Гандаль і дыпламатычныя войны

У 2011 годзе, паводле дадзеных Белстату, Беларусь экспартавала тавараў на 40,3 мільярда долараў. Значную частку ў беларускім экспарце — амаль 40% — складае гандаль з краінамі Еўрасаюза. Разам з тым гандаль з заклятым саюзнікам — Расіяй — наадварот, паказвае адмоўныя вынікі.



У 2011 годзе, паводле дадзеных Белстату, Беларусь экспартавала тавараў на 40,3 мільярда долараў. Значную частку ў беларускім экспарце — амаль 40% — складае гандаль з краінамі Еўрасаюза. Разам з тым гандаль з заклятым саюзнікам — Расіяй — наадварот, паказвае адмоўныя вынікі.

Па выніках 2011 года сфармавалася адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў памеры 5 453,1 мільёна долараў. У 2010 годзе велічыня адмоўнага сальда складала 9 600,9 мільёна долараў. На паляпшэнне паказчыку па знешняму гандлю істотна паўплывала дэвальвацыя беларускага рубля, праведзеная летась. Нагадаем, што цягам года дэвальвацыя афіцыйнага курсу беларускага рубля склала 189%. «Той эфект, які мы атрымалі ад дэвальвацыі нацыянальнай валюты, на сённяшні дзень у пэўнай ступені вычарпаны, прадпрыемствы-экспарцёры працуюць ва ўмовах стабілізацыі на валютным рынку, таму яны павінны разлічваць на іншыя фактары, чым зніжэнне курсу нацыянальнай валюты», — адзначыў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў.

Гур’янаў, спаслаўшыся на пературбацыі ў сусветнай эканоміцы, зазначыў, што спрагназаваць гандаль з ЕС сёлета будзе складана. «У гэтай частцы ў нас ёсць пэўная заклапочанасць па захаванні нашых пазіцый на еўрапейскім рынку. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі будзе сур’ёзным спад у эканоміках краін Еўрасаюза, што выцякае з праблем канкрэтных краін, у тым ліку ўсім вядомай Грэцыі», — адзначыў намеснік міністра. Як могуць паўплываць на знешнегандлёвыя сувязі дыпламатычныя войны Мінска і магчымае ўвядзенне супраць Беларусі эканамічных санкцый, Гур’янаў не тлумачыў. Праўда, заўважыў: Беларусь разлічвае, што пры прыняцці рашэння аб увядзенні эканамічных санкцый у дачыненні да краіны Еўрасаюз улічыць інтарэсы бізнэсу. «У сучасным знешнім гандлі інструмент эканамічных санкцый і абмежаванняў не з’яўляецца прымальным і прадуктыўным. Мы разлічваем, што пры прыняцці рашэння аб увядзенні эканамічных санкцый ЕС будзе ўлічваць інтарэсы бізнэсу», — сказаў намеснік міністра.

Акрамя таго, падкрэсліў прадстаўнік МЗС, у перыяд крызісу 2009–2010 гадоў Беларусь не спыніла сваіх гандлёвых адносін з ЕС. Еўрапейскія прадпрыемствы, «па сутнасці, выжывалі дзякуючы кантактам з Беларуссю», сцвярджае Гур’янаў.

Цягам 2011 года беларускі экспарт у краіны Еўрасаюза вырас з 7,6 мільярда да 15,7 мільярда долараў, а імпарт з ЕС вырас прыкладна на мільярд долараў. Такім чынам дамінантная роля ў гандлёвых адносінах была за Беларуссю. Асноўны тавар для продажу еўрапейцам — нафтапрадукты, і дынаміка назіраецца істотная. Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Нідэрланды павялічыўся з 5 мільёнаў тон у 2010-м да 7,2 мільёна тон у мінулым годзе, у Латвію — з 853 тысяч тон да 1,9 мільёна тон, у Італію — са 182 тысяч да 653,6 тысячы тон.

