Грошай многа не бывае

Улада спрабуе разабрацца з той бядой, якую сама выклікала «надзьмуваннем грашовай бурбалкі». Заробкі беларусаў раслі непрапарцыйна прадукцыйнасці іх працы: гэтага патрабаваў «беларускі эканамічны цуд».


І ніякія дэвальвацыі не здолелі знізіць колькасць «лішніх грошай» у эканоміцы. Што-што, а «заначку» хаваць мы навучыліся.


Гэтай заначкай і вырашылі заняцца ўрад і Нацбанк. Прынамсі, яны планамерна прымаюць рашэнні па вываду лішніх грошай з эканомікі.


У аўторак Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўваўся шматпакутны беларускі бюджэт. Тое, што грошай няма зусім, зразумела кожнаму і без нарады, і таму прысвечаная яна была дэ-факта пошуку тых самых грошай.


Урад унёс кіраўніку дзяржавы праект указа, якім прапануецца скараціць выдаткі рэспубліканскага бюджэту на кампенсацыю працэнтаў банкам па крэдытах прадпрыемстваў. Фактычна, гэта памяншэнне памераў дзяржпадтрымкі для гаспадарак па дзяржпраграмах. То бок, раней прадпрыемствы бралі крэдыты ў банках, а частку крэдытнага працэнту сплачвала дзяржава. Сума гэтай кампенсацыі была ад паловы стаўкі рэфінансавання да стаўкі рэфінансавання, якая ў цяперашні час складае 22%.


Калі гэты ўказ прымуць, то так званая «кампенсацыя» зменшыцца. Па планах урада — на 2%, што істотна не паўплывае на эканоміку прадпрыемстваў, але дазволіць гэтыя 2% зэканоміць у бюджэце.


Праўда, пакуль праект гэтага ўказа накіраваны на дапрацоўку.


З больш рэвалюцыйнай ініцыятывай выступіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Ён даручыў спыніць выпадкі неабгрунтаванага павышэння заработнай платы на дзяржаўных прадпрыемствах. Праўда, не на ўсіх.


«Шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, якім аказваецца дзяржпадтрымка, шляхам росту коштаў спрабуюць паправіць сваю эканоміку, не зніжаючы выдаткі. На фоне некаторай актывізацыі попыту яны актыўна сталі павялічваць зарплату, што катэгарычна няправільна, — адзначыў Кабякоў. — Калі рост зарплаты адбываецца на аснове рэальных рынкавых вынікаў працы, то пытанняў няма. Але калі асобныя прадпрыемствы раптам вырашылі падняць зарплату, седзячы пры гэтым на ігле дзяржпадтрымкі, у той час як устаноўлены жорсткія нарматывы па зарплаце ў бюджэтнай сферы, а пенсіі і дапамогі растуць вельмі ўмерана — гэта недапушчальна».

У гэтай заяве цікавыя два моманты. Па-першае, Кабякоў даў разнос прадпрыемствам за тое, што раней было дзяржаўнай палітыкай «усім па $500». Часы змяніліся, зараз разбэшчваць насельніцтва падвышеннем платы за працу немэтазгодна. А значыць, мінулая палітыка была няслушнай. Добра, хоць гэта асэнсавалі, хаця і вінаватых у яе прасоўванні пакуль што не знайшлі.

Па-другое, Кабякоў наўпрост заявіў пра тое, што дзяржпадтрымка прадпрыемстваў — нароўні з наркатычнай іглой. З яе трэба саскокваць. Праўда, такіх нарколагаў пакуль што не знайшлі: указ кіраўніка дзяржавы, пра які казалася вышэй, — гэта толькі «зніжэнне дозы», дый тое не для ўсіх.

У той жа час улады паспрабуюць і выцыганіць накапленні грамадзянаў з банкаў, пусціўшы гэтыя грошы ў эканоміку. Для гэтага міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі параіў не вынаходзіць ровар, а дзейнічаць так, як рабілі многія краіны, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі. Ён прапанаваў такія інструменты, як рэзкае патанненне кошту і спрашчэнне доступу да зямельных участкаў каля буйных гарадоў, канцэнтрацыя абмежаваных рэсурсаў дзяржпадтрымкі на сеткавай інфраструктуры, а таксама стымуляванне індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. «Гэтыя кірункі здольныя даць рост на гарызонце паўтара года з моманту пачатку іх рэалізацыі», — сказаў Зіноўскі.


Прапанова слушная, паколькі «стымуляванне індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва» дазволіць палепшыць стан нашых «мадэрнізаваных» прадпрыемстваў цэментнай і дрэваапрацоўчай галінаў, якія пасля «мадэрнізацыі» з каленяў узняцца не могуць.

Пытанне толькі ў тым, ці будуць у беларусаў грошы на гэтае «індывідуальнае будаўніцтва»?

І вось тут узнікаюць складанасці. Нават па дадзеных сацыялагічнага інстытута Акадэміі навук, за апошнія тры гады — ад 2013-га — беларусы сталі адчуваць сябе бяднейшымі.


Апытанне, прысвечанае ацэнцы і аналізу фінансавай пісьменнасці насельніцтва, праводзілася ў першым квартале 2016 года, яго ўдзельнікамі сталі 1.500 чалавек. «Пры супастаўленні самаадзнакі ўзроўню дабрабыту рэспандэнтаў, а таксама рэальнага ўзроўню іх даходу відаць, што за апошнія тры гады адбылося зніжэнне па абодвух паказчыках. Матэрыяльнае становішча насельніцтва пагоршылася, што, натуральна, прывяло да таго, што беларусы сталі адчуваць сябе больш «беднымі», — адзначаюць спецыялісты Інстытута сацыялогіі НАНБ у выніковай справаздачы.


Беларусы ў цэлым невысока ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча. Амаль 60% апытаных назвалі яго здавальняючым. 25% рэспандэнтаў лічыць яго дрэнным або вельмі дрэнным… Крыху больш за 8,2% апытаных сутыкаюцца з праблемай недахопу сродкаў нават на харчаванне; матэрыяльнае становішча гэтых сем'яў можна назваць крызісным, канстатуюць аўтары даследавання.


Калі не хапае грошай на ежу, то адкуль будуць фінансы на будаўніцтва?



І — зноў вынік надзьмування «грашовай бурбалкі», — беларусы жывуць «не па сродках». Нацбанк прааналізаваў паводзіны насельніцтва на спажывецкім і валютным рынку, і прыйшоў да высновы, што «рэальныя даходы насельніцтва знізіліся больш, чым выдаткі». За студзень-красавік фізічныя асобы прадалі замежнай валюты на $347 мільёнаў больш, чым купілі. А валютныя ўклады насельніцтва ў банках скараціліся толькі ў красавіку на $100 мільёнаў.


Тэарэтычна, беларусы не такія ўжо і бедныя: сёння ў банках знаходзіцца больш за $1 мільярд рублёвых укладаў насельніцтва і яшчэ каля $7,5 мільярда фізічныя асобы захоўваюць у валюце. Так што грошы пакуль ёсць. Але яны актыўна праядаюцца.


А таму беларусам трэба яшчэ лепш хаваць свае заначкі. Каб атрымаць максімум выгодаў, калі ва ўлады грошы скончацца зусім.


Каментаваць