Фурусава — гэта галава!

Беларускія паслядоўнікі літаратурных пікейных камізэлек жывуць надзеямі на структурныя рэформы. Нават памочнік АП прапануе грамадскую энергію накіраваць не «на выкананне даручэнняў, колькі на стварэнне, стварэнне новага».



Я рэгулярна карыстаюся Вікіпедыяй. Зручна і аператыўна. Набіраю слова — і праз долі секунды атрымліваю адказ. Напрыклад, «локус кантролю» (ад лац. «locus» — «месца» і «controle» — «праверка») — паняцце ў псіхалогіі, якое характарызуе ўласцівасць асобы прыпісваць свае поспехі ці няўдачы ўнутраным або знешнім фактарам. Схільнасць прыпісваць вынікі дзейнасці знешнім фактарам называецца «знешні локус кантролю». Схільнасць прыпісваць вынікі дзейнасці ўнутраным фактарам называецца «ўнутраны локус кантролю».

А цяпер, пасля засваення тэарэтычнага курсу, прапаную заняцца практычнай псіхалогіяй. Я прывяду выказванні дзяржаўнага дзеяча, а чытачы папрактыкуюцца ў вызначэнне яго локуса кантролю.

«Причины возникшей сложной ситуации в экономике очевидны: санкции против главного нашего партнера, падение цен на нефть, девальвация российского рубля, сужение российского рынка. Все это привело к естественному и резкому падению сбыта продукции на рынках наших ключевых партнеров не только в Беларуси, но и в самой России, Украине и Казахстане, на всем постсоветском пространстве».

Нагадваю, неабходна вызначыць не аўтара выказвання. Аўтарства пытанняў не выклікае. Для тых, у каго паўсталі цяжкасці з першай цытатай, прыводжу другую: «Кризисы когда-либо закончатся, рано или поздно, мы уже эти кризисы переживали не единожды, но когда выходишь из кризиса, и на твою продукцию есть спрос, а нет рабочего люду, нет рабочего класса, который производил эту продукцию, тогда беда».

Спадзяюся, знаўцы кітайскай філасофіі і без маёй падказкі адчулі ўплыў Канфуцыя на нашага сучасніка. Яны маюць рацыю: «Сядзі спакойна на беразе ракі, і міма праплыве труп твайго ворага».

Не да мадэрнізацыі

Крызіс — гэта этап у развіцці сістэмы, калі сістэма аказваецца не ў стане адказаць на зменлівыя знешнія выклікі. Калі пагадзіцца з такім вызначэннем, то парада Канфуцыя можа апынуцца і бескарыснай.

Так, крызісы выклікаюцца знешнімі прычынамі. Але нават цяжарнасць выклікаецца знешняй прычынай. З гэтага факту, аднак, не вынікае, што жанчына павінна проста чакаць яе заканчэння. Тут магчымы выхад на скрыжаванне. Але і крызіс — гэта выхад на скрыжаванне. Ён дае магчымасці як для развіцця, так і для дэградацыі.

Выбар за палітычнай элітай. У красавіцкім пасланні адзінага палітыка (АП) тэма выбару стала цэнтральнай.

Ён пачаў з ацэнкі бягучай сітуацыі. Эканоміка — «гарант нашей независимости», і сёння яна «переживает не лучшие времена». Чаму? Таму што «внешние факторы нам неподвластны» і «проблемы соседей немедленно становятся нашими собственными».

Для змены часоў (не самых лепшых на спрыяльныя) АП прапанаваў да канца года прыняць 10 важных рашэнняў, якія павінны забяспечыць новыя фактары росту. Пад уражаннем круглай лічбы расійская «Незалежная газета» на наступны дзень апублікавала артыкул пад кідкім загалоўкам «Лукашэнка адважыўся на эканамічныя рэформы».

Сапраўды, слова «рэформы» чатыры разы было згадана ў дакладзе, але як бы між іншым. Затое ўпершыню за апошнія 14 гадоў у пасланні не знайшлося месца для слова «мадэрнізацыя». Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. Новыя фактары росту — гэта набор адміністрацыйных мераў, накіраваных на павышэнне, узмацненне і ўдасканаленне. Іх аб’яднала ў адзін пакет... адсутнасць патрэбы ў фінансаванні. Казна пустая. Рэальныя даходы насельніцтва падаюць. Не да мадэрнізацыі.

