Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Гульня ў лічбы

Улады Беларусі працягваюць стварэнне ўласнай віртуальнай рэальнасці. Але пры гэтым, падобна, не здагадваюцца, што такім чынам не толькі заганяюць сябе ў тупік, але і правакуюць сацыяльны выбух.


Падавалася б, навошта перакручваць факты і лічбы? Усё роўна людзі ходзяць па крамах, бачаць лічбы ў сваіх жыроўках, атрымліваюць разліковыя лісты… Але ўсё роўна некаму хочацца выдаць пажаданае за дзейснае альбо «прычасаць лічбы пад сваю патрэбу».

Напачатку года гэтым, найперш, занялася любімая ЖКГ. Спрабуючы апраўдаць павышэнне тарыфаў на ацяпленне ў першыя ж дні новага года на 17%, на «партале камунальнай пісьменнасці насельніцтва» (во як загнулі!) прыведзены параўнальны аналіз, колькі плаціць за цяпло беларус, і колькі суседзі — Літва, Украіна, Расія. Паводле аўтараў ад ЖКГ, мы вельмі багатыя — плацім за цяпло толькі 11% ад заробку. Тады як у Літве кошт ацяплення складае 35% ад заробку, у Польшчы — 25%, у Расіі і Казахстане — 17%, а ва Украіне і ўсе 50%.

Але, калі чытаць удумліва і паспрабаваць праверыць лічбы, атрымліваецца нешта дзіўнае. «У сённяшні час беларус у сярэднім зарабляе 720 рублёў на месяц (дадзеныя афіцыйнай статыстыкі за кастрычнік), адпаведна, доля камунальных плацяжоў пасля падаражання складзе 11% ад сярэдняга заробку», — піша на «партале» gkx.by Яна Шчука. Між тым, дадзеныя афіцыйнай статыстыкі за кастрычнік кажуць, што намінальны налічаны заробак за кастрычнік, паводле Белстата, склаў у сярэднім па краіне 6 837 568 недэнамінаваных рублёў, то бок 684 рублі. І гэта налічаны, а не атрыманы заробак.

Пры гэтым Яна Шчука нават не тлумачыць, чаму заробак за кастрычнік параўноўваецца з цяперашнімі коштамі на ацяпленне. І гэта зразумела. Па тых жа дадзеных Белстата, налічаны заробак насельніцтва ўвесь год падаў, і за лістапад гэтае падзенне склала амаль 5%. Што, безумоўна, адаб’ецца на канчатковых «працэнтах за ацяпленне», а «парталу камунальнай пісьменнасці насельніцтва» тое цалкам не патрэбна.

У артыкуле яшчэ багата спрэчных высноў і тлумачэнняў. Але сам галоўны пасыл артыкула — гэта таксама прыём маніпуляцыі. Прыём вельмі стары, які нават паспеў надакучыць. Ну, хай сабе літоўцы плацяць за кватэру 35% заробку, а ўкраінцы 50%. І што? Мне што, павінна стаць цяплей ад таго, што нехта жыве ў іншай краіне і плаціць за камуналку больш? Выбачайце, але гэта — перакручаная логіка, якую нават логікай назваць цяжка. А дзе лічбы, колькі мы плацім за харчаванне?

Дарэчы, пра Белстат. Паводле гэтай канторы, інфляцыя ў Беларусі склала за год 10,6%. Некаторыя чыноўнікі ўжо паспелі заявіць, што яна набліжаецца да «адназначнага працэнту».

Працэнты — працэнтамі, але чаму мы не бачым гэтага ў крамах? Тelegraf.by параўнаў пераднавагоднія закупы прадуктамі на сэрвісе e-dostavka, зробленыя ў канцы снежня 2015 і 2016 гадоў. Смятана падаражэла на 46%, рыс — на 22%, макароны — на 21%, вараная кілбаса — на 18%, тварог — на 20%, квас — і той падаражэў на 46%. У інфляцыю амаль упісаўся батон, які падаражэў на 10,7%.


