Грошы на рэвалюцыю не даваць!

Дапамога «пятай калоне» пагражае бізнэсоўцам сур’ёзнымі непрыемнасцямі — такія навіны эканомікі ад кіраўніка дзяржавы на гэтым тыдні. Прадпрымальнікі мяркуюць, што пасыл адрасаваны не столькі шырокаму колу дробных бізнэсоўцаў, колькі набліжаным да вышэйшых асобаў дзяржавы алігархам.



Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі. Праўда, асноўны пасыл гэтага мерапрыемства апынуўся ў палітычным полі. Кіраўнік дзяржавы папярэджваў бізнэсоўцаў: за падтрымку палітычных апанентаў — атрымаюць напоўніцу.

«Хачу, каб вы дакладна ўсведамлялі: любыя спробы бізнэсмэнаў уздзейнічаць на органы дзяржаўнай улады з мэтай стварыць «дах» для свайго добрага жыцця будуць абарочвацца крахам для падобных ініцыятыў і структур», — падкрэсліў Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што для працы прадпрымальнікаў нормай павінна стаць не лабіраванне інтарэсаў асобных фірмаў і кампаній, а маштабная, рознабаковая канструктыўная дзейнасць, не выбіванне льгот і датацый з бюджэту, а павелічэнне ўнёску прыватнага сектара ў вытворчасць валавога ўнутранага прадукту, у павышэнне эфектыўнасці беларускай эканомікі.

«Хачу падкрэсліць: калі хтосьці з бізнэсоўцаў будзе фінансаваць «пятую калону» ці нейкім іншым спосабам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, у барацьбу супраць дзяржавы. А там — свае законы. Потым хай не крыўдзяцца падобныя бізнэсмэны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Заўважце, Лукашэнка адкрыта гаворыць пра тое, што палітычная барацьба, якая ёсць нормаю ў цывілізаваным грамадстве і неад’емным інструментам пераемнасці ўлады, у Беларусі становіцца фактычна злачынствам вышэйшага кшталту.

І бізнэсоўцам адводзіцца роля не паўнапраўных удзельнікаў жыцця дзяржавы, а спажыўцоў, якія маюць са сваёй працы «чарку-шкварку» ды мусяць памятаць, каму яны абавязаныя за гэта — плаціць удзелам у сацыяльных праектах. «Тады людзі будуць вас паважаць. І не прыйдзецца разважаць пра негатыўны імідж бізнэсмэнаў», — мяркуе кіраўнік дзяржавы. «Добраахвотны» ўдзел у сацыяльных праграмах дзяржавы для мясцовых бізнэсоўцаў — не пустыя словы. Перад маштабнымі падзеямі года накшталт «Дажынак» бізнэсоўцы і дзяржпрадпрыемствы традыцыйна пералічваюць грошы ў мясцовыя бюджэты, вядома, што беларускія «кашалькі рэжыму» рэгулярна ўдзельнічаюць, напрыклад, у будаўніцтве спартыўных аб’ектаў.

«Вы не інваліды і нават не пенсіянеры. Вы прыйшлі для таго, каб у канкурэнтнай барацьбе заваяваць сваё месца пад сонцам, працаваць на сябе, атрымліваць прыстойны прыбытак, плаціць падаткі, каб дзяржава магла існаваць і дапамагаць тым, хто сёння не можа зарабіць столькі, колькі вы. Ніхто не кажа, што ў вас трэба забраць апошняе, — сказаў Лукашэнка. — Таму давайце будзем вялікадушныя. Гэта не значыць, што мы павінны незаслужана камусьці раздаваць грошы, яшчэ нешта. Кожны павінен працаваць. Але калі бачыце, што можна дапамагчы дзіцячаму дому, спорту, ахове здароўя, адукацыі — тое, што стварае базу для жыцця чалавека, так давайце дапаможам разам». «Вы мяне не папракняце, што я каго-небудзь з бізнэсмэнаў у краіне гвалтоўна прымушаў дапамагаць дзяржаве. Можаце — дапамажыце, не можаце — Бог з вамі. Адпаведнае будзе стаўленне з боку дзяржавы і мяне да вас», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прадпрымальнік з Рэчыцы Алег Шабетнік многа гадоў удзельнічае ў палітычным апазіцыйным руху. Але, паводле яго слоў, фінансаваннем «пятай калоны» ці дзяржавы ніколі не займаўся. Не практыкуюць гэтага і іншыя дробныя бізнэсоўцы, бо «мы не столькі зарабляем, каб раздаваць грошы. Хоць бы на сям’ю і справу было».

