Каб больш зарабляць, трэба менш спаць

Забяспечаныя беларусы адводзяць на сон амаль на 1 гадзіну менш малазабяспечаных. У буднія дні яны спяць менш за 8 гадзін, а ў выходныя — 8 гадзін 18 хвілін. Затое найменш забяспечаныя беларусы спяць у сярэднім 9 гадзін.

У тым, як выглядае звычайны дзень нашых суграмадзян, дапамагаюць разабрацца вынікі даследавання хатніх гаспадарак наконт выкарыстання насельніцтвам сутачнага фонду часу. Выбарачнае абследаванне праводзілася Нацыянальным статыстычным камітэтам пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва і ЮНІСЕФ ва ўсіх рэгіёнах Беларусі на працягу 12 месяцаў. Мэтавай групай з'яўлялася насельніцтва ва ўзросце 10 гадоў і старэй.

Гендарная няроўнасць ладу жыцця

У апошнія гады ўсё больш папулярным становіцца абмеркаванне праблем гендарнай няроўнасці. Адным з ключавых аспектаў няроўнасці называюць розніцу ў даходах мужчын і жанчын. Так, у 2015 годзе ў Беларусі, паводле Белстата, сярэдняя заработная плата жанчын была на 24% меншай, чым у мужчын. Гэты факт разам з іншымі, безумоўна, накладвае адбітак і на лад жыцця беларускіх жанчын.

 


У выніку жанчыны ў сярэднім толькі 13,3% сутачнага часу прызначаюць працы. Гэта амаль у паўтара разы менш, чым беларускія мужчыны. Працоўны час і час, звязаны з працай, уключае працоўны час на асноўнай і дадатковай працы, а таксама час на перамяшчэнне да месца працы і назад.

 

Сутачны фонд часу беларускіх мужчын і жанчын ва ўзросце ад 10 гадоў і старэй, %. Крыніца: Белстат

Замест працы жанчыны больш часу надаюць вядзенню хатняй гаспадаркі. У выдаткі часу на вядзенне хатняй гаспадаркі ўключаны час на працу па хаце (гатаванне ежы, мыццё, прасаванне, шыццё, вязанне, догляд за адзеннем і абуткам, прыборка, хатні рамонт, догляд за дзецьмі), а таксама час, які выдаткоўваецца на шопінг. Сярэдняя беларуская жанчына надае хатняй гаспадарцы больш за чатыры з паловай гадзіны. Гэта ў два разы больш, чым мужчына.

У мужчын, нягледзячы на вялікую занятасць на працы, застаецца больш вольнага часу, чым у жанчын. Да вольнага часу адносяць: час, выдаткаваны на зносіны; наведванне тэатраў, кіно, канцэртаў, музеяў, бібліятэк, спартыўных і культурна-відовішчных мерапрыемстваў; час занятку спортам і актыўнымі відамі дзейнасці, захапленнямі і гульнямі; баўленне вольнага часу з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі; час на грамадскую і рэлігійную дзейнасць.

І ў мужчын, і ў жанчын вольнага часу больш, чым працоўнага. Аднак, калі ў мужчын гэта больш за пяць гадзін, то ў жанчын — толькі 4 гадзіны з чвэрцю.

Відавочна, што патэнцыйнае павелічэнне заробку ў жанчын здольнае змяніць размеркаванне сямейных абавязкаў і скараціць гендарныя дыспрапорцыі ў размеркаванні сутачнага фонду часу.

Ці то горад, ці то вёска

Лічыцца, што жыццё ў вёсцы прымушае больш часу надаваць працы і вядзенню хатняй гаспадаркі. Праведзенае даследаванне гэта пацвярджае, аднак розніца з жыхарамі гарадоў не відавочная.

Жыхары гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу ў сярэднім выдаткоўваюць на працу нават больш часу, чым жыхары сельскіх населеных пунктаў. Час, які надаецца працы беларускімі сельскімі жыхарамі, складае ў сярэднім толькі 3 гадзіны 39 хвілін на суткі. Гараджане выдаткоўваюць на працу ў сярэднім на 10 хвілін больш.


Сутачны фонд часу жыхароў беларускіх гарадоў і вёсак ва ўзросце ад 10 гадоў і старэй, %. Крыніца: Белстат

У той жа час сяльчане вымушаныя больш часу надаваць вядзенню хатняй гаспадаркі. На гэта ў іх сыходзіць больш за чатыры гадзіны на дзень. Розніца ў выдатках часу абумоўлена садоўніцтвам, агародніцтвам і доглядам за хатнімі жывёламі. У жыхароў беларускіх вёсак сыходзіць на гэта ў сярэднім больш чым адна гадзіна на суткі. У той жа час гарадскія жыхары абмяжоўваюцца толькі 23 хвілінамі.

У выніку колькасць вольнага часу ў прадстаўнікоў гораду і вёскі амаль аднолькавая. Розніца ў спосабах правядзення вольнага часу таксама не адчувальная. Гараджане крыху больш часу выдаткоўваюць на зносіны, кампутар і прагулкі. Затое вяскоўцы на 12 хвілін больш глядзяць тэлевізар.

