Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Як мяне да «новага інтэрнэта» рыхтавалі

Фантазія прадпрымальнікаў, якія навязваюць свае паслугі па завышаных коштах, не ведае межаў. Раней яны «правяралі» якасць пітной вады і стан пластыкавых вокнаў, а зараз узяліся апрацоўваць ўладальнікаў хатніх кампутараў.

 

Апрацоўка пенсіянераў і хатніх гаспадынь

Усялякі мінчук, які праводзіць досыць шмат часу ў сваёй кватэры, непазбежна сутыкаецца з такой з'явай, як званкі на хатні тэлефон ад празмерна дакучлівых бізнэсменаў, што прапануюць рознага кшталту паслугі пад выглядам «сацыяльных». Выкарыстоўваюцца самыя розныя выкруты. Раней жыхароў сталіцы «апрацоўвалі» нібы «праверкай якасці вады» (вада абавязкова аказваецца «вельмі кепскай», пасля чаго збянтэжанаму пенсіянеру хуценька навязваюць куплю фільтра ўтрая даражэй), пазней — «праверкай» пластыкавых вокнаў (усё тое ж самае, толькі са шклопакетамі).

Дзе-нідзе ўжо «правяраюць зношанасць электраправодкі». Уласна, гэтыя схемы даўно вядомыя і шматкротна апісаныя ў СМІ. Аднак апошнім часам з'явілася сёе-тое новае.

Інтэрнэт ад Мінгарвыканкама ды іншыя цуды

Званок на хатні тэлефон раздаўся аб 11-й гадзіне раніцы. «Дабрадзень, — зашчабятаў бадзёры дзявочы голас у слухаўцы. — Вы ў курсе, што цяпер па ўсім горадзе пракладваюць аптавалакновыя кабелі, каб падлучаць шматкватэрныя хаты да новага інтэрнэту? Наша кампанія па дамоўленасці з Мінгарвыканкамам правярае хатнія кампутары на іх сумяшчальнасць з новым інтэрнэтам. Проста ў шмат якіх старых кампутарах працэсар аказвае моцнае ўздзеянне на сеткавую плату, і з-за гэтага новы інтэрнэт працуе вельмі павольна. Паслуга па праверцы цалкам бясплатная…».

Пра гэты новы тып махлярства я нешта ўжо чуў, і прыгатаваўся паслаць бадзёрую дзяўчыну туды, куды ў 1991-м Гарбачоў паслаў ГКЧП. Але своечасова спыніўся, прыкінуўся доўбням і пагадзіўся — захацелася паглядзець на гэты спектакль самому, з першага шэрагу. «Добра, наш спецыяліст будзе ў вас паміж гадзінай і двума», — паспешліва прызначыла дзяўчына, удакладніўшы адрас.

Роўна ў гадзіну раздаўся званок у дамафон. Адмысловец аказаўся інтэлігентнага выгляду хлопцам гадоў 20-ці, з невялікай кайстрай і вялікай тэчкай з паперамі. Папрасіў паказаць хатні кампутар, спытаў, якія маюцца непаладкі, калі і за колькі я купляў кампутар, калі апошні раз пераўсталёўваў сістэму. Тэчку хлопец паклаў навідавоку, адразу адкрыўшы так, каб была бачная копія пасведчання аб рэгістрацыі ТАА з цяжкавымаўляльнай назовай на амерыканскі лад.

І прыняўся распавядаць: «Дыягностыку мы праводзім бясплатна, гэта такая акцыя, каб кампутары ў Мінску працавалі нармалёва. Дакладней, мне за дыягностыку плаціць фірма. А ужо калі я знайду нейкія праблемы, то я распавяду, да каго звярнуцца, каб іх выправіць». Уласна, да гэтага моманту ўсё ішло нармалёва – пакуль малады чалавек не пачаў «дыягнаставаць» мой ноўтбук.

Пачалося, зрэшты, з запаўнення пратаколу агляду (!). Пасля чаго адмысловец доўга высвятляў, не ці дапякае мяне назойлівая рэклама ў інтэрнэце. А далей пайшоў сапраўдны струмень свядомасці. Вось толькі некаторыя выняткі: хто знакомы з кампутарнай тэхнікай — ацэніць:

«У вас ідзе празмернае спажыванне памяці, з-за гэтага галоўны працэсар занадта грэецца».

«Гэты браўзэр ураджвае ваш кампутар у самае сэрца».

«Драйверы на кампутары — самыя галоўныя праграмы. Кожны кампутар, як і чалавек, мае свае драйверы. Калі вы выкарыстоўваеце няправільныя драйверы, то ламаецца сістэма».



Але поўная феерыя пачалася далей, калі малады чалавек падлучыў сваю флэшку. Адкрыўшы рэестр, ён пачаў тыкаць у яго пальцам: «Вось бачыце, гэта ў вас вірус сядзіць. Гэта ён пажырае рэсурсы вашага кампутара!». Сціплая, але карысная праграмка conhost.exe відавочна здзівілася, што яе абазвалі вірусам, але выгляду не падала. Малады чалавек тым часам працягваў палохаць: «Вы ведаеце, цяпер па свеце ходзіць страшны вірус, «Пеця» завецца. Чулі? Гэты вірус залазіць у кампутар і вынішчае ўсю інфармацыю з яго. У вас вось стаіць сістэмны антывірус, але ён нічога не робіць. Бачыце, ён піша: «вядомых вірусаў – 0». А ён павінен улічваць як карысныя вірусы, так і шкодныя. Гэта як у страўніку: ёсць карысныя бактэрыі, а ёсць шкодныя…».

