Кальцавая дарога вакол Мінска з рэпубліканскай пяройде ў камунальную ўласнасць сталіцы

Кальцавая дарога вакол Мінска (аўтадарога М9), якая знаходзіцца ў гаспадарчым падпарадкаванні РУП "Мінскаўтадар-Цэнтр", з рэспубліканскай уласнасці бязвыплатна пяройдзе ў камунальную ўласнасць сталіцы. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 80 ад 1 лютага 2013 года.



Як растлумачылі БелаПАН у "Белаўтадоры", неабходнасць змены ўласніка звязана першым чынам з тым, што аўтадарога М9 размешчана ў адміністрацыйных межах Мінска і забяспечвае функцыянаванне ўсяго комплексу гарадскіх задач: ад развіцця інфраструктуры гарадскіх камунікацый да забеспячэння ўнутрыгарадскіх пасажырскіх і грузавых перавозак.



"Фактычна МКАД выконвае функцыю гарадской магістралі бесперапыннага руху. У адпаведнасці з патрабаваннямі закона "Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці" Мінгарвыканкам абмежаваны ў магчымасцях прыняцця і рэалізацыі рашэнняў у палосах адводу і прыдарожных палосах (кантрольнай зоне) аўтадарогі М9, бо яна мае статус аўтамабільнай дарогі агульнага карыстання. Знаходжанне Мінскай кальцавой у камунальнай уласнасці Мінска і гаспадарчым падпарадкаванні спецыялізаваных арганізацый, падначаленых Мінгарвыканкаму, дазволіць аператыўна вырашаць пытанні, звязаныя з рамонтам сетак водаправода, каналізацыі, электра- і газазабеспячэння, сувязі, добраўпарадкаваннем і размяшчэннем аб'ектаў рознага прызначэння на прыдарожнай тэрыторыі аўтадарогі М9, а таксама іншыя задачы, якія адносяцца да камунальнай гаспадаркі", — сказалі ў "Белаўтадоры".


Разам з МКАД у гарадскую гаспадарку пяройдзе шэраг будынкаў, збудаванняў, перадатачных механізмаў, машын, абсталявання, транспартных сродкаў і іншай маёмасці, што выкарыстоўваюцца для забеспячэння ўтрымання і рамонту аўтадарогі М9. Гэты маёмасны комплекс будзе перададзены да 1 красавіка 2013 года.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць