Як падставіць Беларусь

З-за скіраванасці палітыкі на Расію, для Беларусі наступяць цяжкія часы. Можна было б пераарыентавацца на іншыя рынкі, але гэта складана, бо мы ўжо не толькі ў Мытным, але і ў Еўразійскім эканамічным саюзе.



Ніякія санкцыі не прымусяць Расію перагледзець сваё рашэнне па Крыме, заявіў намеснік кіраўніка МЗС РФ Уладзімір Цітоў перад нефармальнай сустрэчай кіраўнікоў МЗС Расіі, ФРГ і Польшчы па ўкраінскім пытанні ў Санкт-Пецярбургу. Ён таксама абвінаваціў NАТO ў парушэнні асноватворнага акта аб узаемных адносінах паміж Расіяй і NАТO праз размяшчэнне дадатковых баявых сіл блізу расійскіх межаў. 
 
 
Наконт асноватворных міжнародных дакументаў — дык тут можна сказаць: «Чыя б карова мычала»... Пасля таго, як Расія, напляваўшы на ўсе міжнародныя дамоўленасці і ўласную гарантыю бяспекі і цэласнасці Украіны, анексавала Крым, ёй пра міжнароднае права можна забыцца. А вось што тычыцца «антырасійскіх санкцый», то тут справа сур’ёзная.
 
 
На падтрымку сваёй эканомікі Расія з пачатку года (чытай — з моманту анексіі Крыма) ужо выдаткавала каля 100 мільярдаў долараў. Па ацэнцы намесніцы дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Вікторыі Нуланд, толькі з пачатку сакавіка каля 30 мільярдаў долараў было выдаткавана на падтрымку курсу расійскага рубля, а адток капіталаў з пачатку года склаў каля $60 мільярдаў — амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2013 год. Рэйтынг расійскіх аблігацый ледзь-ледзь перавышае «ненадзейны».
 

Экспартная выручка Беларусі з Расіі скарацілася на $386,7 мільёна

 
Гэтая сітуацыя будзе пагаршацца. Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі разлічвае, што за год наш «старэйшы брат» страціць каля $100 мільярдаў, у крытычным выпадку — $150 мільярдаў. Былы міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын называе магчымую суму стратаў у $200 мільярдаў. Гэта пры тым, што золатавалютныя рэзервы Расіі складаюць $500 мільярдаў. Такім чынам, з-за «ўкраінскай авантуры» Крэмль за год можа пазбавіцца значнай часткі сваіх ЗВР.
 
 
Між тым, для Расіі страшны не сам па сабе адток капіталу, а тое, сімптомам чаго ён з’яўляецца. У Расіі зніжаюцца інвестыцыі, без якіх немагчыма дамагчыся ўстойлівага росту ВУП. Уцёкі капіталу сведчаць пра немагчымасць развіцця, узмацненне адставання ад Захаду ў прадукцыйнасці працы і, як следства, адсутнасць росту даходаў насельніцтва. Расію чакае як мінімум рэцэсія.
Нашая праблема тут у тым, што з-за санкцый Расія будзе станавіцца больш «прыжымістай». Гэта мы ўжо адчуваем на сабе. Напрыклад, крэдыт у $2 мільярды, які нам абяцала Расія, і пра які Аляксандр Лукашэнка казаў, што «ён павінен прыйсці ў маі», Беларусь пакуль што не атрымала — прынамсі, пра гэта не было чуваць.
 
 
Пра гэта ж кажа і эканаміст Барыс Жаліба, прычым, па ягоных словах, сітуацыя ў дачыненні да Расіі яшчэ горшая. «Па ацэнцы Еўрапейскага цэнтрабанку, адток капіталу з Расіі склаў $160 мільярдаў. Золатавалютныя рэзервы Расіі скараціліся з $500 мільярдаў да $470 мільярдаў. Расія ў фінансавым плане імкліва «худзее», і відавочна, што аб’ём расійскай дапамогі беларускай эканоміцы будзе скарачацца. А без гэтай дапамогі беларуская эканоміка існаваць не ў стане», — лічыць Жаліба.
 
 
Эксперт адзначае і складанасці з выдачай Беларусі абяцанага крэдыту, і тое, што ўжо зараз пакупніцкая здольнасць Расіі, што тычыцца беларускіх тавараў, зніжаецца. «Здавалася б, што такое 2 мільярды долараў для Расіі? Але зараз, з адтокам капіталу, з тымі ўліваннямі, якія патрэбныя Крыму на падтрымку жыццядзейнасці і сацыяльнай сферы, Пуцін лічыць кожную капейчыну, кожны мільярд. Зніжаецца і экспартная выручка Беларусі ад тавараў, якія мы прадаем у Расію, і гэта ўжо заўважна», — адзначыў Жаліба.
 
 
Сапраўды, наш экспарт у Расію скараціўся ў першым квартале на 7%. Так, у сту­дзені-красавіку 2014 года экспарт трактароў і седлавых цягачоў знізіўся на $49,1 мільёна долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Падзенне экспартных цэн на беларускія шыны прывяло да зніжэння іх экспарту на $78,9 мільёна. Экспарт беларускай свініны на расійскі рынак за той жа перыяд упаў амаль у 4 разы. У цэлым экспартная выручка Беларусі з Расіі скарацілася на $386,7 мільёна.
 
 
Далей будзе горш, папярэджвае Жаліба. «Паколькі Расія не пагаджаецца змяніць пазіцыю па Украіне, вельмі верагодна, што Захад усё ж увядзе «трэцюю хвалю санкцыяў», якія тычацца ўжо сектараў расійскай эканомікі — найперш нафтавага і газавага. Пасля гэтага сённяшнія санкцыі Расіі пададуцца кветачкамі. У такім выпадку будучыня поўнасцю залежнай ад Расіі эканомікі Беларусі — справа цёмная», — кажа Жаліба.
 
 
Можна было б пераарыентавацца на іншыя рынкі, але гэта складана зрабіць, бо мы ўжо не толькі ў Мытным саюзе, але і ў Еўразійскім эканамічным: заходні вектар для нас закрыты, лічыць Жаліба. Застаецца толькі змяншаць сабекошт прадукцыі, развіваць яе канкурэнтаздольнасць і скарачаць дзяржаўныя выдаткі. То бок, жыць па сродках. «Але, па-першае, гэты рэзерв абмежаваны, а па-другое, як гэта зрабіць? Усе сучасныя тэхналогіі і інвестыцыі зараз на Захадзе. Дарэчы, менавіта гэта — адток не толькі грошай, але і інвестыцый, балюча адчула Расія», — адзначыў Жаліба.
 
 
Але на Захад мы прынцыпова не пойдзем. «Чаго мне крыў­дзіцца на Захад? Я ж разумею, чаго яны хочуць ад мяне і чаго яны хочуць ад Беларусі. Я ніколі на гэта не пайду і не дазволю ім тут гаспадарыць», — заявіў Лукашэнка 9 чэрвеня ў інтэрв’ю сербскай прэсе.
 
 
Тым не менш, можа так адбыцца (і адносна хутка), што ў Беларусі будзе толькі два шляхі: альбо збанкрутаваць разам з Расіяй, альбо ўсё ж пачаць развіваць адносіны з Захадам. Чым раней мы скончым спрэчкі з Захадам, тым менш балючым будзе амаль непазбежны эканамічны разварот. Бо, пасля банкруцтва разам з Расіяй, разварочвацца ўсё роўна прыйдзецца.
 

Каментаваць