Каму вайна, а каму… выгоды?

Беларусь атрымлівае шмат выгод ад вайны на ўсходзе Украіны. Наўрад ці мы жадалі атрымаць такую крыніцу заробку. Аднак ужо амаль тры гады беларусы з усёй сваёй кемлівасцю выкарыстоўваюць магчымасці вайны.

Фота: PHL


Сыход Расіі з украінскага рынку даў Мінску магчымасць заняць гэтую нішу і атрымліваць значную эканамічную выгаду з крызісу ў адносінах Масквы і Кіева. Беларускі ўрад, які курыруе ўсе замежна-эканамічныя праекты, здолеў з карысцю рэалізаваць і развіць гандлёва-эканамічныя адносіны з Украінай.

Ужо ў першай палове 2016 года Украіна заняла другое месца пасля Расіі па экспарце беларускіх тавараў і чацвёртае — па імпарце. Але хоць таваразварот між Беларуссю і Украінай стала расце па аб’ёме, ён перыядычна зніжаецца ў грашовым выразе. Прычыны — ваганні коштаў на энерганосьбіты і агульная нестабільнасць эканамічнай сітуацыі.

Але галоўнае — усё ж у іншым: калі да канца 2013 года Беларусь і Украіна канкуравалі за рэсурсы Расіі і за супрацоўніцтва з Масквой, то пасля змены ўлады ў Кіеве такой канкурэнцыі больш няма — замест яе Мінск і Кіеў аддаюць перавагу двухбаковаму супрацоўніцтву. Пры тым зацікаўленасць беларускай улады нават не выключна фінансавая. Афіцыйны Мінск з нейкага моманту пачаў выкарыстоўваць Украіну як свайго кшталту масток на Захад. То бок збліжэнне Украіны з Захадам беларускае кіраўніцтва, якое дэкларуе «шматвектарную знешнюю палітыку», успрыняло як вакно магчымасцяў, якія дазволілі рэалізаваць задумы па наладжванні адносін з ЕС і ЗША.

Сёння можна вылучыць некалькі асноўных кірункаў, па якіх развіваецца беларускі бізнэс ва Украіне.

 

Транзіт

Ад самага пачатку расійска-ўкраінскага канфлікту роля Беларусі як транзітнага калідора моцна ўзрасла. Пасля таго, як Расія і Украіна спынілі авіярэйсы між сабой, «Белавія» павялічыла свае прыбыткі, значна пашырыўшы свае перавозкі ва ўкраінскія гарады. Фактычна, Мінск стаў транзітным вузлом у авіязносінах Расіі і Украіны.

Адначасова Украіна цяпер змагаецца за транзіт беларускіх экспартных грузаў, і найперш — калійных соляў. Тут украінцам даводзіцца канкураваць з Літвой і Латвіяй, праз парты якіх ідзе асноўная плынь беларускага экспарту. А Кіеў жадаў бы прыцягнуць беларускую прадукцыю ў свае транзітныя парты, — найперш, у Адэсу. І гэта цалкам магчыма, калі беларускія вытворцы атрымаюць ад Украіны дастатковыя зніжкі на транзіт. Але тады аналагічныя зніжкі дадуць і Літва з Латвіяй… Суцэльная выгада!

Але галоўны заробак Беларусі на транзіце звязаны з тым, што Расія з 1 студзеня 2016 года забараніла ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і прадуктаў, краінай паходжання якіх з’яўляецца Украіна. Акрамя таго, з 1 студзеня спынена дзеянне зоны свабоднага гандлю з РФ, па ўмовах якой украінскія тавары паступалі на тэрыторыю Расіі па нулявой стаўцы мытнага тарыфу. Такім быў расійскі адказ на рашэнне Кіева не адкладваць Дамову аб зоне свабоднага гандлю паміж Украінай і ЕС.

Ужо праз дзень пасля пачатку дзеяння расійскага эмбарга прэм’ер-міністр Украіны Арсень Яцанюк заявіў, што Украіна выходзіць з зоны свабоднага гандлю з Расіяй, падымае мыты на ўсе расійскія тавары і ўводзіць гандлёвае эмбарга на шэраг тавараў, вырабленых у РФ.

Вынікам стала новая роля Беларусі — як краіны-пасярэдніка, транзіцёра (у тым ліку ў «шэрых» гандлёвых схемах) паміж Расіяй і Украінай. Беларусь умомант стала галоўным імпарцёрам украінскай садавіны. Паводле дадзеных украінскай падатковай службы, ужо ў лістападзе 2015-га беларускія фірмы закупілі 99,63% (!) экспартуемай украінскай садавіны на суму $ 554 тысяч. Галоўныя артыкулы ўкраінскага пладовага экспарту ў Беларусь — яблыкі, слівы, грушы, персікі, абрыкосы, кавуны і дыні.


Reuters

«У нас ніхто і не сумняваецца, што ўся садавіна, што мы прывозім, далей проста ідзе ў Расію пад выглядам беларускай прадукцыі. Уласна, нашы беларускія партнёры гэта ад нас асабліва і не хаваюць, — гаворыць Алег Дзенісенка, уладальнік невялікай украінскай фірмы па грузаперавозках, які праводзіць больш часу ў Мінску, чым у Кіеве. — Ды вы самі паглядзіце: нашы дыні або персікі яшчэ могуць быць цікавыя беларусам, згодны (і тое не ў такой колькасці). А вось яблыкаў, сліў, вішань, груш ды іншага на мясцовым рынку і так з лішкам. Гэта значыць, у беларускіх пасярэднікаў, якія проста перапрадаюць гародніну і садавіну ў Расію, адзіная праблема: аформіць на іх сертыфікаты як на беларускую прадукцыю».

