Еўракамісія пачала антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да беларускіх металургаў

Еўракамісія 31 сакавіка пачала антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да Беларускага металургічнага завода па гарачакачанай арматуры, паведамляе сайт Еўракамісіі.



Фота: profi-forex.org


У дакуменце адзначаецца, што скарга пададзеная 15 лютага 2016 года Еўрапейскай асацыяцыяй вытворцаў сталі (Eurofer) па даручэнні вытворцаў, якія кантралююць больш за 25% рынку арматуры ў Еўрасаюзе.

Eurofer скардзіцца на вялікія аб'ёмы паставак арматуры з Беларусі па нярынкавых цэнах, што адмоўна паўплывала на аб'ёмы продажу і цэны на рынку ЕС і, як следства, неспрыяльна адбілася на фінансавым становішчы шэрагу еўрапейскі вытворцаў.

У дакуменце адзначаецца, што падчас расследавання будзе вывучаны перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2015 года. Пры гэтым вывучэнне тэндэнцый рынку будзе ахопліваць перыяд з 1 студзеня 2012 года па 31 снежня 2015 года.

Вытворца, у адносінах да якога вядзецца расследаванне, запрашаецца да ўдзелу ў працы камісіі па расследаванні, гаворыцца ў дакуменце.

Беларускі металургічны завод (ААТ "БМЗ" — кіруючая кампанія холдынга "БМК") заснаваны ў 1984 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці літой загатоўкі, фасоннага, сартавога і арматурнага пракату, труб, металакорду, РМЛ і іншых відаў дроту. У 2015 годзе пачата вытворчасць драбнасортнага драцянога пракату.

Як паведамляе сайт прадпрыемства, за люты 2016 года выпушчана сталі 151.485 тон (2.509.922 тоны за 2015 год), пракату — 153.060 (2.123.898), сталёвых труб — 5.713 (111.016), металакорду — 6.404 (88.384), бартавога дроту — 2.865 (36.783), дроту РМЛ — 2.343 (29.799), стальнога дроту — 10.351 тона (237.424 тоны ў 2015 годзе).

 
Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць