Game Over, або Край ніякіх талераў

Толькі вельмі абыякавыя людзі не абмяркоўваюць дату другога этапу дэвальвацыі беларускага рубля. Бліжэйшая з іх, якую даводзілася чуць аўтару гэтых радкоў, — 8 чэрвеня. Тое, што Міжнародны валютны фонд пакуль не выдаў Беларусі другі транш свайго крэдыту, толькі падштурхоўвае грамадскую думку ў гэтым кірунку, бо ўсе памятаюць, чым быў абумоўлены першы транш напрыканцы мінулага года.

Наступная дэвальвацыя не за гарамі?



Толькі вельмі абыякавыя людзі не абмяркоўваюць дату другога этапу дэвальвацыі беларускага рубля. Бліжэйшая з іх, якую даводзілася чуць аўтару гэтых радкоў, — 8 чэрвеня. Тое, што Міжнародны валютны фонд пакуль не выдаў Беларусі другі транш свайго крэдыту, толькі падштурхоўвае грамадскую думку ў гэтым кірунку, бо ўсе памятаюць, чым быў абумоўлены першы транш напрыканцы мінулага года.

Наступная дэвальвацыя не за гарамі?

Цяперашні перадінфарктны стан дзяржсектара беларускай эканомікі было б цалкам недарэчна зводзіць выключна да наступстваў сусветнага крызісу. Больш за тое, з упэўненасцю можна сцвярджаць, што беларускай эканамічнай мадэлі эпохі Лукашэнкі «па-любому» было наканавана сканаць на працягу бліжэйшых гадоў. Скарачэнне імпартнага патэнцыялу Расіі ды Украіны апошняй восенню з-за імклівага падзення попыту і коштаў на сыравіну ды паўфабрыкаты з гэтых краін хіба забіла апошні цвік у дамавіну няхітрай, але даволі жывучай схемы функцыянавання «луканомікі». Можна параўнаць уплыў гэтага чынніка са своеасаблівым праяўнікам аналагавай фотастужкі, які робіць даступным для прагляду тое, што раней існавала ў прытоенай форме. Ранейшы «пазітыўны» ўяўны прафіцыт бюджэту праявіўся «негатыўным» страшэнным дэфіцытам.

Можна прыгадаць паведамленне пра поспехі Беларусі ад 29 красавіка 2008 года (звяртаю ўвагу, менавіта 2008-га): «Прафіцыт бюджэту Беларусі ў студзені-сакавіку склаў 1,8 трыльёна беларускіх рублёў (850 мільёнаў долараў), паведамілі БелТА ў Міністэрстве фінансаў. Спецыялісты растлумачылі, што, улічваючы незапатрабаванасць распарадчыкамі сродкаў, прадугледжаных планавых асігнаванняў у поўным аб’ёме, а таксама асобныя выдаткі рэспубліканскага бюджэту, адкладзеныя на другі і трэці кварталы бягучага года, рэальны прафіцыт рэспубліканскага бюджэту без уліку фондаў ацэньваецца ў суме каля 100 мільярдаў рублёў». Чаму ж ужо напрыканцы лета пераможныя эканамічныя рэляцыі дзяржаўных рупараў прапаганды пачалі знікаць, хаця сусветны крызіс наўпрост нас яшчэ не датычыўся?

Нядаўні прафіцыт не складаўся з «рабочых», а наадварот меў паходжанне з «дурных» грошай. Для тых, хто далёкі ад свету эканамічных рэалій, мушу нагадаць — падатковая нагрузка ў нас з прычыны назапашвальнай сістэмы падаткаабкладання перавышае 50 працэнтаў ВУП, у той час як у большасці краін Еўропы гэты паказчык звычайна складае 30–35 працэнтаў. Здаецца, самым разумным крокам будзе зніжэнне падатковай нагрузкі, а не складанне мільярдаў у бюджэце. Маўляў, займацца размеркаваннем прыбыткаў і інвестыцыямі павінны прадпрыемствы і грамадзяне, а не дзяржава... Але сярод асобных эканамічна актыўных персонаў Беларусі існуе думка, што нашы бюджэтныя «дурныя» грошы не вартыя нават гэтага акрэслення, бо папросту былі (і ёсць) «ніякімі» грашыма.