Заможныя працуюць больш

Як вядома, узровень даходаў аказвае істотны ўплыў на лад жыцця чалавека. Ацэнка выдаткаў часу на ажыццяўленне розных відаў дзейнасці ў залежнасці ад узроўню матэрыяльнай забяспечанасці паказвае, што заможныя беларусы працуюць значна больш найменш забяспечаных суграмадзян.


Працоўны час і перамяшчэнні, звязаныя з працай, 10 працэнтаў найбольш і найменш забяспечаных беларусаў, гадзіны-хвіліны. Крыніца: Белстат

Як паказваюць дадзеныя даследавання, у сярэднім найменш забяспечаныя беларусы працуюць толькі 3 гадзіны 2 хвіліны. Затое працоўны час самых заможных беларусаў складае 5 гадзін 24 хвіліны. Акрамя таго, багатыя выдаткоўваюць амаль удвая больш часу і на перамяшчэнні, звязаныя з працай. Такім чынам, у Беларусі прасочваецца выразная заканамернасць паміж часам, які выдаткоўваецца на працу, і ўзроўнем дабрабыту грамадзян.

Вялікая ўвага, нададзеная працы, прымушае забяспечаных беларусаў менш часу прызначаць вядзенню хатняй гаспадаркі. Статыстычныя дадзеныя паказваюць, што багатыя беларусы выдаткоўваюць на вядзенне хатняй гаспадаркі на 27 хвілін менш, чым бедныя. Найбольш выразна розніца праяўляецца ў часе, што прызначаны догляду за дзецьмі. Калі малазабяспечаныя беларусы надаюць сваім дзецям больш за 40 хвілін на дзень, то найбольш забяспечаныя — у сярэднім толькі 8 хвілін.

Заможныя грамадзяне больш часу выдаткоўваюць на шопінг. На гэта ў іх у сярэднім сыходзіць 19 хвілін у дзень. Бедныя марнуюць на набыццё тавараў у сярэднім па 11 хвілін на дзень.

Вольны час прысвячаецца СМІ

Забяспечаныя беларусы адводзяць на сон амаль на 1 гадзіну менш малазабяспечаных. У буднія дні яны спяць менш за 8 гадзін, а ў выходныя — 8 гадзін 18 хвілін. Затое найменш забяспечаныя беларусы праводзяць у сне ў сярэднім дзевяць гадзін на дзень.

Нягледзячы на больш працяглы сон, у малазабяспечаных застаецца больш вольнага часу.

Вольны час 10 працэнтаў найбольш і найменш забяспечаных беларусаў, гадзіны-хвіліны. Крыніца: Белстат

Асноўную частку вольнага часу як багатых, так і бедных займаюць сродкі масавай інфармацыі. На прагляд тэлеперадач малазабяспечаныя беларусы выдаткоўваюць 2 гадзіны 6 хвілін. Гэта на 25 хвілін больш, чым найбольш заможныя суграмадзяне.

Багатыя надаюць значна менш часу спорту і актыўным відам дзейнасці — толькі 19 хвілін на дзень, у той час як малазабяспечаныя — больш за паўгадзіны. Менш часу ў іх застаецца і на зносіны — усяго 37 хвілін на дзень.

Асноўным захапленнем для ўсіх сёння з'яўляюцца кампутарныя гульні і іншае выкарыстанне кампутара ў вольны час. Абедзве катэгорыі грамадзян марнуюць на гэта ў сярэднім каля 20 хвілін у дзень.

Толькі на адзін від адпачынку багатыя выдаткоўваюць больш часу, чым бедныя — на наведванне культурна-спартыўных мерапрыемстваў. Але гэты від вольнага часу сёння здольны прыцягнуць не больш за 4 хвіліны вольнага часу.

Такім чынам, аналіз праведзенага даследавання дазваляе пазбавіцца ад некаторых стэрэатыпаў, якія склаліся вакол ладу жыцця нашых суграмадзян.

У прыватнасці, бесклапотны лад жыцця найбольш паспяховых беларусаў, пра якія разважаюць у сацыяльных сетак, вельмі далёкі ад рэальнасці. Бо ў пагоні за больш высокім узроўнем дабрабыту беларусы вымушаны ахвяраваць асабістым часам.

У той жа час грамадзяне з невысокім узроўнем дастатку вядуць больш размеранае жыццё. Менш часу выдаткоўваюць на працу, затое больш часу надаюць адпачынку. Адсюль можна меркаваць, што адна з прычын нізкага ўзроўню даходу заключаецца ў саміх малазабяспечаных грамадзянах, якія не робяць неабходных намаганняў для павелічэння заробку.

Паступова зжывае сябе і стэрэатып пра тое, што сельскія жыхары працуюць больш за гарадскіх. Сёння гараджане надаюць працы нават больш часу, чым жыхары вёскі.



Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2016-12-02 22:13:45
Шчасьлівыя гадзін не заўважаюць, асабліва ў сьне. А ці могуць багатыя быць шчасьлівымі? А вось бедныя -так...

Каментаваць