Грошай многа ніколі не бывае

Зараз мы ўсе ведаем запаветную мару Аляксандра Рыгоравіча. І яна цалкам тлумачыць, чаму ў нас за апошнія дзесяцігоддзі было на рознага кшталту купюрах так шмат нулёў. Нават нягледзячы на дэнамінацыю, мы дагэтуль у іх блытаемся.


Кіраўнік Беларусі сказаў 6 верасня ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву ТАСС для тэлефільма, прысвечанага 25-годдзю СНД, і тэлепраграме «Формула ўлады», што марыць, каб у Беларусі людзі ніколі не перажывалі аб тым, што ім не хапае грошай. «Вы ведаеце, я хацеў бы, каб людзі ніколі, зазіраючы ў гаманец або сваю кішэню, не думалі пра тое, што ім на нешта не хапае. Заўсёды частцы народу чагосьці не хапае, гэта натуральна. А я б хацеў, каб людзі ў Беларусі ніколі на гэта не пакутавалі — вось яна, мая адзіная мара».

Народ пачуў, зразумеў і адразу ўзгадаў Леаніда Філатава: «Ранкам мажу бутэрброд, раптам думка: «Як народ?» І ікра не лезе ў глотку, і кампот не льецца ў рот». Прыгадалі яны і абяцанкі заробкаў у 500 і 1000 долараў у эквіваленце. Карацей, няўдзячны народ у Аляксандра Рыгоравіча, калі глядзець на абмеркаванні ў інтэрнэце.

Згадаў «народзец» і статыстыку па заробках за другі квартал гэтага года. Згодна з ёю, каля 4,7 мільёна беларусаў жывуць у месяц на 350 рублёў і менш. «То бок, больш за палову краіны жыве на  $180 у месяц — шыкоўны вынік 22-гадовага кіравання», — адзначаюць каментатары.

Аднак кіраўніка зноў няслушна зразумелі. Хіба ён казаў, што грошай у гаманцы павінна быць багата? Не. Ён казаў пра тое, каб беларусы «не думалі, што ім на нешта не хапае». І каб яны праз гэта не пакутавалі. То бок, галоўнае тут — не грошы. Галоўнае — не думаць, не турбавацца і не пакутаваць. А гэтая мара паступова і паспяхова ажыццяўляецца. Бо шмат хто з насельніцтва галасаваў за пяты тэрмін Аляксандра Рыгоравіча пад лозунгам «абы не было вайны». Сапраўды, яны ж не думалі, што ім не хапае грошай? Галоўнае — каб вайны не было. І да далёкай зорачкі тое, што ваяваць з намі ніхто і не збіраўся.

І пакуль насельніцтву Беларусі сапраўды грошай не бракуе. Сённяшняе лета было парадаксальным для грашовай сістэмы. Звычайна ўлетку народ скупае валюту, каб было на што паехаць адпачыць да нейкага цёплага мора. У гэтым жа жніўні суайчыннікі прадалі банкам рэкордны аб’ём валюты наяўнымі: 670,4 мільёна долараў, што на 16% больш за ліпень. Цікавасць да набыцця валюты таксама вырасла — на 19,6% у параўнанні з мінулым месяцам, да 351,1 мільёна долараў наяўнымі. Але і рэкордная купля не перашко­дзіла перабіць ліпеньскі рэкорд па аб’ёме чыстага продажу наяўнай валюты — 319,3 мільёна долараў.

А з пачатку года грамадзяне Беларусі прадалі на чыстай аснове ўжо 1,5 мільярда долараў у эквіваленце.

Гэта значыць, што доларавыя «заначкі» насельніцтва імкліва скарачаюцца. Паводле падлікаў эканамістаў, на пачатак года ў насельніцтва было каля 8 мільярдаў долараў. Зараз, атрымліваецца, засталося 6,5 мільярда. І гэта пры тым, што народ змяняе сваю спажывецкую мадэль — пачынае эканоміць на ўсім, чым можна. Адсюль выснова: нават ва ўмовах «жорсткай эканоміі» беларускія кошты вымагаюць ускрываць заначкі.

