Як кошты грызуць заробкі

Плюралізм меркаванняў — рэч карысная для дэмакратыі, а для рэальнай ацэнкі сітуацыі патрэбны факты. Таму пачнём са статыстыкі.

Прынамсі, возьмем паказчыкі знешняга гандлю. У студзені тут была вельмі непрыемная сітуацыя. Розніца паміж вартасцю экспарту і імпарту (сальда) склалася адмоўная, у памеры 903 мільёны долараў.



Плюралізм меркаванняў — рэч карысная для дэмакратыі, а для рэальнай ацэнкі сітуацыі патрэбны факты. Таму пачнём са статыстыкі.

Прынамсі, возьмем паказчыкі знешняга гандлю. У студзені тут была вельмі непрыемная сітуацыя. Розніца паміж вартасцю экспарту і імпарту (сальда) склалася адмоўная, у памеры 903 мільёны долараў.

Магчыма, студзень — месяц нетыповы. Як калісьці казаў эканамічны дарадца Ельцына Аляксандр Ліўшыц, у студзені эканоміка спіць разам з грамадзянамі. Але люты толькі дадаў негатыву ў наша паступовае эканамічнае развіццё. Хоць па выніках двух месяцаў памер знешнегандлёвага таваразвароту павысіўся да 10,7 мільярда долараў (на 44% у параўнанні са студзенем-лютым 2010 года), памер экспарту павысіўся на 26%, а імпарт падскочыў аж на 61%. Адпаведна, склалася адмоўнае сальда блізу 2 мільярдаў долараў, што ў чатыры разы болей, чым было на такі перыяд мінулага года.

Гэта факт, на якім можна будаваць любыя інтэрпрэтацыі і даваць ацэнкі.

Невядома, як склалася сітуацыя ў сакавіку (статыстыка знешняга гандлю публікуецца з адставаннем на месяц), але амаль поўнае знікненне наяўнай валюты з абменнікаў можна лічыць фактам, які сведчыць аб далейшым пагаршэнні знешнегандлёвых перспектыў беларускай эканомікі.

Чым больш мы прадаём, тым меней атрымоўваем. Тады навошта ўвесь гэты тлум? Ужо і Мясніковіч казаў, што нельга дапускаць такой перавагі ў тэмпах росту імпарту над экспартам, а ніхто не слухае.

З іншага боку, дэфіцыт наяўнай валюты ў абменных пунктах ставіць пад сумнеў карэктнасць доларавага пераліку заробкаў па афіцыйнаму курсу, а актыўнае падвышэнне спажывецкіх коштаў змушае да крытычнай ацэнкі паказчыкаў падвышэння рэальных грашовых даходаў насельніцтва.

Таму больш-менш дакладнымі можна лічыць толькі паказчыкі падвышэння намінальных заробкаў. Аднак і тут імклівыя тэмпы, нашмат большыя, чым у вытворчасці ВУП, сведчаць аб непазбежнасці страты рэальнай вартасці не толькі заробкаў, але і ўсіх іншых грашовых здабыткаў.

Зразумела, гэта версія, але яна мае ўсе прыкметы навуковага факта. Можа, дзе і было інакш, але аб гэтым ніхто дакладна не ведае.

Карацей, у краіне няма грошай, і яны не хутка з’явяцца. Нават з улікам расійскіх і “еўразійскіх крэдытаў, калі яны будуць атрыманы, нават з улікам магчымых набыткаў ад прыватызацыі, калі яна адбудзецца, урад Беларусі не атрымае магчымасцяў для манеўра. Бо ўзятае ў крэдыт і атрыманае ад продажу капіталу, створанага ў мінулым, давядзецца аддаць на абслугоўванне выдаткаў па ранейшых пазыках, на падтрыманне бягучых фінансавых патрэб. Увогуле, ад прыватызацыі ні адна краіна з так званай пераходнай эканомікай не атрымала вялікіх набыткаў.

Галоўны плён ад яе быў адкладзены да таго моманту, пакуль інвестары не справяцца з адаптацыяй набытых вытворчасцяў да рэальных патрабаванняў спажыўцоў. Прыкладам, асноўным гарадскім, міжгароднім і міжнародным аўтобусам у СССР і краінах соцлагеру быў венгерскі “ікарус. Лепшы з тых, што мы ведалі. І дзе ён зараз? Вытворчасць спынена з нагоды поўнай неканкурэнтаздольнасці ў параўнанні з аўтобусамі вядучых сусветных вытворцаў.

Нам жа даводзяць, што, прыкладам, БелАЗ мае дваццаць, МАЗ — дваццаць пяць, а МТЗ — сорак працэнтаў сусветнага рынка. А “Беларуськалій, як на днях зазначыў Лукашэнка, здольны завалодаць ці не паловай сусветнага рынка мінеральных угнаенняў. То бок стаць сапраўдным манапалістам, ад настрою якога залежыць не што іншае, як некалькі мільярдаў людзей. І, маўляў, таму прыватызацыя гэтых прадпрыемстваў (увогуле, продаж за мяжу) павінна даць Беларусі многа грошай.

