Як забіць сельскую гаспадарку?

Ва ўрадзе разглядаюцца падыходы па фармаванні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і праграмы на 2015–2020 гады. «Мы будзем выносіць дастаткова смелыя рашэнні па развіцці народна-гаспадарчага комплексу краіны», — паведаміў прэм’ер Мясніковіч. І паабяцаў рэвалюцыю ў эканоміцы.



Смелыя рашэнні ў першую чаргу закрануць грашова-крэдытную палітыку — гаворка ідзе аб зніжэнні ставак па крэдытах для сельгасарганізацый. «Ёсць ускосны механізм, гэта не прамая сувязь паміж коштам крэдыту і дэпазіту. Тут дзяржава мае намер удзельнічаць як актыўны, будзем так казаць, гулец на фінансавым рынку», — растлумачыў Мясніковіч.

Але адбылося практычна ўсё, як заўсёды. «Рэвалюцыйнае рашэнне» вылілася ў старую, знаёмую схему: друкуем грошы — уліваем у вёску — друкуем яшчэ грошы — кампенсуем банкам страты ад нізкіх працэнтных ставак.

Ужо колькі разоў Аляксандр Лукашэнка патрабаваў: вёска, выходзь на самаакупнасць! Той падтрымкі, што была раней, не будзе! Эканоміка не вытрымлівае! А любыя калгаснікі і не варушацца: «Куды ж вы без нас падзенецеся, з вашымі планамі «харчовай бяспекі» і «росту экспарту сельгаспрадукцыі да 7 мільярдаў долараў у год»! Калі панабудавалі такіх планаў, будзеце праплачваць свае ж амбіцыі, нікуды не падзенецеся».

Вось і зараз ужо падпісаны ўказ пра новае крэдытаванне вёскі. Згодна з ім, «Белінвестбанку» і «Беларусбанку» рэкамендавана прадаставіць перапрацоўчым арганізацыям крэдыты на агульную суму 904 мільярда 600 мільёнаў рублёў пад закупку фуражнага збожжа і бялковай сыравіны. Фактычна, гаворка ідзе пра ўліванне амаль мільярда (!) рублёў у калгасы.

Крэдыты будуць прадстаўлены па льготнай стаўцы з наступнай кампенсацыяй банкам страт за кошт бюджэту (па крэдытах у рублях — палова стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка + 3%, у валюце — 5%). Згодна з указам, крэдыты будуць прадстаўлены на тэрмін да года, што з’яўляецца пацвярджэннем таго, што ўлады працягваюць выкарыстоўваць шматгадовую схему рэфінансавання даўгоў прадпрыемстваў АПК.

Я не ведаю, якое там ва ўрадзе «аграрнае лобі». Але тое, што прапануецца рабіць надалей, можа проста забіць усю сельскую гаспадарку. Гэтыя разумныя людзі праціснулі ва ўрад такі праект будучага ўказа, што працаваць ім увогуле будзе не трэба: узяць грошы ў крэдыт, паплёўваць у столь увесь год, потым аддаць крэдыт — і ўсё роўна застацца ў прыбытку.

Па словах таго ж Мясніковіча, для сельскагаспадарчых аб’ектаў, якія ўключаныя ў дзяржпраграмы, стаўка па крэдытах павінна цалкам кампенсавацца за кошт бюджэту. То бок, атрымліваецца, што крэдыт выдаецца беспрацэнтны. На фоне 6,6% інфляцыі за першыя 4 месяцы бягучага года, альбо каля 20% інфляцыі на год, пры сур’ёзнай суме пазыкі, калі «правярнуць» грошы дзе-небудзь па-за вытворчасцю, на гэтыя 20% можна няблага пражыць. А ўлічваючы, што ў нас існуе дзяржпраграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011–2015 гады, у якую ўключаныя «і жук, і жаба», то такія «кампенсаваныя» крэдыты можа атрымаць амаль любое сельгаспрадпрыемства.

Больш за тое, як сказаў Мясніковіч, «што ж тычыцца бягучай дзейнасці, то тут крэдыты таксама павінны быць па мінімальных стаўках. Мы прапануем іх у межах 2–5% гадавых». «Калі гэтая норма будзе прынятая — адпаведны праект указа падрыхтаваны, практычна завершаны ўсе працэдуры па яго ўзгадненні, — то мы мяркуем, што гэта дазволіць істотным чынам палепшыць эканоміку вёскі, бо тэхналагічны цыкл у сельгасвытворчасці ўсё ж вельмі працяглы, і неабходна пазычаць сродкі, браць крэдыты, каб працаваць ад ураджаю да ўраджаю», — сказаў прэм'ер.

Таварышы, гэта капец. Капец усяму, а найперш — сельскай гаспадарцы. Напрыклад, сельгаспрадпрыемства бярэ крэдыт пад «максімальныя», па Мясніковічу 5% гадавых. Не адыходзячы ад касы таго ж банка, яно пераводзіць гэтыя грошы на дэпазіт, стаўка па якім, па сённяшнім часе, складае 40% гадавых.

Мы не сеем, мы не пашам, палі зарастаюць пустазеллем, худоба памірае, але ў выніку сельгаспрадпрыемства выходзіць на чысты прыбытак у памеры 35% у год ад сумы крэдыту (стаўка дэпазіту мінус стаўка крэдыту). Альбо дасягаем і 40-працэнтнага прыбытку, калі прадпрыемства ўключанае ў дзяржпраграму, і стаўка па крэдыту кампенсуецца за кошт бюджэту.

Нават калі калгас вырашыць плаціць заробак сваім працаўнікам «за паветра» ў памеры 30% ад узятых грошай, 10% — зусім неблагая прыбытковасць для сельскагаспадарчага прадпрыемства. Дарэчы, у той самай дзяржпраграме ўстойлівага развіцця вёскі на 2011–2015 гады запісана, што «інтэграваным паказчыкам ацэнкі эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці стане рэнтабельнасць продажаў у сельскай гаспадарцы. Узровень гэтага паказчыка да 2015 года павінен дасягнуць 11%».

Як кажуць, сачыце за рукамі: мінімум 10% прыбытку ў выпадку махінацый з крэдытамі і 11% прыбытковасці па праграме дзяржразвіцця! Гэткім чынам можна і прыгожую справаздачку па выкананні дзяржпраграмы развіцця вёскі намаляваць. А гэта ўжо не хухры-мухры, гэта сапраўды цягне на «рэвалюцыю».

Праўда, ёсць адна праблема. Ніводзін банкір у здаровым розуме і цвёрдай памяці не выдасць сельгаспрадпрыемству крэдыт пад 5% гадавых — хіба што толькі дзяржбанкі па загадзе «зверху». Але ў такім выпадку ў гэтых банкаў грошы вельмі хутка скончацца. Дзе Мясніковіч збіраецца ўзяць фінансы на такія крэдыты?

Такія танныя рэсурсы ён можа ўзяць толькі ў адным месцы — у тым памяшканні Нацбанка, дзе знаходзіцца друкарскі станок. І, мяркуючы па ўсім, Нацбанк гэтаму ўжо больш не пярэчыць.

Каментаваць