Як нам прымірыцца з уласнай гісторыяй? Лекцыя Алега Дзярновіча

Серыю адкрытых лекцый “Галоўнае пытанне” ладзіць Лятучы ўніверсітэта.



кадр з фільма "Кастусь Каліноўскі"


18 лістапада Алег Дзярновіч выступіць з лекцыяй “Каліноўскі ў Менску: старажытны горад, “сялянскі правадыр” і пачаткі беларускага кінематографа. Як нам прымірыцца з уласнай гісторыяй?”

Фільм “Кастусь Каліноўскі” быў створаны ў 1927 г. рэжысёрам Уладзімірам Гардзіным, які зрабіў сабе імя ў кінематографе яшчэ ў да рэвалюцыйныя часы. Тое, што для здымкаў беларускага фільма быў запрошаны расійскі рэжысёр, зразумела  у Беларусі ў той час увогуле яшчэ не існавала кінематаграфічнай базы. Было дамоўлена пра часовае сумеснае выкарыстанне магчымасцяў Ленінградскай кінафабрыкі. У выніку ў лютым 1927 года СНК БССР пастанавіў стварыць фабрыку «Белдзяржкіно» у Ленінградзе ў памяшканні былога тэатра «Крывое люстэрка». Беларуская кінастудыя, якая пазней была названая «Савецкая Беларусь», працавала тут да 1939 года. Менавіта на ленінградскай базе «Белдзяржкіно» Гардзін зняў свайго «Кастуся Каліноўскага».

Трэба сказаць, што стужка мае вельмі выразны ідэалагічны пасыл. Галоўны герой фільма сапраўды ёсць правадыром сялянскага паўстання і ў 1863 г. ён супрацьстаіць як царскім карнікам, так і шляхецкім інсургентам. Увогуле, асобныя сцэны фільма вырашаны ў жанры баевіка  з перастрэлкамі і пагонямі, дзеі фільма адбываюцца на фоне прыгожай прыроды і ў атачэнні цікавай архітэктуры.

У драматургіі фільма адны з найбольш значных месцаў займаюць фінальныя сцэны смяротнага пакарання Каліноўскага. Як вядома, паўстанцкі правадыр быў публічна пакараны ў сакавіку 1864 г. на гандлёвым Лукішскім пляцы ў Вільні. Але дзе можна было здымаць Вільню ў 1927 г.? Пытанне не пустое. Сама Вільня знаходзілася па польскім баку мяжы, а класістычныя царскія прадмесці Пецярбурга стылёва не пасавалі да краявіду баракальнага гораду. Такім чынам, застаецца знайсці старажытную вуліцу, прыдатную для ілюстравання вобразу даўняе Вільні…

Для нас сюжэты з Каліноўскім, савецкім кінафільмам і старажытнай вуліцай павучальныя  усё ў нашай гісторыі павязана. І той, хто паспрабуе з яе выкінуць нейкую частку, рызыкуе абваліць увесь дом. Прынамсі, наша памяць з гэтым не пагодзіцца. Ці пагодзіцца?

Пра тое, як нам прымірыцца з уласнай гісторыяй, разважаем разам з гісторыкам Алегам Дзярновічам на лекцыі “Каліноўскі ў Менску: старажытны горад, “сялянскі правадыр” і пачаткі беларускага кінематографа. Як нам прымірыцца з уласнай гісторыяй?”, якая адбудзецца 18 лістапада а 18.30.

Арганізатары просяць слухачоў просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

Расклад і тэмы далейшых лекцый глядзіце на нашым сайце: www.fly-uni.org

Каментаваць