Новая эканамічная ідэя

Пікейныя камізэлькі ў рамане Ільфа і Пятрова «Залатое цяля» любы факт разглядалі як прэлюдыю да абвяшчэння Чарнаморска вольным горадам. Іх беларускія паслядоўнікі жывуць надзеямі на хуткія структурныя рэформы. Яны не чытаюць «Праўду», але актыўна наведваюць апазіцыйныя сайты.

— Чыталі, беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у вясновай сесіі МВФ.

— Кажуць, намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц уручыў намесніку дырэктара-распарадчыка фонду Міцухіра Фурусаве «дарожную карту».

— Фурусава — гэта галава! А вы чулі, прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў вітаў узважаны падыход Сусветнага банка да аналізу эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне?

— Я скажу вам шчыра, Кабякову пальца ў рот не кладзі. Я  б свой палец не паклаў...

У красавіку цудоўную нагоду для такога кшталту размоваў даў памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды, які апублікаваў у «Беларускім эканамічным часопісе» артыкул «Структурныя эканамічныя рэформы: неабходнасць для Рэспублікі Беларусь і замежны досвед».

Прызнаюся, раздзел, прысвечаны пагаршэнню нацыянальнай эканомікі і дэфіцыту фінансавання, зрабіў на мяне вялікае ўражанне. Пераканаўчых лічбаў шмат. Абмяжуюся адным прыкладам. 2011 год у гісторыі беларускай мадэлі быў апошнім, калі прырост ВУП перавысіў сярэднесусветны. У бягучым годзе чакаецца падзенне. Апраўданасць негатыўных чаканняў пацвярджае вынік першага квартала (-2%).

Што прапануе аўтар? Аўтар прапануе рэформу структуры эканомікі. І зноў лічбы, лічбы. На гэты раз яны запазычаныя з міжнароднай статыстыкі. З іх дапамогай памочнік прэзідэнта ацэньвае структурныя эканамічныя рэформы ў 26 (!) краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і СНД.

Сацыякультурныя асаблівасці краін пры гэтым ігнаруюцца. Нагадаю, аўтар — памочнік АП па эканамічных пытаннях. Таму так натуральна ён аперуе міжкраінавай статыстыкай: «Найбольшы адток рэсурсаў быў ва Узбекістане — у 1993 г. (20,4% ад агульнай колькасці працоўных рэсурсаў), Грузіі — у 1992 г. (16,9%), Венгрыі — у 1991 г. (5,4%)...» І так на 6 старонках.

Але ўсе лічбы паспелі стаць гісторыяй, аўтар жа заклапочаны будучыняй Беларусі. У яе прапануецца ўвайсці з дапамогай «Новай эканамічнай ідэі». Цытую: «Для новага эканамічнага рыўка неабходныя грамадская энергія, маральна-псіхалагічная матывацыя, натхненне, нацэленае не столькі на выкананне даручэнняў, колькі на стварэнне, стварэнне новага ў эканоміцы. Для гэтага патрэбна зарадзіць найбольш крэатыўную частка грамадства (навукоўцаў, прадпрымальнікаў, дзяржапарат) новай вялікай ідэяй, якая б аб’яднала ўвесь соцыум. Такой ідэяй можа стаць, напрыклад, «калектыўны лібералізм», які прадугледжвае не плюралізм рознанакіраваных меркаванняў і рухаў, а грамадскую засяроджанасць на вырашэнні канкрэтнай эканамічнай задачы».

З «большасці» на «меншасць»

Беларуская мадэль выбудаваная па прынцыпу ўнітарнага прадпрыемства, г.зн. прадпрыемства з адным уладальнікам (УП «Беларусь»). Імя ўладальніка ўсім добра вядомае. Таму перш чым аналізаваць прапановы чарговага рэфарматара, неабходна зразумець, што ўласна прапануецца рэфармаваць: асобныя элементы ўнутры УП або само УП.