У цяперашняй беларускай сітуацыі лішак грашовай масы, якая паступае ў эканоміку, будзе выдаткаваны на набыццё імпартных тавараў. Што, уласна, і назіралася апошнія чатыры-пяць гадоў адноснага дастатку. Нават бытавыя тавары, што быццам бы зробленыя ў Беларусі, звычайна толькі мясцовая зборка кітайскіх, карэйскіх ці еўрасаюзных камплектуючых. Тыя ж аўтобусы МАЗ уявіць сабе без мерседэсаўскага рухавіка з АКП ужо папросту немажліва. На інтэгралаўскіх маніторах і гарызонтаўскіх тэлевізарах хутка нават апошняя шрубка будзе мець раскосы выгляд... Таму адмоўнае сальда гандлёвага балансу расло месяц за месяцам яшчэ задоўга да крызісу.

Дзяржаўны апарат спрабаваў з гэтым змагацца, але ўсё было марна. Бо за гады незалежнасці практычна нічога не было зроблена па стварэнню новых вытворчасцяў, якія б маглі працаваць на экспарт, не мадэрнізаваліся сферы паслуг, лагістычныя цэнтры. Пачалося гэта яшчэ з часоў Кебіча і Шушкевіча, калі тую ж «Motorola» не пусцілі на «Інтэграл» — так што «не ўсё кепскае пачалося ад часу першых прэзідэнцкіх выбараў».

Імпарту Stop


Цяпер лішнія грошы насельніцтва не могуць быць выдаткаваныя толькі «на імпарт». А куды іх яшчэ траціць? Беларуская прадукцыя неканкурэнтаздольная (нават пры льготных коштах на расійскі газ) альбо яе няма. Гэта значыць, пасля задавальнення патрэбаў у выглядзе прадуктаў і паслуг першай ступені неабходнасці (прадукты, камунальныя паслугі), беларускі спажывец будзе траціць грошы на набыццё іншых тавараў, як то мэбля, бытавая тэхніка, аўтамабілі, кампутары, сотавыя тэлефоны. А гэта (акрамя, бадай, мэблі) пераважна імпарт.

Каб закупіць імпарт, патрэбна валюта. Каб купіць валюту, трэба абмяняць беларускія рублі на долары або еўра. Каб дазволіць беларусам спажываць імпарт, трэба мець дастатковы запас валюты. А валюта за проста так не бярэцца — яе трэба зарабіць. Зараблялі на нафце, калійных угнаеннях, металакордзе, у меншай ступені — на мазах-белазах, ліфтах, аўтапагрузчыках ды іншым. Але вытворчасць не развівалася ў бок дыверсіфікацыі, таму і прыток валюты не мог павялічыцца ў памеры, здольным кампенсаваць рост коштаў на энерганосьбіты, метал, камплектуючыя. Гаворачы вобразнай мовай, наш край стаў падобны на хранічна няўдалага гульца за картачным сталом, якому трэба ўвесь час падвышаць стаўкі ўдвая — у ліхаманкавай надзеі, што атрымаецца кампенсаваць мінулыя пройгрышы адным махам. Але эканамічныя законы куды больш жорсткія, чым картачныя.



Праўда, мусім прызнаць, што падставы для падобных прымітыўных ілюзій у нашай улады меліся, бо раней шанцавала. Найбольш удалы прыклад — прывязка нацыянальнай валюты з 2003 года да долара ЗША, калі Пётр Пракаповіч практычна здзейсніў мару Зянона Пазьняка пра «краіну талераў». Плаўнае аслабленне курсу амерыканскай валюты, зразумела, у тандэме з энерганосьбітнымі палёгкамі-прэферэнцыямі з боку Расіі паспрыялі захаванню мінімальна дапушчальнага ўзроўню экспартнага патэнцыялу Беларусі. Плюс да гэтага шалёны попытны патэнцыял расійскага бізнесу, які меў падпітку ад экспартных сыравінных нафтавых, газавых і металавых звышпрыбыткаў з прычыны імклівага росту кітайскай ды індыйскай эканомік (якія запатрабавалі ладную колькасць рэсурсаў) ды ўвядзення заходніх войскаў у Ірак і Афганістан.

