Каму вернуць грошы сабраныя па дармаедскім дэкрэце

Аказваецца, распараджэнне аб вяртанні грошай, спагнаных па дэкрэце аб дармаедстве, Лукашэнка падпісаў яшчэ 5 ліпеня! Гэтае распараджэнне ў банку дадзеных прававой інфармацыі недаступнае, інфармацыі пра яго нават няма на сайце прэзідэнта.

Нарэшце падатковыя высветлілі, каму яны будуць вяртаць грошы. Інфармацыя пра гэта з'явілася на старонцы МПЗ па Гродненскай вобласці:

Грошы будуць вяртацца тым грамадзянам, якія заплацілі збор за 2015 ці 2016 год, калі ў 2017 годзе яны:

  • удзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў;
  • дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (для жанчын ― 55 гадоў і 6 месяцаў, для мужчын ― 60 гадоў і 6 месяцаў;
  • прызнаныя недзеяздольнымі або інвалідамі (незалежна ад групы, прычыны, даты наступлення і тэрміну інваліднасці).

Каб вярнуць грошы, трэба прыйсці ў падатковы орган па месцы жыхарства, звярнуцца ў службу "адно акно", мець пры сабе пісьмовую заяву, а таксама пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць пра асобу. Тэрмін разгляду ― 1 месяц.

Падатак на дармаедства заплацілі 51,6 тысячы чалавек. Усяго бюджэт атрымаў ад дармаедаў ужо 15,6 мільёна рублёў. Паведамленні на выплату збору атрымалі больш за 470 тысяч чалавек.

euroradio.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць