Развіваць малы бізнес і раскрываць транзітны патэнцыял

Дырэктар Эстонскага інстытуту даследавання будучыні, прафесар эканомікі Эрык Тэрк адказаў на пытанні журналіста НЧ Арцёма Лявы наконт перспектываў рэфармавання Беларусі.



— Якія ў вас склаліся ўражанні ад наведвання нашай краіны? Наколькі нашае грамадства падобнае да еўрапейскага?

— Калісьці, яшчэ ў савецкі час, я быў транзітам у мінскім аэрапорце. Мінск бачыў з вышыні птушынага палёту. У незалежнай Беларусі я бадай упершыню.

Калі грунтавацца на досведзе стасункаў з людзьмі, з якімі я бачыўся падчас гэтага кароткага візіту, то можна казаць, што вы блізкія да сучаснай Еўропы. Але калі на канферэнцыі я пачуў даклад вашага сацыёлага Алега Манаева, па некаторых прадстаўленых пазіцыях я зразумеў, што сацыяльная сітуацыя ўсё ж такі даволі істотна адрозніваецца.

— Вы з'яўляецеся спецыялістам прагназавання эканамічнага развіцця Эстоніі і суседніх еўрапейскіх краінаў. У якім кірунку магла б, на вашу думку, развівацца Беларусь?

— Я, на жаль, даволі мала ведаю пра Беларусь, таму мае меркаванні могуць быць дастаткова павярхоўнымі. Адзінае, я магу сказаць: інвестары, якія цяпер цікавяцца Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, маглі б пачаць інвеставаць у Беларусь, калі б у вас палепшыўся бізнэс-клімат і агульны палітычны бэкграўнд. З геаграфічнага пункту гледжання ўсё гэта выглядае вельмі лагічна. І працоўная сіла Беларусі мае даволі высокую прамысловую культуру. Калі б я быў замежным інвестарам, і сітуацыя тут бы змянілася, я б адразу разглядзеў магчымасць інвеставання ў Беларусь. Другі аспект — гэта наяўнасць у Беларусі транспартных каналаў. Напрыклад, фінскі экспарт на поўдзень. Гэты паток мог бы павялічыцца. Праз Беларусь у Адэсу, Турцыю, Балканы… Гэта даволі перспектыўны накірунак з пункту гледжання лагістыкі.

— Якія стратэгіі развіцця маглі б быць у Беларусі?

— Я памятаю з 1992–1993 гадоў падчас рознага роду абмеркаванняў магчымасцяў супрацоўніцтва краін Балтыі, ствараліся мапы ў межах розных праграмаў, і там даволі часта Беларусь таксама фігуравала як партнёр. Але я не памятаў глыбокіх абмеркаванняў ролі Беларусі ў такой інтэграцыі, паколькі звычайна ад Беларусі не было афіцыйных прадстаўнікоў. Гэта былі мадэлі, намаляваныя фінамі альбо шведамі. Пазіцыі вашай краіны мы не чулі.

Ваша лёгкая прамысловасць у межах Еўрасаюза не мае патэнцыялу, бо гэтыя рэчы танней вырабляць у іншых краінах, і наўрад ці Беларусь пагодзіцца стаць краінай, дзе заробкі будуць вельмі нізкія, але ваша электроніка і машынабудаванне маюць пэўны патэнцыял для інтэгравання з еўрапейскімі рынкамі. Эстонія калісьці пачынала з субкантрактных работаў на шведскія і эстонскія фірмы. Паколькі кваліфікацыя працоўнай сілы была даволі высокая, а кошт вытворчага экспарту быў нашмат таннейшы, мы мелі замовы ад суседзяў і змаглі стрымаць рост беспрацоўя.

Беларусі вельмі важна арыентавацца на паляпшэнне ўмоў для малога бізнэсу. Гэта важна не толькі для развіцця ўнутранага рынка. Новыя малыя прадпрыемствы, прыкладам, у сферы электронікі і інфармацыйных тэхналогій, могуць пачаць экспартаваць свой прадукт на замежныя рынкі нават ад пачатку свайго стварэння.

— Куды лепей інтэгравацца Беларусі з пункту гледжання эканомікі, у Еўропу альбо Расію?

