ІП паабяцалі пратэставаць і не плаціць падаткі

Палітычна актыўная частка ІП збіраецца пратэставаць асобна ад тых, хто групуецца вакол Анатоля Шумчанкі. Бліжэйшая акцыя адбудзецца 28 лютага на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Калі ж яна не дасць плёну, ІП абяцаюць не плаціць падаткі ды арэндную плату.



Фота: KP.BY


Пра гэта было заяўлена 24 лютага на прэс-канферэцыі Руху Салідарнасці «Разам». Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі Алесь Макаеў, Мікалай Аўтуховіч, Таццяна Міронава і Віктар Ламека.

Што цікава, гэтым разам лідары індывідуальных прадпрымальнікаў не так шмат казалі пра немагчымасць працаваць у новых умовах. Прычым гэта датычыць не толькі гандляроў рэчамі на рынках. Напрыклад, на прэс-канферэнцыі агучылі «крык адчаю» гомельскіх перавозчыкаў. Па словах Мікалая Аўтуховіча, частку рынку пасажырскіх перавозак у гэтым абласным цэнтры кантралююць людзі, якія раней працавалі ў КДБ, і цяпер яны пры дапамозе дзяржаўных органаў «выціскаюць» з рынку незалежных канкурэнтаў.

Але больш увагі Алесь Макаеў і Мікалай Аўтуховіч надалі сваім планам па арганізацыі пратэстаў прадпрымальнікаў. Прытым ІП патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага і міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайку.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі прызналіся, што не вераць у эфектыўнасць перамоў з урадам. Па словах кіраўніка Руху Салідарнасці «Разам», у такім выпадку ІП перастануць плаціць падаткі ды грошы за арэнду гандлёвых месцаў. «Для Лукашэнкі гэта будзе вельмі моцны ўдар — калі мы перастанем плаціць падаткі — мацнейшы за любыя пратэсты, — упэўнены Мікалай Аўтуховіч. — Сёння мы не заплацім падаткі, заўтра мы адмовімся ад яшчэ чагосьці, не заплацім арэнду, сыдзем. Гэта будзе значыць, што людзі перасталі баяцца. І гэта — падстава для дыялогу. Хаця насамрэч весці дыялог там няма з кім».

Увогуле, лідары прадпрымальнікаў некалькі разоў падкрэслівалі, што пратэст ІП з эканамічнага хутка перарастае ў палітычны. «Усе гэтыя праблемы — гэта ўжо не праблемы прадпрымальнікаў, гэта палітычныя праблемы. На плошчы ўжо гучалі заклікі кардынальна змяніць усё, — папярэдзіў Аўтуховіч. — Усе гэтыя «рабочыя групы» прадпрымальнікаў з чыноўнікамі — яны нічога не вырашаюць. Колькі можна? Нас 20 гадоў «гнабяць», і мы ўвесь гэты час з нейкімі заявамі звяртаецца. Не мае сэнсу пісаць нейкія паперкі — ніхто з міністраў і чыноўнікаў нічога не вырашае. Трэба выходзіць і казаць пра свае праблемы».

Каментаваць