З гэтай нагоды ўзнікае даволі бязглуздае пытанне: чаму ж зараз, калі гэтымі прадпрыемствамі валодае дзяржава, яны не даюць краіне велічэзных прыбыткаў? Ці не таму, што нашы эксперты ёмістасць рынкаў падлічваюць у адзінках прададзеных трактароў або калёсных цягачоў, а астатнія — у фунтах, еўра і доларах. І пры такім пераліку аказваецца, што сапраўдныя набыткі беларускіх прамысловых гігантаў саступаюць у памеры ганарарам не надта вялікіх футбольных “зорак. Мусіць, нейкі перадавы айчынны завод за год зарабляе болей, чым Аляксандр Глеб, але меней, чым Кака.

Увогуле, многае залежыць ад мовы. Не ў сэнсе, што яны размаўляюць на англійскай або нямецкай, а нашы — на дзяржаўнай трасянцы. Справа ў тым, які, у дадзеным выпадку, эканамічны сэнс укладваецца ў словы. Для нашых тады ўсё добра, калі з фабрычных комінаў дым ідзе. Астатні свет пры гэтым яшчэ лічыць прыбыткі.

На жаль, факты сведчыць, што валюты ў Беларусі няма, і ў блізкім часе не будзе. Таму, у каго ёсць колькі долараў, еўра ці юаняў, можна прыхаваць іх на нейкі тэрмін. Да таго часу, пакуль велічэзная сума наяўных беларускіх грошай, што ходзіць па руках у насельніцтва, не будзе адаптавана да коштаў тавараў на спажывецкім рынку.

Калі ў крамах грэчка каштуе ў чатыры разы болей за рыс, гэта наводзіць на роздум. Можна меркаваць, што хутка на грэчку кошты знізяцца, а на рыс — павысяцца. Але раўнавага ўсталюецца на ўзроўні бліжэй да сённяшняга кошту грэчкі, чым да кошту рыса.

Мусіць, з гэтай нагоды Лукашэнка, відавочна раз’юшаны сітуацыяй у краіне, стан рэчаў на спажывецкі рынку вызначыў з неўласцівай для сябе далікатнасцю. Маўляў, крызіс з харчовымі таварамі справакавала само насельніцтва. Цалкам можна пагадзіцца. Бо насельніцтва свядома і падсвядома лічыць, што валютныя курсы і спажывецкія кошты наўпрост залежаць ад прэзідэнта. А яму апошнім часам веры няма. Бо, як казаў некалі камедыйны Папандопула, у яго “няма залатога запасу. Вядома ж, крышку ёсць, але толькі на пільныя патрэбы. Да іх насельніцтва ў нас традыцыйна не мае ніякага дачынення.

Тыя ж крупы традыцыйна лічыліся ці не самай кансерватыўнай у адносінах да інфляцыі групай тавараў. Але за першы квартал яны падаражэлі на 17,6%, а ў параўнанні з І кварталам мінулага года — у 1,54 разы.

Суадносна з І кварталам 2010 года, харчовыя тавары агульна падаражэлі на 16,2 %, але малако і малочныя прадукты — на 18,4%, сыры — на 22,8%, масла жывёльнае — на 38,6%, алей — на 39,1%, цукар — на 29,2%, кандытарскія вырабы — на 18%, бульба — на 73%, садавіна і гародніна — на 23–26%.

Не нашмат ад агульнага ўзроўню адсталі ў росце кошты на мяса і птушку, кілбасныя вырабы.

Інакш кажучы, у выніку інфляцыйнай адаптацыі пакупніцкая здольнасць заробкаў перш-наперш памяншаецца адносна прадуктаў масавага спажывання, якія складаюць аснову спажывецкага кошыка. Працэс пачаўся і ідзе. Да 12 красавіка суадносна з сакавіцкімі коштамі яйкі курыныя падаражэлі на 2,7%, рыба марожаная — на 4,1%, алей (зноў!) — на 9,4%. Адчувальна падвысіліся кошты на бульбу і гародніну.

Адпаведныя змены адбыліся ў сферы паслуг, асабліва жыллёва-камунальных. Дадалі да малюнку свае фарбы транспартнікі, падвысіўшы тарыфы на праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. Дзякуючы гэтаму згубіла эканамічны змест занятасць многіх малакваліфікаваных работнікаў, так званых маятнікавых мігрантаў. Нашто працаваць, калі за праезд даводзіцца аддаваць да чвэрці заробку.

Узнікае пытанне — чаму? Адказаць на яго дастаткова складана. Таму спашлюся на словы аднаго адметнага палітыка, які лічыў, што інфляцыя не расце на дрэвах. Яна ёсць вынікам дзейнасці дурняў.
 

Каментаваць