Але бясконца так працягвацца не магло. Наступствы патрабаванняў кіраўніка дзяржавы падвышаць аб’ёмы вытворчасці ў першым паўгоддзі 2008 года праявіліся цяпер як неабход­насць збыць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, вырабленую мінулым годам, ніжэй за сабекошт. І нават па гэтых коштах яна нецікавая спажыўцу. Бо метал і камплектуючыя былі закупленыя ў пік коштаў на іх. А сёлетняя прадукцыя канкурэнтаў для парадзелых шэрагаў спажыўцоў куды больш прывабная. Гульня «выспачка стабільнасці» падыходзіць да лагічнага канца...

Уяўны дабрабыт


Назіраўся своеасаблівы падман насельніцтва. З аднаго боку, дэкларавалі рост заробкаў, з іншага — падаткі заставаліся на высокім узроўні, раслі мыты, касаваліся палёгкі. У выніку лішкі грошай пачалі адбірацца альбо іх даводзілася траціць на тое, на што раней былі льготы. Рэальны ўзровень жыцця рос значна павольней дэклараванага імклівага росту краіны. А сабраныя падаткі, якія былі «ніякімі грашамі», у значнай ступені ляжалі мёртвым грузам. Іх няма куды траціць, дый нельга, бо можа здарыцца «вялікі чорны панядзелак рэжыму», калі народ паваліць забіраць свае лішкі з рахункаў беларускіх банкаў і купляць на іх замежную валюту.

Некаторыя асабліва смелыя спецыялісты — пакуль толькі ў прыватных гутарках — пачынаюць называць нават канкрэтныя даты. Бліжэйшыя з іх, якую даводзілася чуць аўтару гэтых радкоў, — напярэдадні 8 чэрвеня, калі ўрад быццам бы наважыцца правесці другі этап дэнамінацыі.

Менавіта для гэтага бралі ў Масквы крэдыты ў мінулым і гэтым гадах, а цяпер у Міжнароднага валютнага фонду, Венесуэлы, плюс «свопавая» дамова з КНР, спроба навязаць Маскве падобную схему на 100 мільярдаў расійскіх рублёў. Гэтыя грошы ляглі ў Нацбанк для забеспячэння плаўнага зніжэння курса беларускага рубля да амерыканскай і еўрапейскай валют (расійскі рубель тут нікога насамрэч не хвалюе, бо ён толькі адлюстроўвае кошты на сырую нафту). А вытворцам для папаўнення абаротных сродкаў патрэбныя долары ці еўра. Менавіта для гэтага і бяруцца замежныя пазыкі — толькі падтрыманне завышанага курсу беларускага рубля патрабуе каля паўмільярда долараў знешніх паступленняў штомесяц. Іншымі словамі, рэжым вымушаны траціць тое, чаго ў яго няма, пры дапамозе вонкавых запазычанасцяў, а сваю нічым не забяспечаную «паперу» прыходзіцца адбіраць. І адмовіцца ад вялікай падатковай нагрузкі ён не здольны, таму што будзе або дэфолт, або спатрэбяцца новыя пазыкі.

Узнікае парадаксальная сітуацыя. Пры тым што імпартныя мяса, цукар, кандытарскія вырабы каштуюць танней, чым вырабленыя ў Беларусі, беларусы змушаныя пераплачваць значныя сумы, каб купляць айчынныя тавары. Але, з іншага боку, вырабленая ў Беларусі сельгаспрадукцыя часта экспартуецца па цэнах ніжэй за сабекошт. Бо патрэбна валюта. У выніку мы назіраем ускоснае паніжэнне пакупной здольнасці беларуса.

Гульня з ніякімі талерамі (у некаторых крамах замест трох нулёў на цэтліках раз-пораз коратка пішуць «т») падышла да лагічнага канца.

Каментаваць