У першым выпадку рэформы не прынясуць карысці. У другім — без згоды ўладальніка УП рэформы немагчымыя.

Аўтар прапануе ажыццявіць рывок за кошт маральна-псіхалагічнай матывацыі найбольш крэатыўнай часткі грамадства (навукоўцы, прадпрымальнікі, дзяржапарат). Калі выключыць з пераліку дзяржапарат, то ў сухім астатку мы атрымаем тыповых прадстаўнікоў беларускай «меншасці».

Аднак уладальнік УП ужо два дзясяткі гадоў абапіраецца на «большасць», якая не прэтэндуе на крэатыўнасць. Ці ўсведамляе аўтар ступень радыкальнасці сваёй прапановы? Думаю, усведамляе, але не да канца. Адсюль прызнанне, што «без палітычнай волі не будзе ні падтрымкі, ні даверу да рэформаў».

Але палітычнай воляй у Беларусі валодае толькі адзін чалавек. У адрозненне ад свайго памочніка, ён выдатна разумее, што перанос апоры з «большасці» на «меншасць» у гістарычнай навуцы прынята называць «буржуазнай рэвалюцыяй». Але ці варта дзеля рэвалюцыі, няхай нават і буржуазнай, праяўляць палітычную волю?

Д’ябал хаваецца ў дэталях

Абгрунтаванасць маіх сумненняў рэгулярна пацвярджае сам уладальнік УП. Прыводжу прыклад, запазычаны з афіцыйнага прэс-рэлізу: «Вот вы говорите, что щепу девать некуда. Давайте решим следующим заходом, что будем делать со щепой, коль рынок просел за пределами. Это мы должны сделать как можно быстрее. Начертим каждому губернатору, сколько он должен построить котлов, где он построит эти котлы, чтобы сжечь 1,5 млн. куб. м щепы».

Нагадаю, памочнік АП прапануе грамадскую энергію накіраваць не «на выкананне даручэнняў, колькі на стварэнне, стварэнне новага ў эканоміцы». А чым у гэты час заняты сам АП? Ён вырашае прыватную праблему будаўніцтва катлоў. Вырашае ў звыклым для сябе стылі.

Жыццё, такім чынам, ідзе сваёй чарадой, а навукападобныя развагі па яго рэфармаванні — сваёй. І ў гэтым паралельным руху няма нічога новага і арыгінальнага.

Але не будзем адчайвацца. Крыху міжнароднай статыстыкі, якую так любіць памочнік прэзідэнта. Калі ў перыяд з 1820-х да 1950-х гадоў дэмакратычныя краіны павялічвалі падушавы ВУП у сярэднім на 2% у год, а дыктатуры — на 0,86%, то з 1950 года гэтыя паказчыкі складаюць 2,4% і 2% адпаведна.

Але д’ябал любіць хавацца ў дэталях. «Для ўсіх паспяховых дыктатур, — адзначае эканаміст Андрэй Мовчан, — агульным правілам з’яўляецца апора на брытанска-амерыканскую сістэму права, запрашэнне ва ўладу выпускнікоў брытанскіх і амерыканскіх ВНУ, стымуляванне атрымання заходняй адукацыі элітай. Можна казаць і шырэй: усе больш-менш паспяховыя дыктатуры мелі свайго роду доўгатэрміновы кантракт з умоўным Захадам, які ўключаў у сябе маштабныя інвестыцыі, адкрытыя рынкі для заходніх карпарацый, двухбаковыя гандлёвыя прэферэнцыі і іншае».

Гэтым шляхам, дарэчы, спрабуе ісці Казахстан. Калі з 1994 па 2004 гады па адной толькі прэзідэнцкай праграме «Балашак» за мяжой навучыліся 785 чалавек, то, пачынаючы з 2005 года, іх колькасць перавысіла 3000.

Але ў Кірыла Рудога свой погляд на эканамічны рывок. У яго аснове ляжыць «грамадская засяроджанасць на вырашэнні канкрэтнай эканамічнай задачы», г. зн. мабілізацыя ва ўмовах аднадумства.

Каментаваць