Як эканамічны крызіс уплывае на рост злачыннасці?

Даследаванне ў межах праекта «Рэфорум» на тэму ўплыву макраэканамічных паказчыкаў, звязаных з эканамічным крызісам, на ўзровень злачыннасці ў краіне прэзентаваў у Прэс-клубе аналітык BISS Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.


 



 

У даследаванні вылучаюцца тры «індыкатары» эканамічнага крызісу: узровень інфляцыі, гадавыя тэмпы росту ВУП і ўзровень беспрацоўя. У якасці перыядаў крызісу беларускай эканомікі разглядаліся 1991–1994 і 1997–2000 гады.

 

Сярод злачынстваў, абумоўленых эканамічным крызісам, аўтар даследавання вылучаў наступныя: крадзяжы, рабаванні, разбой, махлярства, збіццё, забойствы.

 

Візуальны аналіз дадзеных паказвае, што крызіс уплывае на большасць разгледжаных відаў злачынстваў, за выключэннем разбойных нападаў.

 

Нягледзячы на тое, што ўзровень беспрацоўя было вызначыць даволі складана, даследаванне паказала істотны рост шэрагу злачынстваў у 2001–2005 гадах (нібыта «паслякрызісных»), якія абумоўленыя ростам яўнага і прыхаванага беспрацоўя.

 

Чаму ўплыў беспрацоўя на злачыннасць у 90-я гады, паводле звестак дакладчыка, не быў такім істотным, як у 2000-я? Аўтар робіць выснову, што на злачыннасць уплывае не працягласць крызісу, а яго глыбіня.

 

2001–2005 гады характарызуюцца маштабнымі затрымкамі заробкаў (да 70% па гаспадарцы), шырокай практыкай вымушаных адпачынкаў. Таксама на гэтыя гады прыпадаюць амністыі. Вязні, якія выйшлі на волю, не маглі знайсці працу.

 

Аляксандр Аўтушка-Сікорскі мяркуе (са спасылкай на МВФ, які прагназуе для Беларусі сёлетняе падзенне ВУП -0,5%), што, хутчэй за ўсё, у бліжэйшай будучыні Беларусь чакае вялацякучы крызіс, які не справакуе рэзкага росту цяжкіх злачынстваў.

 

Тым не менш, улічваючы ўпартае нежаданне ўладаў ісці на рэформы, паглыбленне крызісу на кожнай яго хвалі бадай непазбежнае. Міністэрству працы і сацабароны, а таксама МУС варта звярнуць пільную ўвагу на вынікі даследавання і падрыхтаваць пэўныя захады сацыяльнай абароны, напрыклад, распрацаваць эфектыўную сістэму страхавання ад беспрацоўя, узровень якога з’яўляецца важным фактарам захавання сацыяльнай стабільнасці.

 

 

Каментаваць