Натуральна, пры такім раскладзе на магчымыя эканамічныя санкцыі хваравіта рэагуе не толькі Беларусь, але і некаторыя краіны ЕС. Напрыклад, газета “Dienas bizness апублікавала матэрыял са старшынёй праўлення Таварыства садзейнічання латвійска-беларускім эканамічным сувязям Альфрэдсам Чэпанісам, у якім гаворыцца, што ў выпадку санкцый супраць Беларусі, Латвія рызыкуе страціць 4–5% валавога ўнутранага прадукту. Іншыя непрыемныя наступствы гэтага кроку — рост беспрацоўя і скарачэнне грашовых паступленняў у дзяржбюджэт. Таму Чэпаніс спадзяецца, што эканамічныя санкцыі ўсё ж не будуць уведзены, паколькі ЕС і раней неаднаразова папярэджваў Мінск наконт падобных мераў, але ні разу не рэалізоўваў іх на практыцы. Дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрыс Тэйкманіс, наадварот, заяўляў, што ЕС, хутчэй за ўсё, прыме рашэнне ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Мінску, бо краіны Еўрасаюза настроены вельмі рашуча. Аднак, паводле яго слоў, Латвія не падтрымае ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі.

Эканаміст Сяргей Чалы гаворыць, што пры жаданні ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, напрыклад, эмбарга на пастаўку тавараў і прадуктаў, нафтапрадуктаў было б няцяжка, бо схемы і асноўныя краіны-спажыўцы не дыверсіфікаваныя. “Тэарэтычна, размова акурат пра тое і ідзе, што ў нас экспарт у Еўропу не дыверсіфікаваны як па краінах, так і па пазіцыях. Да таго ж асноўныя спажыўцы — гэта краіны з ільготным падаткаабкладаннем — Нідэрланды, Кіпр, там жа маюць рэгістрацыю многія кампаніі-пастаўшчыкі. Таму пры жаданні, калі б такое было, гэта не складана рэалізаваць. Нават па схемах, па якіх здзяйсняюцца пастаўкі, гэта было б магчыма зрабіць. Калі адмоўнае сальда будзе расці, то ва ўмовах Беларусі гэта будзе правакаваць аслабленне рубля, і ў выніку падаражанне камплектуючых, тавараў, гэтак далей. А гэта ўжо па ланцужку будзе адбівацца на якасці жыцця ў Беларусі.

Аднак эксперт адзначае, што ўвядзенне сапраўдных абмежаванняў (а не кропкавых, для канкрэтных асобаў, што ў цэлым для дзяржавы малаістотна) — малаверагоднае. “Калі нават па такіх сімвалічных рэчах, як візавыя санкцыі, ЕС дамаўляецца цяжка, то больш сур’ёзныя крокі ўвогуле цяжка ўявіць. Да таго ж улады Беларусі не настолькі кепска сябе паводзяць, каб можна было гаварыць пра ўвядзенне эканамічных санкцый. Былі санкцыі супраць Ірана, але нам да іх яшчэ далёка. Беларусь не нясе пагрозы бяспецы міжнароднай супольнасці, мы маем унутраныя праблемы, — падкрэслівае эканаміст Сяргей Чалы.

27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча. У адказ беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніцы прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Мора і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку “выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый. У адказ на гэта ўсе краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

Лідары краін Еўрасаюза 2 сакавіка на саміце ў Брусэлі заклікалі Савет ЕС прыняць “далейшыя меры ў дачыненні да Беларусі. Удзельнікі саміту выказалі “сур’ёзную і глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі, якое працягваецца ў краіне. Яны таксама віталі рашэнне Савета ЕС пашырыць спіс асоб, да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза ў сувязі з тым, што гэтыя асобы адказныя за парушэнне правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама “падтрымліваюць ці з’яўляюцца бенефіцыярамі рэжыму Лукашэнкі.

А між тым, як паведамляе Радыё “Свабода, пяць сябраў парламенцкага камітэта па замежных справах літоўскага Сейма выступілі з заявай супраць увядзення эканамічных санкцый адносна Беларусі.

Дэпутаты Юсцінас Каросас, Віцяніс Андрукайціс, Дайліс Баракаўскас, Міхаіл Мацкевіч і Андрус Шэджус лічаць, што «супраць праяваў аўтарытарызму ў Беларусі павінны прымяняцца толькі палітычныя інструменты ўсіх краін Еўрасаюза».

У заяве дэпутаты сцвярджаюць, што эканамічная ізаляцыя Беларусі падарве эканамічнае супрацоўніцтва суседніх краін і ў выніку пагоршыць фінансавае становішча самой Літвы.
 

Каментаваць