Антывірусная праграма Microsoft Security Essentials, мабыць, вельмі дзівілася. А я стаяў і думаў — няўжо ў свае 40 з лішнім гадоў я ўжо выглядаю настолькі клінічным ідыётам, што мне можна такое глупства выклікаць?

Шоў тым часам працягвалося. Адмысловец прыступіў да тэставання інтэрнэт-злучэння. Зайшоў на расійскі сайт https://2ip.ru/ (ён паказвае IP-адрас кампутара і некаторую іншую інфармацыю) і пачаў тыкаць пальцам у экран: «Вось бачыце, мая праграма паказвае, што ў вас занадта павольны інтэрнэт! Ён павінен быць хутчэйшым!».

Мне вельмі захацелася схадзіць на кухню за відэльцам – каб здымаць локшыну з вушэй. Малады чалавек тым часам працягваў: «Аптавалакно цяпер ставяць па ўсёй Беларусі. Але кампутары ламаюцца, і справа тут не ў інтэрнэце, а ў тэхніцы. Ваш кампутар не зможа працаваць з новым інтэрнэтам. У вас добры кампутар, яго можна было бы мадэрнізаваць і зрабіць яшчэ лепшым. Але, баюся, вы ўжо не паспееце – бачыце, як ён у вас грэецца!». (Тут ужо здзівіўся мой ноўтбук — ён, маючы металічны корпус з шыкоўным цеплаадводам, ад нараджэння не грэўся.)

«Вам трэба правільна пераўсталяваць аперацыйную сістэму на кампутар, — нарэшце рэзюмаваў малады чалавек. — Прыйдуць нашы адмыслоўцы і зробяць вось яшчэ гэтыя рэчы: пачысцяць кампутар унутры ад пылу, зменяць тэрмапасту — гэта тэрмаэлемент такі (!), пераўсталююць сістэму, наладзяць інтэрнэт, наладзяць браўзэры, аптымізуюць назапашаныя памылкі (!!!), знойдуць драйверы, наладзяць аперацыйную сістэму. У вас я бачу стаіць офісны пакет, яго таксама пераўсталююць. Нашы спецыялісты маюць для гэтага адмысловую ліцэнзію ад самой Microsoft».

Думаю, калі б пры гэтым у пакоі прысутнічалі адмыслоўцы Microsoft, яны бы здзівіліся двойчы. Па-першае таму, што яны выдалі мінскай фірме неіснуючую ў прыродзе ліцэнзію. А па-другое, што ад іх імя хтосьці збіраецца ставіць бясплатны (!) OpenOffice, які аніякага дачынення да Microsoft не мае.

Прадстаўнік фірмы працягваў: «Вам гэта будзе каштаваць 264 рублі. А, ну гэта жа мы вам патэлефанавалі. Значыць, для вас цяпер дзейнічае зніжка. Мінус 20%. Так што вам трэба заплаціць усяго 210 рублёў».

Далей дыялог развіваўся імкліва:

— Давайце пашпарт, будзем афармляць дамову.

— А дзе дамова?

— Вось яна (дае самотны аркушык, з двух бакоў спярэшчаны дробным шрыфтам).

— Можна я яго пакуль пакіну сабе, пракансультуюся з юрыстам і затым падпішу?

— Не, нельга! Падпісвайце цяпер, адразу (спрабуе выхапіць аркушык у мяне з рукі).

Працягу гэтая гісторыя не мела. Маё цярпенне скончылася, я прагнаў госця і выключыў схаваны дыктафон.

Праблемы рэальныя і прыдуманыя

У дадзеным выпадку прадстаўнік дзіўнай кампутарнай фірмы нарваўся ў маёй асобе на кампутарнага карыстальніка з 25-гадовым досведам. Але для чалавека меней кампетэнтнага яго размовы гучалі б цалкам пераканаўча. Тым больш, што шараговыя абывацелі напэўна ж нешта чулі і пра новыя оаптавалакновыя сеткі, і пра «страшны вірус Пеця», і што нядобра гэта — калі кампутар грэецца.

Хатнія ПК сёння ёсць амаль ва ўсіх. Я ведаю некалькі сем'яў у сваём доме, дзе бацька і маці — простыя рабацягі, а адзіны кампутар у кватэры — той, што яны купілі свайму сыну-падлетку. Вось яны бы напэўна павяліся на аповяды пра «новы інтэрнэт» ды «карысныя і шкодныя вірусы». А колькі яшчэ ёсць пенсіянераў, якім дзеці кампутар купілі, каб быць на сувязі па Скайпе?

Заняўшыся гэтай праблемай, ад калегаў і сяброў я даведаўся, што ўжо шмат у якіх раёнах Мінска была зафіксавана абтэлефаноўка кватэр з аповедам пра «паслугу па прадухіленні праблем з аптавалакновымі сеткамі». Спробы высвятліць, што гэта за арганізацыя і хто з'яўляецца заказчыкам паслугі, выдавалі адказы: гэта прыватная кампанія і дзейнічае яна па дамове з «Белтэлекамам». Зрэшты, у «Белтэлекаме» катэгарычна адмаўляюць усялякае падобнае «супрацоўніцтва». Як і ў Мінгарвыканкаме.

Шкада толькі, я так і не высвятліў, што такое «новы інтэрнэт», і чым ён адрозніваецца ад «старога».



Каментаваць