Калі будзе адстаўка ўрада? Пачакаем другога квартала


«Адкрытая і экспартна арыентаваная беларуская эканоміка па-ранейшаму знаходзіцца пад уздзеяннем рэзкай негатыўнай змены знешняга эканамічнага асяроддзя і ўмоў гандлю», — піша нават такі часопіс, як «Падаткі Беларусі».

У Аляксандра Лукашэнкі ёсць свая матрыца з чырвоным і сінім



Толькі там забываюць сказаць, што пад гэтым уздзеяннем яна знаходзіцца ўжо гадоў з дзесяць. Час бы ўжо прызвычаіцца.

 

І да гэтага даўно прызвычаіўся народ. Але чыноўнікі — такая каста, якая жыве ў паралельным свеце. І прызвычаіцца да гэтага не могуць. Таму і ўзнікаюць «непаняткі», як у Аляксандра Рыгоравіча, які днямі заслухаў справаздачу па выніках развіцця краіны ў першым квартале бягучага года.

 

Справаздача беларускага правадыра не задаволіла. «У мінулым годзе мы дамовіліся аб развіцці нашай краіны ў бягучым годзе. Былі пастаўлены канкрэтныя задачы. Тады мы дамовіліся, што па паўгоддзі дамо сур’ёзную ацэнку працы адпаведных структур, перш за ўсё ўрада, Нацыянальнага банка, службовых асоб, у тым ліку губернатараў, па развіцці Беларусі ў гэтым годзе і выкананню даведзеных заданняў. Першая адсечка — першы квартал. Ён прайшоў. Паўгоддзе — гэта падвядзенне вынікаў з адпаведнымі высновамі», — нагадаў Лукашэнка.

 

«Матрыца задач для вертыкалі ўлады ў мяне на стале. Чырвоным колерам пазначана тое, што не выканана. Сіні колер — поспехі. Гэтая матрыца ў цэлым у чырвоным колеры», — пабачыў кіраўнік дзяржавы. І дадаў, што «хацелася б пачуць тлумачэнні ў сувязі з гэтым».

 

А што тут тлумачыць? Усё даўно растлумачана. Чытайце «Падаткі Беларусі»: "рэзкая негатыўная змена" і гэтак далей… А чым займаўся ўрад і чыноўнікі? Зразумела ж, яны там, у паралельным свеце, пісалі сацыяльна-эканамічныя праграмы развіцця краіны на 2016-ы і да 2020-га года. Потым, выглянуўшы ў акенца рэальнасці і пабачыўшы, што нафта і долар ужо даўно пераўзышлі запланаваныя на 2020-ы год параметры, перапісвалі іх. Потым узгаднялі ўсю гэтую справу з парламентам, сапсавалі тоны паперы, і ўсё роўна не здолелі «выйсці ў рэал», як кажуць інтэрнэтчыкі.

 

«Праграма дзейнасці ўрада да 2020 года — гэта добры дакумент, але, на жаль, не пра нас. Напрыклад, галоўнымі ўмовамі ў ёй названыя: макраэканамічная стабільнасць, беспазыковае фінансаванне знешняга доўгу і назапашванне золатавалютных рэзерваў. Гэтыя ўмовы проста ўнутрана паміж сабой несумяшчальныя, таму ніякі ўрад гэтыя задачы выканаць не ў стане», — кажа пра «паралельны свет ураду» эканаміст Сяргей Чалы.

 

Як адзначыў эканаміст Вадзім Іосуб, «усё новыя ўрадавыя прагнозы грунтуюцца на адным параметры — цэнах на нафту. Афіцыйныя планы на новую пяцігодку прадугледжваюць іх паступовы рост, аднак яснага адказу на тое, што будзе з эканомікай, калі кошт нафты расці не будзе, мы не ведаем».

