варшава) Роберт Костра на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў рэдакцыі газеты “Народная Воля”.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта НЧ, спадар Костра сказаў, што, на ягоную думку, менавіта ў Курапатах — у найбольш буйным месцы расстрэлаў ахвяраў сталінізму ў Беларусі — і хаваецца таямніца забойства каля чатырох тысяч польскіх афіцэраў з “Беларускага” Катынскага спісу. Аднак каб пацвердзіць гэтае меркаванне, якое склалася на грунце ўскосных фактаў, неабходна правесці археалагічныя даследаванні, бо іншых прамых доказаў, у тым ліку і архіўных, на жаль, пакуль не знойдзена, сказаў дырэктар Музею гісторыі Польшчы. 

Згодна паведамлення Польскага радыё, 8 чэрвеня 2014 года Курапаты наведаў сакратар Рады па ахове памяці змагання і пакутніцтва, прафесар Анджэй Кунэрт.

Ён назваў Курапаты “чарговым вялізным трагічным лёсам ў гісторыі Польшчы” і, што “найбольш верагодна, апошнім недастаючым месцам для спаўнення абавязку Рэчы Паспалітай па пайменным ушанаванні і для пабудовы апошніх Катынскіх могілак”. Як падкрэсліў спадар Кунэрт, “ёсць істотная пэўнасць”, што менавіта ў Курапатах можа ляжаць дагэтуль не знойдзеная частка забітых польскіх афіцэраў — ахвяраў Катыні. Пры гэтым сакратар Рады па ахове памяці змагання і пакутніцтва адзначыў, што па дамоўленасцях з беларускім бокам трэба будзе прайсці ўсе неабходныя працэдуры, звязаныя з эксгумацыяй і ідэнтыфікацыяй, а таксама з узвядзеннем помніка.

Згодна інфармацыі прэсавай службы МЗС Польшчы, 28 жніўня 2014 году ў Варшаве пад час сустрэчы міністраў замежных справаў Беларусі і Польшчы Уладзіміра Макея і Радаслава Сікорскага ўзнімалася пытанне пра магчымасць распачаць зандажна-эксгумацыйныя працы ў Курапатах, а таксама пра верагоднасць пабудовы там апошняга катынскага могільніка.

На прэсавай канферэнцыі 15 студзеня 2013 году ў адказ на пытанне журналіста Польскага радыё пра “Беларускі” катынскі спіс, які змяшчае імёны не менш чым 3.870 палякаў, забітых супрацоўнікамі НКВД на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе, а таксама пра мажлівасць правядзення раскопак у Курапатах, галава беларускай дзяржавы заявіў наступнае: “Плаціце грошы, калі вас нешта цікавіць. Мы ўсё правядзем і вам адкажам. Якія праблемы? Палякі не чужыя нам людзі. Заплаціце грошы -- правядзем раскопкі, дзе вы лічыце патрэбным, і адкажам на вашае пытанне. Абыдземся без польскіх спецыялістаў. У нас стае беларускіх. Мы да вас не едзем раскопкі праводзіць, і вам да нас не трэба ехаць. Нам смаленскай гісторыі было досыць. Мы самі сумленна і прынцыпова гэта зробім. Калі журналісты хочуць суправаджаць гэты працэс — калі ласка”.

Каментаваць