— Не варта абмяжоўваць магчымасці альбо-альбо. З геапалітычнага пункту гледжання гэта нявыгадна для Беларусі. Ваша краіна знаходзіцца ўсё ж такі паміж Усходам і Захадам. Калі глядзець на сённяшнюю сітуацыю, калі стасункі паміж Захадам і Расіяй пагаршаюцца, ідзе так званая «гульня з нулявой сумай». Для вас гэта кепская сітуацыя.

— Як можа паўплываць крызіс паміж Расіяй і Украінай на эканамічнае развіццё іншых краін?

— Уплыў гэтага крызісу на розныя краіны Еўрасаюза можа адрознівацца. Ён можа залежыць, напрыклад, ад таго, наколькі тая ці іншая краіна энергетычна залежная ад Расіі. Напрыклад, Эстонія здабывае энергію з мясцовых сланцаў. І толькі 11% экспарту ідзе ў Расію. Імпарт з Расіі яшчэ меншы. Канешне санкцыі супраць Расіі створаць некаторыя нязручнасці для заходніх краін, але расійскі фактар для эканомікі ЕС не такі важны, як камусьці можа здавацца.

— Для Беларусі пагоршыцца эканамічная сітуацыя ў звязку з украіна-расійскім крызісам, альбо наадварот з'явіцца акно магчымасцяў?

— Наўрад ці ў звязку з гэтым геапалітычным крызісам сітуацыя ў Беларусі неяк палепшыцца. Магчыма, вы здолееце замясціць для Расіі некаторыя заходнія тавары. Але зразумела, што эканамічная сітуацыя ў Расіі ва ўмовах канфлікту з Захадам пагаршаецца, і сумняюся, што Расія будзе здольная ў такой сітуацыі на ранейшым узроўні датаваць Беларусь. Негатыўна будзе ўплываць на беларускую эканоміку і падзенне таваразвароту з Украінай. Шмат залежыць ад таго, што будзе з эканомікай Расіі, калі яна пойдзе на абвастрэнне стасункаў з Захадам. Я не бачу тут для яе асаблівых магчымасцяў, бо расійская эканоміка базуецца на нафце і газе, і хутка яе пераарыентаваць на іншыя рынкі не атрымаецца.

— Якую мадэль развіцця магла б узяць Беларусь?

— Ёсць многа ўніверсальных рэчаў, якія робяць краіны, што сталі на шлях рынкавых рэформаў, ёсць у кожнай краіны таксама і свая спецыфіка. Эстонія, напрыклад, — гэта даволі чысты ўзор ліберальнай рынкавай эканомікі разам з усімі плюсамі і мінусамі гэтай мадэлі. Нешта з нашага досведу можа мець для вас пэўны інтарэс. Вы можаце аналізаваць і іншыя даволі паспяховыя мадэлі, напрыклад, тыя, якія класіфікуюцца як «coordinated market economies» (Славенія) альбо гібрыды паміж гэтымі двума тыпамі (Чэхія). З блізкіх вам краін варта звярнуць увагу на Польшчу і Літву. Вы можаце разглядаць розныя варыянты, ацэньваць плюсы і мінусы, пазбегнуць некаторых памылак.

— Ці магчыма ў Беларусі пабудаваць капіталізм без дэмакратыі?

— У Еўропе гэта будзе зрабіць няпроста. Найперш, трэба вызначыцца, што такое беларуская эканоміка ў дадзены момант. Гэта дзяржаўны капіталізм альбо нейкі змешаны варыянт, капіталізм з нейкімі элементамі бюракратычнага сацыялізму? Заходнія эксперты не ўпэўненыя, што такі варыянт жыццяздольны ў перспектыве, наколькі ён увогуле эфектыўны і колькі пратрымаецца без, прыкладам, танных энерганосьбітаў. Я не веру ў гэта. Нават такія краіны, як Кітай, якія пачалі пераход на рынкавую эканоміку без палітычнай лібералізацыі, паступова набліжаюцца да агульных прынцыпаў існавання сучаснага грамадства.

Даведка:

Эрык Тэрк


Доктар эканамічных навук, прафесар эканомікі. Дырэктар Эстонскага інстытуту даследавання будучыні. У 1998–2003 гадах з’яўляўся сябрам Назіральнай рады Банку Эстоніі. З 1993 па 1998 гады ачольваў Таварыства эстонскіх эканамістаў. Намеснік міністра эканомікі ва ўрадзе Эдгара Савісаара — першага прэм’ер-міністра незалежнай Эстоніі (1989–1992 гады).

Каментаваць