 

Зазначым, што на гэтым тыдні найбуйнейшыя краіны-вытворцы нафты АПЕК і нафтаздабываючыя дзяржавы, якія не ўваходзяць у картэль, не здолелі дасягнуць пагаднення аб замарозцы здабычы, чым не вырашылі праблему празмернасці прапановы на сусветных рынках. Пасля гэтага Расія ў аднабаковым парадку паведаміла, што можа падняць план здабычы нафты на гэты год. А значыць, прапанова нафты павялічыцца, а яе кошт менавіта ўпадзе, на што так не разлічваюць беларускія чыноўнікі.

 

На сустрэчы з урадаўцамі Аляксандр Рыгоравіч зазначыў, што ў адказных асоб ёсць яшчэ квартал, каб «згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі». «Калі не, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца», — заявіў Лукашэнка.

 

А калі ва ўрада няма плану, як выканаць тую «матрыцу», то праз тры месяцы мы чакаем адстаўкі ўрада? Напэўна, не, бо «лавы запасных» у кіраўніка дзяржавы папросту няма. Ну, можна зрабіць прэм’ерам Кірылу Рудага, а кім замяніць, напрыклад, Лілію Ананіч з Міністэрства інфармацыі? Альбо міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяну Шчоткіну? Нармальны міністр сацыяльнай абароны пасля рашэння пра пенсіі сам бы сышоў у адстаўку, а яна мужна застаецца на сваёй пасадзе.

 

Таму, акрамя чарговай вывалачкі і «апошняга кітайскага папярэджання», наўрад ці ўраду варта чаго палохацца.

 

А тут яшчэ і цікавы, якраз «паралельны» варыянт выхаду з крызісу прапанавалі расійскія СМІ. На іх думку, трэба ўводзіць адзіную валюту ў межах ЕАЭС. Канешне, гэтак расіяне адгукнуліся на словы Пуціна падчас «прамой лініі з народам», калі той заявіў, што тэма адзінай валюты «цікавая», але папрасіў пачакаць да тых часоў, пакуль «узроўні развіцця эканомік і структура эканомік краін, якія ўваходзяць у ЕАЭС, зраўняюцца».



 

Тое, што яны не зраўняюцца ніколі, гэта і вожыку зразумела. Як Беларусь без сваёй нафты і газу з насельніцтвам, роўным Маскве, можа зраўняцца з «сусветнай бензакалонкай», на тэрыторыі якой могуць размясціцца аж 34 гэтых Беларусі? Пра гэта расійскія СМІ не задумаліся, для іх Пуцін сказаў — гэта Пуцін сказаў. А таму яны ўсур’ёз пачалі разважаць, што «адзіная валюта будзе спрыяць далейшай інтэграцыі, палепшыць гандлёва-эканамічную дзейнасць, будзе ўстойлівай» і гэтак далей.

 

Для беларускага ўрада гэта добра, звыкла і якраз у іх манеры — зараз кінуць усе высілкі і спадзяванні на «адзіную валюту», а калі з гэтага нічога не атрымаецца, зноўку казаць пра «рэзкую негатыўную змену знешняга эканамічнага асяроддзя» і надалей нічога не рабіць.

 

А тым часам узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі за 3 месяцы гэтага года вырас на траціну — з 0,9% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва на 1 студзеня 2016 года да 1,2% на 1 красавіка 2016 года. Аб’ём ВУП у Беларусі ў I квартале 2016 года знізіўся на 3,6% у параўнанні з I кварталам 2015 года. Грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені-лютым 2016 года ў параўнанні са студзенем-лютым 2015 года знізіліся на 6,6%. Аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у першым квартале 2016 года зменшыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года на 26,3%.

 

Можна яшчэ шмат лічбаў прыводзіць, але за такія паказчыкі адпраўляць урад у адстаўку трэба ўжо зараз, не чакаючы правалу ў другім квартале.

 

Адзіная добрая навіна тыдня: возера Нарач трапіла ў ТОП папулярных курортаў СНД па версіі расійскага турыстычнага партала Travel.ru. Шкада толькі, што ў Расіі таксама крызіс, супастаўны з нашым. І таму расійскія турыстычныя грошы беларускую эканоміку не выратуюць.

Каментаваць