«Камуналка дармаедаў» вырасце. Спісы «сацыяльных утрыманцаў» складуць да 1 снежня

Спісы «дармаедаў» — тых, хто трапляе пад абноўлены дэкрэт «Аб садзейнічанні занятасці» (былы «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства») — улады маюць скласці да 1 снежня, паведамляе "Радыё Свабода".

На марш недармаедаў у Гомелі. 19 лютага 2017 года.

Пра гэта расказалі прадстаўнікі Міністэрства працы і Міністэрства жыллёва-камунальных паслуг на прэс-канферэнцыі 27 красавіка.

Цана гарачай вады

Налічэнне за гарачую ваду будзе праводзіцца, зыходзячы з кошту тарыфу на цеплавую энергію для ацяплення і колькасці энергіі, затрачанай на падагрэў вады, спажытай грамадзянамі.

«Напрыклад, на падагрэў вады ў жылым памяшканні было патрачана 0,6 гігакалорый, а ў ім зарэгістравана трое грамадзянаў. Платнік за ЖКП — працаздольны грамадзянін, не заняты ў эканоміцы. Расход цеплавой энергіі, выкарыстанай на падагрэў вады, дзелім на колькасць зарэгістраваных грамадзянаў, г. зн. на траіх. Атрымліваецца па 0,2 гігакалорыі. У выніку толькі 0,4 гігакалорыі будзе аплочвацца паводле субсідаванага тарыфу, а 0,2 — паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу», — сказала прадстаўніца Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Жана Папучэева.

Разлік праводзілі па стандартнай двухпакаёвай кватэры (48 квадратных мэтраў), у якой зарэгістраваны трое чалавек, адзін з якіх з’яўляецца дармаедам. Плата павялічыцца на 5–6 рублёў, «калі спажыванне гарачай вады будзе ў межах устаноўленых нормаў».

Цана ацяплення ў рахунку для «дармаеда», які адзін жыве ў кватэры, мае вырасці прыблізна на 60 рублёў на месяц, цана газу — на 40 рублёў. Калі «дармаед» жыве не адзін, то тарыфы прапарцыйна «дзеляцца» на ўсіх прапісаных у кватэры.

Калі ў гэтай кватэры жыве адзін «працаздольны грамадзянін, не заняты ў эканоміцы», які з’яўляецца ўласнікам жылля, то ён будзе плаціць за ўвесь аб’ём.

Плата за ацяпленне

Расход цеплавой энергіі на ацяпленне залежыць ад плошчы жылога памяшкання.

«Напрыклад, плошча жылога памяшкання складае 48 квадратных метраў. У ім зарэгістраваны трое чалавек. На ацяпленне зрасходавана 1,2 гігакалорый. Уласнік памяшкання ўключаны ў спіс працаздольных грамадзян не занятых у эканоміцы. Колькасць цеплавой энергіі дзеліцца на зарэгістраваных грамадзянаў і атрымліваецца па 0,4 гігакалорый на аднаго грамадзяніна. З іх 0,4 гігакалорый будзе аплочвацца па эканамічна абаснаваным тарыфе».

У гэтым выпадку цана павялічыцца на 15 рублёў. Але калі ў кватэры жыве толькі сам дармаед, то палата за ацяпленне павялічыцца амаль на 60 рублёў.

Большасць камунальных паслуг беларусы і так аплочваюць на 100%, але пакуль субсідаванымі застаюцца ацяпленне і газ — за іх з «дармаедаў» і будуць браць дадатковую плату. Магчымасць дадатковай аплаты за іншыя паслугі пакуль не разглядаецца.

З «дармаеда», які прапісаны ў Беларусі, але жыве за мяжой, дадатковая плата не будзе спаганяцца, калі чалавек падасць адпаведныя звесткі ў адмысловую камісію.

Паводле начальніка ўпраўлення занятасці Мінпрацы Алега Токуна, у «дармаедаў» хопіць часу, каб абскардзіць свой статус. На пытанне, ці не баяцца ўлады паўтарэння леташніх пратэстаў, ён не стаў адказваць: маўляў, пытанне не да яго.

 

Начальнік ўпраўлення занятасці Міністэрства працы Алег Токун (злева) і начальніца аддзелу ўпраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Жана Папучэева

 


 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць