Гандлюйце, калі ласка!

Як сведчыць афіцыйная статыстыка, у 2013 годзе шматлікія эксперты чакалі пагаршэння паказчыкаў знешняга гандлю Беларусі. Але памяншэнне таваразвароту пачалося ўжо са студзеня і да канца месяца прывяло да стварэння адмоўнага сальда.



Экспарт тавараў у параўнанні са студзенем мінулага года ў бягучых коштах паменшыўся на 14,7% (на 515,8 мільёна долараў), імпарт — на 3,2% (на 104 мільёна долараў).

У студзені мінулага года мелі 261,5 мільёна долараў дадатнага сальда, у студзені 2013-га — мінус 150,3 мільёна долараў.

Шмат залежыць ад таго, як разглядаць статыстыку. З аднаго боку, вельмі цікавяць абсалютныя паказчыкі. Абсалютныя паказчыкі, безумоўна, маюць вялікае значэнне для аналізу, але яны не даюць дакладнага малюнку. Для яго стварэння патрабуюцца параўнанні. Толькі статыстыка дае магчымасць для параўнанняў. Прыкладам, на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета 15 сакавіка Уладзімер Пуцін ухваліў высокую дынаміку ўзаемных стасункаў Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы. На яго погляд, дзякуючы ёй Расія займае першае месца сярод знешнегандлёвых партнёраў Беларусі. А з іншага боку, РБ «выйшла на другое месца ў знешнім гандлі РФ з партнёрамі па СНД і шостае — з усімі астатнімі краінамі свету». Значыць, Пуцін думае, што гэта супрацоўніцтва можна лічыць узорам постсавецкай інтэграцыі, за якой памкнуцца іншыя, быццам бы як за першай ластаўкай.

Насамрэч, Пуцін мае рацыю, бо кажа сваю, расійскую праўду. За мінулы год таваразварот у гандлі таварамі Беларусі з Расіяй склаў амаль 44 мільярда долараў і падвысіўся амаль на 10% параўнанні з 2011 годам. Нічога неверагоднага ў такім пад’ёме не было, бо кошты на тавары падвышаюцца рэгулярна. І якая Беларусі ад гэтага карысць? Прыкладам, у 2012 годзе, як усе памятаюць, краіна працавала над імпартазамяшчэннем. У выніку экспарт падвысілі на 12,2%, і мы дабіліся, што імпарт падвышаўся менш хутка, чым экспарт. Па выніках года ён падвысіўся толькі на 8,1%. І пры ўсім пры гэтым адмоўнае сальда склала 11,25 мільярда долараў, або 70% ад 16,3 мільярда вартасці экспарту.

У студзені бягучага года маем: таваразварот 3,024 мільярда долараў, у тым ліку экспарт тавараў — 1,14 мільярда долараў, імпарт — 1,88 мільярда долараў. Па падліках Белстата, вартасны аб’ём экспарту ў параўнанні са студзенем 2012 года ў бягучых коштах павялічыўся на 10,4% (на 107,9 мільёна долараў), імпарту — паменшыўся на 14,8%, альбо на 327,1 мільёна долараў, адмоўнае сальда склала 743,2 мільёна долараў. А за студзень мінулага года адмоўнае сальда сягнула да 1 178,2 мільёна долараў. Ну і што? Можна радавацца, што адмоўнае сальда палепшылася ў 1,6 разу і чакаць, што ў стасунках з галоўным партнёрам сальда выйдзе на дадатны ўзровень?

Цяжка ў гэта паверыць. Як далікатна паведамляе Белстат, скарачэнне вартаснага памеру імпарту абумоўлена падзеннем фізічных аб’ёмаў увозу тавараў на 17%. Самае значнае пагаршэнне індэкса фізічнага аб’ёма імпарту зафіксавана па групе энергетычных тавараў (71,6%), але самым рашучым чынам скараціўся імпарт у натуральным выглядзе нафтапрадуктаў, якіх у студзені 2013 года завезена толькі 4,2% ад завезеных у студзені 2012 года.

Запытаемся ў спецыялістаў, чаму? Магчыма, цэны на нафтапрадукты настолькі павысіліся, што бізнэс перастаў быць прыбытковым? Не, кошты нафтапрадуктаў супраць студзеня мінулага года нават паменшыліся — аж на 16% (!). А на самай справе рускія западозрылі, што гэтыя нафтапрадукты беларусамі перапрадаюцца заходняму спажыўцу ў вялікіх аб’ёмах. Называюць іх растваральнікамі і разбавіцелямі і не дзяляцца мытай у расійскі бюджэт.

Спачатку Лукашэнка жартаваў з такіх падазрэнняў. А пасля ўжо трохі і зазлаваў, маўляў, чэсныя мы. А рускія не паверылі. Усталявалі кантроль і запатрабавалі, каб з кожнага долара выручкі мы адлічылі расійскай казне адпаведную мыту. А так — гандлюйце, калі ласка.

Як удакладніў Белстат, у студзені бягучага года знешнегандлёвае таварамі сальда паменшылася на 411,8 мільёна долараў адразу.

Зрабілі рашучы крок. Толькі куды?..

Каментаваць