Фота Давид Фрэнкель


Пытанне — дзе існуе інфляцыя ў 10,6%? Пэўна, там жа, дзе і заробак у 720 рублёў, і «ўсім па піццот» у гэтым годзе.

Такім чынам, шараговы чалавек чытае справаздачы Белстату і ЖКГ пра тое, як у нас усё добра, а ў суседзяў дрэнна. А потым ідзе ў краму і ў яго адбываецца «разрыў шаблону». Калі ў нас усё добра, дык чаму ўсё так дорага? Зразумела, у яго ўзнікае злосць — за падман, за перакручванне фактаў. І глеба для сацыяльнага выбуху — гатовая.

Крыху больш хітра зрабіла Міністэрства фінансаў. У мінулым годзе мы шмат згадвалі пра стратнасць беларускіх «флагманаў прамысловасці» і іх гаротны стан. Падаецца, больш згадваць не будзем. Бо Мінфін такую інфармацыю вырашыў проста не апрылюдніваць. Гэтае ведамства спыняе публікацыю на сваім сайце дадзеных фінансавай справаздачнасці акцыянерных таварыстваў і эмітэнтаў аблігацый.

Дзесяць гадоў Мінфін штоквартальна публікаваў у сябе на сайце дадзеныя аб працы некалькіх тысяч прадпрыемстваў, у тым ліку ўсіх беларускіх прамысловых флагманаў, дазваляючы журналістам і ўсім жадаючым у даступнай форме падабраць неабходную інфармацыю аб прыбытку і стратах прадпрыемстваў, сярэдняспісачнай колькасці працоўных, крэдытнай нагрузцы, параўнаць вынікі дзейнасці суб’ектаў гаспадарання адной галіны і гэтак далей. Патрабаванне публікацыі такой справаздачнасцi было замацавана інструкцыяй Мінфіна, якая абавязвае Дэпартамент па каштоўных паперах Мінфіна даводзіць да ўсеагульнага ведама дадзеныя аб працы ААТ і эмітэнтаў аблігацый, якія не з'яўляюцца канфідэнцыйнымі. Як растлумачылі ў Мінфіне, зараз публікацыя гэтай інфармацыі стала немагчымай — пасля набыцця моцы новым законам аб рынку каштоўных папер.

Пры гэтым новым законам аб рынку каштоўных папер прадпісваецца размяшчэнне фінансавай інфармацыі на адзіным інфармацыйным рэсурсе рынку каштоўных папер, прычым раз на год.

То бок, наколькі праселі ці ўзняліся нашы прадпрыемствы, колькі ў іх было скарочана працоўных ці прынята на працу, колькі яны набралі крэдытаў і ці здолеюць іх выплаціць — пра гэта мы ўжо не даведаемся.



Ці карысная гэтая сакрэтнасць? Наўрад ці. Для самазаспакаення — можа быць, гэта і добра. Але непазбежна пачнуць узнікаць «злівы» ад працоўных заводаў пра звальненні, скарачэнні, змяншэнне заробку і гэтак далей, а тэрмінова праверыць тыя звесткі ўжо магчымасці не будзе. З’явіцца шмат «завадскіх блогераў», якія будуць апераваць чуткамі і настроямі, а не фактамі. Што, зноў жа, вядзе да няўпэўненасці і падштурхоўвае той самы сацыяльны выбух.

Навошта гэта ўсё робіцца? Напэўна, таму, што далей будзе горш. І галоўны паказчык таго, што будзе горш, — скарачэнне дзяржпадтрымкі тым самым прадпрыемствам, пра становішча якіх мы больш не даведаемся. Сёлета дзяржава вырашылі выдаць толькі 1,9 мільярда рублёў дырэктыўных крэдытаў. У мінулым годзе гэты ліміт быў устаноўлены на ўзроўні 2,8 мільярда рублёў. То бок, дзяржпадтрымка скарачаецца аж удвая!

Грошай няма. Трымайцеся.


Каментаваць