«Увогуле, гэта прыватная справа кожнага чалавека, каму ён хоча і можа дапамагаць. Апазіцыйныя партыі мусяць фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту, як тое робіцца ў іншых краінах. У нас жа афіцыйна зарэгістраваныя апазіцыйныя партыі ад дзяржавы нічога не маюць, а сродкі на сваю дзейнасць шукаць мусяць, — гаворыць прадпрымальнік Алег Шабетнік. Ён мяркуе, што папярэджанні Лукашэнкі тычыліся не шараговых бізнэсоўцаў. — Многія прыбліжаныя Лукашэнкі, магчыма, фінансуюць нейкія арганізацыі, каб у выпадку чаго скарыстацца пладамі такой падтрымкі. Думаю, усё гэта было сказана для буйных бізнэсоўцаў, алігархаў, якія могуць ствараць сабе «дахі», асяродак, які ў выпадку чаго зможа падтрымаць і паспрыяць вырашэнню нейкіх пытанняў».

Прадпрымальнік з Мінска Аляксандр Макаеў таксама актыўна ўдзельнічаў у апазіцыйным палітычным, грамадскім руху. Паводле яго назіранняў, Лукашэнка дарэмна хвалюецца — пагрозы яму з боку бізнэсоўцаў няма.

«Дробных і сярэдніх бізнэсоўцаў (я не гавару пар ІПэшнікаў) у нас цяпер зарэгістравана каля ста тысяч, і іх дзеянні добра адсочваюцца. Апроч падаткаў, гэтыя людзі спраўна адлічваюць са сваіх кішэняў дзяржслужбоўцам за вырашэнне нейкіх пытанняў. Прадпрымальнікі, якія захочуць дапамагаць палітычным сілам, памятаюць, што бізнэс любіць спакой і цішыню, а таксама ведаюць, што магчымасці абараніць сваю справу ў іх амаль няма. Яскравы таму прыклад: кандыдат у прэзідэнты, прадпрымальнік Дзмітрый Ус — ён фінансаваў сваю выбарчую кампанію, дапамагаў Міколу Статкевічу. Ведаем, чым гэта скончылася. Вось стаўленне дзяржавы да людзей з бізнэсу, якія ідуць у палітыку. Хай Лукашэнка не турбуецца — гэтая сфера зачышчаная вельмі добра, ніхто не захоча так рызыкаваць. Хіба што ўлада прагназуе народныя пратэсты і прэвентыўна запалохвае бізнэсоўцаў, каб у момант «Х» не пачалі падтрымліваць палітычных апанентаў».

Варта згадаць яшчэ адзін факт з найноўшай гісторыі Беларусі, звязаны з падтрымкай апанентаў рэжыму: жыцці бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і маладога апанента Лукашэнкі Віктара Ганчара завяршыліся пазнакай «зніклі без вестак».

Цікава, што Лукашэнка звярнуў увагу на «засланага казачка» ў бізнэс-структуры, ці «блізкага да сябе чалавека». «Кіраўніком савета прызначаны Пётр Пятровіч Пракаповіч. У яго прамая сувязь з кіраўніком дзяржавы. Так што прашу быць больш дзейнымі, каб краіна атрымлівала рэальную карысць ад вашай работы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч паведаміў, што ў краіне ў прыватным бізнэсе за тры гады плануецца стварыць не менш за 300 тысяч працоўных месцаў. Ён нагадаў: Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011–2015 гады прадугледжвае ўнёсак малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП у 2015 годзе не менш за 30%.

На думку Пятра Пракаповіча, неабходна якасна змяніць структуру малога і сярэдняга бізнэсу, які ў асноўным працуе на тое, каб забяспечыць раздробны гандаль, імпарт: «Мы павінны перабудаваць яго такім чынам, каб ён займаўся ў асноўным прамысловай вытворчасцю, сферай паслуг — тымі напрамкамі, якія сёння запатрабаваныя і ў канчатковым рахунку вырашаюць лёс краіны».

Каментаваць