Якая альтэрнатыва cкрайнім мерам?

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук Міхаіл Кавалёў лічыць, што дэвальвацыя — скрайняя і малакарысная мера для барацьбы з эканамічным крызісам. Рэгуляваць імпарт і павялічваць валютныя паступленні ў бюджэт эксперт прапануе за кошт павялічэння мыта на тавары, што імпартуюцца.

 



Дэкан эканамічнага факультэта БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук Міхаіл Кавалёў лічыць, што дэвальвацыя — скрайняя і малакарысная мера для барацьбы з эканамічным крызісам. Рэгуляваць імпарт і павялічваць валютныя паступленні ў бюджэт эксперт прапануе за кошт павялічэння мыта на тавары, што імпартуюцца.

Асноўную прычыну пагаршэння эканамічнага стану Беларусі Міхаіл Кавалёў бачыць ва ўстойлівым дысбалансе знешняга гандлю. Ён звяртае ўвагу на тое, што з 2006 года адмоўнае сальда па гандлю таварамі і паслугамі пачало імкліва павялічвацца. У 2007 годзе яно склала 2,7 мільярда долараў, а па папярэдніх ацэнках за 2008 год, адмоўнае сальда па гандлю таварамі і паслугамі — каля 3,4 мільярда долараў.

Упершыню за працяглы час летась мы мелі адмоўнае сальда гандлю харчовымі таварамі і харчовай сыравінай. “Гэтая розніца пакрывалася ў асноўным за кошт кароткатэрміновых займаў, — адзначае Кавалёў. — Калі да 2005 года нашая знешняя запазычанасць была на ўзроўні пяці мільярдаў долараў, то на верасень 2008 года яна склала каля пятнаццаці мільярдаў. Атрымліваецца, што кожны беларус павінен ужо паўтары тысячы, разам з тым мы аддалі банкам (маюцца на ўвазе дэпазіты) блізу пяцісот долараў. Гэта не такая вялікая пазыка, але праблема ў тым, што ў асноўным гэта кароткатэрміновыя крэдыты, якія трэба аддаць на працягу аднаго года. Груба кажучы, цягам гэтага года мы павінныя вярнуць каля дзесяці мільярдаў.

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ правёў паралелі паміж цяперашняй сітуацыяй у Беларусі і эканамічнай тэорыяй: “У эканамічнай тэорыі ёсць паняцце «старыя зберагаюць, маладыя трацяць». Што і назіралася ў краіне цягам апошніх гадоў. І праблемы, якія накапіліся ў Беларусі да крызісу, яшчэ больш абвастрыліся. Акрамя таго, Міхаіл Кавалёў звяртае ўвагу на імклівае скарачэнне экспарту.

“Калі да ліпеня 2008 года наш экспарт рос, і ў ліпені склаў 3,3 мільярда долараў, то затым пачаў зніжацца. У жніўні ён склаў ужо 3,1 мільярда долараў, у верасні — 3 мільярда, у кастрычніку — 2,7 мільярда, у лістападзе — 2 мільярда долараў, а ў снежні — 1,5 мільярда долараў. Не думаю, што ў студзені адбыўся цуд, і мы выйшлі на старыя паказчыкі, — гаворыць дэкан эканамічнага факультэта БДУ. Сярод прычынаў імклівага росту адмоўнага знешнегандлёвага сальда Міхаіл Кавалёў называе рост заработнай платы і спажывецкі бум, размах спажывецкага крэдытавання. Тым больш, апошняе было арганізавана пад імпартныя тавары. “Гэта трэба было пабачыць два гады таму і крыху прыпыніць, — лічыць эксперт.

У выніку рэзервы Беларусі ў замежнай валюце са жніўня пачалі імкліва скарачацца. На канец жніўня 2008 года мы мелі 4,1 мільярда долараў, а на канец студзеня — усяго 2,4 мільярда долараў. “Варта прама сказаць, што гэта праблема бліжэйшыя месяцы будзе толькі павялічвацца, тым больш што надыходзіць час, калі трэба вяртаць замежныя пазыкі, — канстатуе Кавалёў.

У выпадку, калі Беларусь сутыкнецца з сур’ёзным дэфіцытам валюты, Міхаіл Кавалёў прапануе непапулярныя, але, на яго думку, дзейсныя меры — павялічыць мыты на імпарт. Пры гэтым дэвальвацыю эксперт лічыць крайнім і малаэфектыўным інструментам: “Дэвальвацыя скрайне непрыемная мера — рублёвыя ашчаджанні, заробкі насельніцтва ў адну ноч зменшылася на 20 працэнтаў, наш экспарт скараціўся на 20 працэнтаў. А эфект ад яе не такі вялікі, усяго на некалькі месяцаў. Хаця правядзенне разавай студзеньскай дэвальвацыі эксперт ацаніў станоўча. Паводле яго меркавання, гэта дазволіла не разгарэцца полымю панікі і не выклікала вялікага адтоку сродкаў з дэпазітаў насельніцтва.

Міхаіл Кавалёў прапануе “ўтрымліваць імпартныя тавары на мяжы, што будзе спрыяць павышэнню попыту на айчынныя тавары, праўда, пры ўмове, калі мясцовыя вытворцы не падвысяць кошты на сваю прадукцыю.

Прапанова Кавалёва даволі спрэчная. У цяперашніх умовах кожная краіна намагаецца калі не пашырыць, то хаця б утрымаць свае рынкі збыту. У асноўным беларуская прадукцыя экспартуецца ў Расію, доля расійскага імпарту таксама высокая. І калі Беларусь абвесціць таварную вайну суседцы, тая можа адказаць аналагічнымі мерамі. Наўрад ці Беларусь выйдзе з гэтага паядынку пераможцам. У шэрагу пратэкцыянісцкіх мер для беларускіх тавараў Кавалёў назваў стымуляцыю ўнутранага попыту на тавары айчыннай вытворчасці, стварэнне эфектыўнай сеткі рэалізацыі. “Для стымуляцыі попыту на імпартныя тавары было зроблена ўсё: вы не паспявалі выбраць сабе машыну, а вам ужо афармлялі крэдыт. Паспрабуйце гэтак жа прадаць айчыннае. Трэба выхоўваць нейкі таварны патрыятызм. На жаль, пакуль мы не ўмеем прадаваць сваё, — адзначыў суразмоўца.

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ папярэджвае, што ўслед за эканамічным Беларусь сутыкнецца з сацыяльны крызісам, першыя ластаўкі гэтага ўжо з’явіліся: “Усе мае традыцыйныя замоўцы спецыялістаў сказалі, што сёлета не возьмуць ніводнага новага чалавека. І нават будуць скарачаць сваіх.

Каментаваць