Грошы і лічбы

Адной з прэтэнзіяў, якую Лукашэнка выказаў адстаўленаму ўраду Кабякова, сталася тое, што ён (урад) не выканаў даручэння дасягнуць «усім па пяцьсот». Кіраўнік Беларусі прызнаўся, што прапанова тысячу рублёў сярэдняга заробку выклікала ў Саўміне Кабякова «паніку». Але ці трэба нам тыя «па 500»?

Малюнак www.delovoysaratov.ru

Днямі Белстат апрылюдніў цікавую статыстыку. Чвэрць працуючых беларусаў зарабляюць тыя самыя сакральныя тысячу і больш рублёў. Дакладней — 25,7%. Да 400 рублёў (няшчасныя дзвесце долараў, па выказваннях Лукашэнкі ў Оршы) атрымліваюць 15,3% грамадзян. Ад 400 да 600 рублёў — заробак 23%. Ад 600 да 800 атрымліваюць 20,6%, і ад 800 да 1000 — 15,4%.

Між іншым, выклікае пытанне адзін момант. Гэтыя разлікі, якія здзейснілі айчынныя сацыёлагі, — разлікі яшчэ травеньскага заробку. А ўжо амаль верасень. Чаму так марудна працуе Белстат? Узнікаюць розныя канспіралагічныя версіі. Можа быць, таму, што заробак у нас выплачваецца са спазненнем і нерэгулярна? Ці таму, што травеньскія лічбы — найбольш аптымістычныя, без уліку сезону адпачынкаў і гэтак далей?

Але не гэта галоўнае. Размовы пра «сярэдні заробак па краіне ў тысячу рублёў» і «ўсім па 500» спецыялісты — напрыклад, старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб — называюць узорам папулізму і «блытанінай у паказаннях». Па тэлевізары гэта, можа быць, гучыць і добра, але трэба ўрэшце зразумець, што «сярэдняя зарплата» і «ўсім» — гэта не адно і тое ж.

Пакуль што беларуская эканамічная мадэль нагадвае мадэль краінаў «трэцяга свету», дзе багатыя багацеюць, а бедныя бяднеюць. Таму можна дасягнуць і «сярэдняга заробку» ў тысячу рублёў. Але тады 5% багатых будуць атрымліваць звышпрыбыткі, а 70% апынуцца за рысай галечы. «У сярэднім» ва ўсіх будзе па тысячы. Выглядаць яно будзе даволі прыстойна, і даручэнне кіраўніка дзяржавы, нібыта, выкананае. Але ж фішка ў тым, што яно будзе менавіта «выглядаць».

«Павелічэнне сярэдніх заробкаў адбываецца за кошт тых, у каго і без таго зарплаты высокія, вышэй сярэдніх. У шырокіх слаёў насельніцтва даходы не асабліва і растуць, а па адносінах да сярэдняй зарплаты нават зніжаюцца. Гэта натуральная тэндэнцыя для бедных краін, для неэфектыўных эканомік, для дзяржаў, дзе сацыяльныя пытанні толькі дэкларуюцца, а не вырашаюцца», — кажа на гэты конт Іосуб.

Што ж тычыцца старой мантры «ўсім па 500», то гэта таксама не праблема. Але ўрад Кабякова разумеў, што галоўнае, насамрэч, — не лічба. Галоўнае — тое, што мы зможам набыць на гэтыя «500». Можна, напрыклад, запусціць друкарскі станок, і забяспечыць гэтыя «500», урэшце. Але мы ўсе на ўласнай скуры гэта праходзілі не адзін раз — вынікам будзе інфляцыя, дэвальвацыя і іншыя малапрыемныя рэчы. І ў выніку на гэтыя грошы мы набудзем значна менш, чым на сённяшнія 350–400.

Тым больш, што падобныя працэсы ідуць у Беларусі натуральным чынам. На жаль, я не пра павышэнне заробку, а пра інфляцыю. Днямі пра павышэнне тарыфаў абвясцілі нашы тэлекамунікацыйныя гіганты. Кошты паслуг сувязі ў аператара Velcom павышаюцца на 2,9%. На такія ж працэнты павышаецца і кошт сувязі ў МТС. Пра павышэнне (не ўдакладняючы, на колькі) кошту інтэрнэту абвясціў «Белтэлекам», праўда, паабяцаўшы, што стацыянарную тэлефонную сувязь гэта не закране.

Лічбы павышэння, здавалася б, невялікія. Але ўсё адно гэта непрыемна — асабліва ў тыя часы, калі большасць беларусаў занятыя падрыхтоўкай дзяцей да школы.

Маштабны разнос, учынены Аляксандрам Рыгоравічам падчас візіту ў Оршу, даў яшчэ адзін нечаканы вынік. Магілёўскі гарвыканкам абвясціў месячнік па навядзенні парадку: з 20 жніўня па 19 верасня ў гэтым абласным цэнтры пройдуць чатыры суботнікі запар.

На думку старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ула­дзіміра Цумарава, традыцыйнага агульнагарадскога суботніка гэтым разам Магілёву не хопіць. Тым больш, што ў кастрычніку там павінен прайсці Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі з удзелам Лукашэнкі і Пуціна. «Не сакрэт, што мы гэта робім у тым ліку ў рамках падрыхтоўкі да Форуму, але перш за ўсё мы гэта робім для саміх сябе, каб зрабіць горад больш камфортным і прывабным для гасцей і турыстаў», — перадае словы Уладзіміра Цумарева БелТА.

Сярод пляцовак, дзе будуць працаваць магілёўцы, — парк у Падніколлі і вуліца Якубоўскага. Абодва пункты два гады таму раскрытыкаваў Лукашэнка і запатрабаваў навесці «глянец і гармонію».

Чатыры суботнікі за месяц — гэта гарадскі рэкорд. Раней праводзілі не больш за два. Да таго ж, узнікае лагічнае пытанне: а што гарадскія ўлады ўсе гэтыя два гады, якія прайшлі з часу крытыкі кіраўніком дзяржавы, рабілі? Проста забыліся на яго словы? Альбо, як у Оршы, «сабатавалі даручэнні»? Ці выдаткоўваліся грошы на тое добраўпарадкаванне, і куды яны падзеліся, калі зараз магілёўцы павінны ў свой вольны час бясплатна дапамагаць гарвыканкаму вырашыць праблему?

Але ж на тыдні ёсць і пазітыўныя навіны. Як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Мінінфармацыі Алена Паўлава, колькасць кніг, выдадзеных на беларускай мове ў першым паўгоддзі бягучага года, павялічылася на 15% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, перадае БелТА.

«За першае паўгоддзе бягучага года на беларускай мове выдадзены 643 кнігі і брашуры агульным накладам 2 мільёны 123 тысяч экземпляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года іх колькасць павялічылася адпаведна на 15% і 2,6%», — паведаміла Паўлава.

Кнігі на беларускай мове ў агульным аб’ёме займаюць 18,2% па накладу. Такім чынам, амаль кожная пятая кніга выдаецца ў нас на беларускай мове. Усяго за студзень-чэрвень выдадзена прыкладна 4,7 тысячы кніг агульным накладам 11 мільёнаў 700 тысяч экземпляраў.

На вялікі жаль, не прыводзіцца іншая статыстыка: колькі беларускамоўных кніг было выдадзена прыватнымі, і колькі дзяржаўнымі выдавецтвамі. Тады б можна было палічыць, хто больш патрыятычны ў краіне, і зрабіць выснову, як дзяржава ставіцца да захавання і ўдасканалення беларускай мовы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць