Як Новы год сустрэнеш…

Так яго і правядзеш. У 2016-м гэтая прыкмета не абяцае беларусам нічога добрага. Ад самага пачатку ўлады спрабуюць залезці ў кішэню ўжо не толькі нібыта багатых, але і самых бедных шэрагаў насельніцтва.



Першы дзень новага года прынёс непрыемныя падарункі беларусам. Найперш, прадпрымальнікам і студэнтам БДУ.

Уступіў у дзеянне ўказ №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі». З 1 студзеня ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Праблема ў тым, што расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляе тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо прадастаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП штрафуюць і канфіскоўваюць у іх тавар.

Варта зазначыць, што норма аб суправаджальных дакументах у МС дзейнічае толькі для беларускіх прадпрымальнікаў. Іншыя краіны — Расія і Казахстан, — на гэтае палажэнне ўвагі не звяртаюць. Там мяркуюць, што пацвярджаць якасць прадукцыі і яе паходжанне павінен вытворца, а не прадпрымальнік.

Гэта ўжо прывяло да таго, што большасць рэчавых рынкаў краіны спынілі працу. Як гэта адаб’ецца на агульным эканамічным стане, сказаць цяжка. Але тое, што лозунг «Купляйце беларускае!» наўрад ці спрацуе, можна сказаць з упэўненасцю. Хутчэй за ўсё, грамадзяне ў пошуках таннага і якаснага пачнуць ездзіць у звыклыя Польшчу, Расію ды Украіну. Што, у сваю чаргу, прывядзе да вывазу валюты і далейшага рост курсу долара і еўра. Пацерпяць і мясцовыя бюджэты: напрыклад, ІП укладалі ў бюджэт Мінска каля 2% ад яго агульнага аб’ёму. Бачна, зыходзячы з гэтай страты сталічная казна сфармаваная на 2016 год з дэфіцытам.

З 1 студзеня ў БДУ ўступае ў сілу палажэнне пра платныя пераздачы. Студэнты так і не дамагліся яго адмены. Асабліва яно непрыемнае для тых, хто да Новага года не змог здаць залікі.

Зноў жа з 1 студзеня ўзрасла базавая велічыня — са 180 да 210 тысяч рублёў. Гэта таксама кепская навіна для ўсіх, бо ад «базавай» залежаць розныя падаткі, зборы і штрафы. Гэта значыць, падаражэюць паслугі натарыяту і ЗАГСаў, — даражэй стане ажаніцца і развесціся. Павялічваецца і так званы «аўтазбор» за допуск машыны да дарожнага руху. Штрафы за безбілетны праезд і г.д.

У студзені пацяжэе жыроўка: па новых тарыфах, якія павысіліся ў снежні мінулага года, мы больш заплацім за камунальныя паслугі. Павелічэнне закранула газ, электрычную і цеплавую энергію.

Пры гэтым нам зноў кажуць, што насельніцтва пакрывае не больш за 30% кошту затрат, звязаных з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг. Але нават кіраўніку дзяржавы, нягледзячы на ягонае патрабаванне, не прадставілі поўнага каштарысу паслуг ЖКГ. Тым не менш у 2017 годзе ўрад разлічвае выйсці на поўную аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ за кошт павелічэння і змены методыкі разліку тарыфаў. Так што ЖКГ у гэтым годзе будзе даражэць і даражэць.

З уводам у дзеянне новай рэдакцыі Падатковага кодэкса плануецца адмяніць больш за паўтара дзясятка падатковых ільгот. Напрыклад, прадугледжваецца адмена льготы па падаходным падатку ў адносінах да даходаў фізічных асоб з выйгрышаў ад арганізатараў азартных гульняў. Але пацерпяць не толькі самыя багатыя, у якіх ёсць грошы на азарт, але і самыя бедныя, бо адмяняецца вызваленне ад падаткаабкладання прыбытку ад рэалізацыі вырабленай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Гэта значыць, бабулькі на рынках, што гандлююць уласнавырашчанай садавіной і гароднінай, павінны будуць плаціць падатак з тых капеек, якія яны атрымаюць ад продажу цыбулі ці кропу. Як гэта будзе рэалізавана на практыцы — невядома. Можа быць, інспектары Міністэрства па падатках і зборах масава пойдуць на паляванне за гэтымі бабулямі. А што? Такія рэйды ўжо адпрацаваныя ў барацьбе з ІП, якія, як згадвалася, працу амаль спынілі.

Новая рэдакцыя Падатковага кодэкса таксама прадугледжвае адмену льготы па ПДВ у дачыненні да паслуг энергазабеспячальных і газазабеспячальных арганізацый для патрэб насельніцтва. ПДВ заплаціць насельніцтва, гэта значыць, для беларусаў паслуга стане даражэй на 20%.

З фізічных асоб, у дачыненні да якіх будзе ўстаноўлена перавышэнне фактычных выдаткаў над афіцыйнымі даходамі, з 2016 года будзе спаганяцца падаходны падатак па стаўцы 16%.

Зразумела, што не ад добрага жыцця ўлады спрабуюць залезці ў кішэню ўжо не толькі нібыта багатых, але і самых бедных шэрагаў насельніцтва. Так, нас адразу папярэдзілі, што гэты год будзе складаны. Але наколькі складаны, мы можам уявіць пакуль толькі па навагодніх «падаруначках». І, падаецца мне, што ў гэтым годзе зарана праводзіць грашовую рэформу і ўводзіць манеты. Хіба што — іх зручней кідаць у шапку жабракам.

Каментаваць