Каму «адкруцяць галаву»?

У чарговы раз нас запэўнілі ў неверагодным. У тым, што росту коштаў у сувязі з дэнамінацыяй не будзе. Пра гэта Лукашэнка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву фабрыкі «Спартак».


Фота www.usb-fleshki.com.ua

Фота www.usb-fleshki.com.ua


«Росту цэн у сувязі з дэнамінацыяй не будзе. Гэта я вам гарантую, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Мы за гэта адарвем галовы, калі хтосьці паспрабуе скарыстацца гэтым тэхнічным працэсам (гэта чыста тэхнічнае мерапрыемства)».

Насамрэч, рост коштаў у сувязі з дэнамінацыяй — працэс аб’ектыўны. Таму што нішто ніадкуль не бярэцца. І, калі ў дзяржсектары будзе «жалезнае рэгуляванне», то ў прыватным сектары эканомікі кошты вырастуць гарантавана. Гэты працэс ужо пачаўся.

Першае, што будзе расці, — паслугі так званых «вендынг-аўтаматаў»: прыладаў па продажу кавы, напояў, розных снэкаў. Кава ў большасці аўтаматаў сёння каштуе 10 тысяч рублёў, або ў новых цэнах 1 рубель, які будзе манетай. Гэта значыць, што без манетапрыймача ніяк не абысціся. Усталяваць яго на адзін апарат каштуе 8–12 мільёнаў рублёў. Гэтыя выдаткі трэба акупляць, таму кава падаражэе. Ці ўжо падаражэла: прынамсі там, дзе п’ю каву я, кошт кубачка ўжо вырас з 10 тысяч да 15-ці.

Больш дасведчаныя людзі ўзгадваюць мінулыя дэнамінацыі. Аж да хрушчоўскай грашовай рэформы 1961 года. Сталы чытач «НЧ» Вольф Рубінчык падзяліўся з намі цікавым фрагментам з кнігі экс-чэмпіёна свету па шахматах Анатоля Карпава «Сястра мая Каіса», дзе ён распавядае пра рынак роднага Златавуста (Расія) пасля хрушчоўскай грашовай рэформы: «Колькі я сябе памятаў, шклянка суніц або пучок кісліцы заўсёды каштавалі рубель. Калі ў 1961 годзе памянялі грошы ў суадносінах 10:1, тыя ж суніцы і кісліца ні дня не каштавалі грыўню. 15–20 капеек, дый тое з неахвотай, а ўжо ў наступнае лета пра цану, ніжэйшую за 30 капеек, нават і размаўляць не жадалі».

Узгадвае «хрушчоўскую рэформу» і фінансавы партал myfin.by: «Наяўныя грошы і ўклады абменьваліся па курсе 1 да 10, цэны ў крамах знізіліся ў той жа прапорцыі. Але памяняліся дзве велічыні, якія не мелі для простага савецкага чалавека значэння: знізіўся курс рубля да амерыканскага долара і памер забеспячэння рубля золатам (на золата і долары рубель свабодна не абменьваўся). Адзіным афіцыйным змяненнем аказалася павышэнне коштаў на ювелірныя вырабы. Падаражанне імпарту не было прыкметна адразу, з прычыны дзяржаўнага рэгулявання коштаў. Тым не менш, рэагуючы на гэтыя ці іншыя, невядомыя нам фактары, цэны на рынках знізіліся толькі ў 4–5 разоў, супраць 10 у дзяржгандлі».

Такім чынам, у выпадку сённяшняй дэнамінацыі, з улікам мінулага досведу, варта чакаць: павышэння курса долара, павышэння кошту золата і павышэнне коштаў на рынках.

Вельмі важным з’яўляецца момант даверу да фінансавай сістэмы краіны. Калі грамадзяне ёй давяраюць, то гэта добра. А калі даверу няма, то людзі будуць імкнуцца захаваць свае зберажэнні іншым чынам. Укладаць іх у тыя ж долары і золата.

У свой час усіх нашых прадпрымальнікаў прымусілі набыць касавыя апараты. У выніку гэтых прыладаў у Беларусі набралася амаль чвэрць мільёна і 167 мадэляў. Некаторыя з іх проста не «заточаныя» на працу з манетамі, а іншыя не працуюць і з дробамі. То бок, чыста фізічна на іх не атрымаецца выдаць чэк у 1 рубель 10 капеек — толькі ў 11000 рублёў. Іх давядзецца адправіць ва ўтыль і набыць новыя. Гэтыя выдаткі, зразумела, аплацяць пакупнікі праз павышэнне коштаў.

У дэнамінацыі і ўводзе ў абарачэнне манет ёсць яшчэ два псіхалагічных моманты. Першы: імкненне хутчэй пазбавіцца ад старых грашовых знакаў. Як канстатуе той жа сайт myfin.by, набыццё тавараў за «старыя» грошы падганяе рост коштаў і, як следства, паскарае інфляцыю ці вядзе да дэфіцыту, які, у канчатковым выніку, таксама вядзе да абясцэньвання нацыянальнай грашовай адзінкі і росту коштаў.

Другі момант: людзі лягчэй развітваюцца з манетамі, чым з купюрай на тую ж суму. Адна справа, калі ў цябе ў гаманцы паперка з наміналам у 20 000 рублёў, і іншая — манета ў два рублі.

Увод манет будзе спрыяць росту так званых «спантанных пакупак», набыццю «непатрэбных дробязяў». У гэтым ёсць станоўчы момант, бо такая сітуацыя спрыяе ажыўленню рознічнага таваразвароту. Але незаўважна гэта можа «з’есці», паводле падліках адмыслоўцаў, да 15–20% вашага бюджэту. Таму ў першыя месяцы пасля дэнамінацыі трэба быць асабліва пільнымі.

Так што адкручвай галовы — не адкручвай, а нешта ў коштах усё ж вырасце. Галоўнае, каб не вельмі істотна, каб насельніцтва не кінулася скупляць долары, забяспечыўшы дэвальвацыю і абясцэньванне ўжо новых грошай. Асабліва нервовым можна параіць запасціся валяр’янкай. Так яно больш надзейна будзе.


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-06-25 23:01:58
Ага, дапетрылі... Бо адзін "ыксперд" казаў на "Рацыі", што дэнамінацыя - чыста тэхнічная працэдура.
А зараз - хвілінка (дэз)інфармацыі пра "ўсебеларускі народны сход": belisrael.info/?p=7176

Каментаваць