Каб ажыццявіць мару Аляксандра Рыгоравіча, ёсць і крайні выпадак. Трэба зрабіць так, каб у беларусаў грошай не было ўвогуле. Зразумела, калі грошай няма зусім, навошта турбавацца, што на нешта не хапае? Няма — і ўсё.

Прычым, для некаторых менавіта гэта і робіцца. Паводле інфармацыі інтэрнэт-часопіса «Штодзённік», за апошнія тры месяцы ў Мінску былі здзейсненыя дзве найбуйнейшыя здзелкі па продажы знакавых аб’ектаў, якія належаць вядомаму бізнесоўцу Юрыю Чыжу. Чыж зараз пад следствам, яму інкрымінуюць нанясенне шкоды ў памеры 238,7 мільярда недэнамінаваных рублёў (каля 12 мільёнаў долараў). Менавіта на гэтую суму, па версіі праваахоўнікаў, бізнесмен і яшчэ пяць яго падручных, якія таксама знаходзяцца пад вартай, ухіліліся ад выплаты падаткаў і збораў.

Але што цікава, кошт здзелак з аб’ектамі Чыжа ў разы перавышае інкрымінаваную яму шкоду. Паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у канцы ліпеня Чыж прадаў за амаль 21 мільён долараў гандлёвы цэнтр ProStore у Мінску на вуліцы Каменнагорскай, 5. Больш загадкавай стала здзелка па продажы кінатэатра Silver Screen, размешчанага ўнутры гандлёвага цэнтра «Арэна-Сіці», які таксама належыць Чыжу. Кінатэатр быў прададзены за 74,7 мільёна долараў. Зразумела, што столькі адзін кінатэатр каштаваць не можа. Магчыма, за продажам кіно на самай справе схаваны продаж усяго ГЦ «Арэна-Сіці».

Навошта Чыжу столькі грошай? Меркавана, ён прадае свае аб’екты не толькі, каб пагасіць шкоду, але, магчыма, каб прасіць Лукашэнку пра памілаванне. У такім выпадку камісія па памілаванні зазвычай патрабуе акрамя пагашэння шкоды яшчэ і кампенсацыю з каэфіцыентам ад 1,5 да 3. Гэта значыць, што ад апальнага бізнесмена маглі папрасіць і 36 мільёнаў долараў за магчымасць выйсці на свабоду. Ну і яшчэ за сваіх саўдзельнікаў накінуць…

І, канешне ж, цікава, хто адваліў амаль 100 мільёнаў долараў за аб’екты Чыжа. Пакуль імя пакупнікоў не разгалошваецца. Тым не менш, вельмі хочацца пабачыць, у каго з’явіліся сродкі, якімі можна аддаць Расіі палову беларускага доўгу за газ?

Таму што для звычайных грамадзян нават месяц пратэрміноўкі аплаты ЖКГ з’яўляецца нагодай для турбот. А «жыроўка» можа прыйсці нават у Фэйсбук. Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» паведамілі ў філіяле «Адзіны РДЦ Мінска» КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама».

Гэты спосаб выкарыстоўваецца ў выпадках, калі няма іншых магчымасцяў звязацца з жыхарамі, у якіх утварылася запазычанасць больш чым за 1 месяц. «Чалавек не адказвае на званкі на хатні тэлефон, не адкрывае дзверы ў кватэру, нідзе не працуе афіцыйна. Мажліва, з’ехаў. У такіх выпадках пачынаем шукаць праз сацыяльныя сеткі. І многіх знаходзім. Адпраўляем паведамленне аб наяўнасці запазычанасці, прапануем пагасіць яе ў добраахвотным парадку, інфармуем пра магчымыя наступствы», — кажуць у цэнтры.

Як правіла, гавораць спецыялісты, людзі ставяцца да такіх нагадванняў збольшага станоўча, і запазычанасць пагашаюць. «Мы нагадалі — аплата паступіла», — кажуць у цэнтры.

Так што, калі да вас у фрэнды пагрукаецца нехта з нікам «ЖКГ» — не турбуйцеся. Проста стаўце «лайк».



Каментаваць