 

Прадукты нафтаперапрацоўкі

Па выніках 10 месяцаў 2016 года доля беларускіх бензінаў у балансе ўкраінскага рынку склала 55%, дызпаліва — 48%, а ўсяго ўкраінскі рынак прыняў каля 3,3 млн тон паліва з Беларусі. У выніку можа быць паўтораны гістарычны рэкорд 2012 года, калі ва Украіну было пастаўлена больш за 4 мільёны тон беларускіх нафтапрадуктаў. І гэта аказалася адной з самых яркіх дэманстрацый выгоднасці для Беларусі канфлікту ва Украіне.

Рост беларускіх паставак дызпаліва быў наўпрост звязаны з расійскім эмбарга на пастаўку дызельнага паліва ва Украіну. Прычым, на першым этапе беларускія фірмы проста афармлялі на сябе расійскае паліва, якое не магло афіцыйна ўвозіцца ва Украіну. Пасля ўвядзення забароны вырабленае на расійскіх НПЗ паліва пачало сертыфікавацца ў Беларусі як ПДЭ (паліва дызельнае экспартнае) і адгружацца ва Украіну як беларускі прадукт праз беларускія кампаніі. У ліку пасярэднікаў украінскія і беларускія крыніцы называюць «Интерсервис» (уладальнікі Аляксандр Шакуцін і Мікалай Верабей) і «Энерго-ойл» (Аляксей Алексін).

А неўзабаве і Мазырскі НПЗ у значнай ступені пачаў працаваць на пастаўкі ва Украіну — тым больш, што ў Еўропе адначасова знізіўся попыт на беларускія нафтапрадукты.

У сваю чаргу, больш за 80-працэнтны рост паставак бензіну быў галоўным чынам звязаны з пераарыентацыяй на беларускую прадукцыю сеткі заправак ОККО — найбуйнейшага гандляра бензінам ва Украіне. Зрэшты, і іншыя ўкраінскія заправачныя сеткі нарасцілі пастаўкі з Беларусі.

kievpravda.com

Рост украінскага попыту на беларускае паліва — тэндэнцыя доўгатэрміновая. Падчас канфлікту Украіна страціла свой другі па велічыні Луганскі НПЗ. І замясціць яго ў бліжэйшай будучыні проста няма чым. А іронія сітуацыі ў тым, што паліва для Украіны беларусы выпрацоўваюць з бязмытнай расійскай нафты.

 

Узброенае супрацоўніцтва

Асобны — і вельмі прыбытковы кірунак беларуска-ўкраінскага бізнэсу — супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. Для Кіева яно актуальна як мінімум таму, што ў краіне ідзе вайна, а Мінску дае магчымасць задзейнічаць пакінутую з часоў СССР развітую сістэму прадпрыемстваў ВПК.

За некалькі апошніх гадоў Беларусь і Украіна рэалізавалі шэраг сумесных ваенна-тэхнічных праектаў, у тым ліку з выхадам на сусветныя рынкі ўзбраенняў. Прыклады сумеснай прадукцыі — процітанкавыя ракетныя комплексы «Скіф», «Шэршань» і «Каракал», комплекс СПА «Стылет». Асобная тэма — выпуск у Беларусі верталёта Мі-8МСБ. Адмыслова пад гэты праект афіцыйны Мінск нават прадаў украінскай кампаніі «Мотор Сич» ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод».

rus.newsru.ua



Ужо ў 2014-м Беларусь надала Украіне паслуг па рамонце ваеннай тэхнікі ў 2,4 разы больш, чым у 2013 годзе. Сума кантрактаў — $11 мільёнаў. Пазнейшых афіцыйных лічбаў дагэтуль няма, але вядома, што сумы растуць. Добры прыклад: на беларускім 558-м авіярамонтным заводзе ў Баранавічах рамантуюцца і аднаўляюцца ўкраінскія вайсковыя самалёты. Там жа мадэрнізуецца сістэма кіравання агнём.

У 2015 годзе Беларусь паставіла ва Украіну рухавікоў і рамонтных камплектаў для лёгкабраніраванай тэхнікі (БТР, БМП) як мінімум на $2 мільёны. Таксама Украіна атрымала ад Мінска акумулятарных батарэй для танкаў і БМП на $2,19 мільёна. Беларусь актыўна пастаўляе ва Украіну (у асноўным на патрэбы ВСУ і Нацгвардыі) оптыку для стралковай зброі: монакуляры, цеплавізары, каліматорныя і іншыя прыцэлы, далямеры і прылады прыцэльвання для тэхнікі. Сюды трэба дадаць прылады на вадкіх крышталях (маніторы, экраны прыцэльных прылад у БТР-4 і г. д.).

«У 2014 годзе, з пачаткам баявых дзеянняў, украінскі рынак адкрыўся для беларускай тэхнікі падвойнага прызначэння. Першым чынам грузавікоў МАЗ і цягачоў МЗКТ. Беларускія цягачы на постсавецкай прасторы — наогул па-за канкурэнцыяй. А МАЗы — хоць і не самыя лепшыя грузавікі, але ўсё ж нашмат лепш жудасных украінскіх КрАЗаў, — нагадвае беларускі эксперт Сяргей Марцалеў. — Беларусь таксама імкнецца выкарыстаць патэнцыял украінскага ваенна-прамысловага комплексу ў сваіх мэтах, для наладжвання ўласнай вытворчасці ўзбраенняў. Напрыклад, ужо ў 2014 годзе ўкраінскіх адмыслоўцаў з вайсковых заводаў запрашалі пераязджаць у Беларусь нават з сем’ямі».


Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2017-01-20 18:33:48
Як той той казаў, разумнікі зарабляюць нават на тым, што дурні б’юцца.

Каментаваць