Канец Саюза

СССР перастаў існаваць 8 снежня 1991 года, а 8 снежня 2014 года стала вядома, што Беларусь можа пакласці канец адразу двум саюзам — Мытнаму саюзу і Еўразійскаму эканамічнаму саюзу.



Выйшлі з Мытнага саюза?

Беларусь, у адказ на абмежаванні транзіту прадукцыі ў Казахстан, забарону паставак у Расію для некаторых беларускіх прадпрыемстваў і на ўзмоцнены санітарны кантроль беларускіх прадуктаў пачала праверку імпарту з Расіі і расійскі транзіт праз Беларусь.

Як кажуць сведкі праз сацыяльныя сеткі, беларускія мытнікі з’явіліся на мяжы з Расіяй у Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах. Гэта пацвердзіла і Федэральная мытная служба Расіі. «ФМС пацвярджае, што беларускія мытнікі аднавілі сваю працу на мяжы з Расіяй. З нашага боку мытнага кантролю не ажыццяўляецца», — сказала прадстаўніца прэс-службы ФМС Алена Грак.

Пра складанасці з расійскімі грузамі на еўрапейскай мяжы сведчаць таксама перавозчыкі. Паводле існай інфармацыі, грузы з Калінінграда ў Расію, у Беларусі сталі правяраць па тры-чатыры дні. Адгружаныя з Калінінграда машыны праходзяць расійска-літоўскую мяжу, заязджаюць у Беларусь, і іх накіроўваюць у назапашвальнік ў Ашмянах (Гродзенская вобласць). У гэты назапашвальнік траплялі ўсе машыны, якія прыйшлі ў Беларусь з 1 па 4 снежня ўключна.

Як паведамляе беларускі Дзяржаўны мытны камітэт, за пяць дзён «маніторынгу» быў прыпынены рух 86 грузавых транспартных сродкаў з агульнай вагой тавараў звыш тысячу тон. Па 15 фактах спробаў увозу ў Беларусь з Расіі тавараў пачаты адміністрацыйны працэс. «Пры ажыццяўленні праверачных мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што большая частка парушэнняў звязана з поўнай адсутнасцю дакументаў, якія пацвярджаюць якасць тавару (фітасанітарных і ветэрынарных сертыфікатаў)», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што мытны кантроль на межах Беларусі, Расіі і Казахстану быў зняты ў 2011 годзе, калі дзяржавы заключылі паміж сабою Мытны саюз. Фітасанітарны кантроль узнавіла Расія пасля прыняцця эмбарга ў жніўні гэтага года. Зараз мытны кантроль узнавіла Беларусь. Такім чынам, можна казаць, што дэ-факта Мытнага саюза няма.

Ці ўдарыць Расія?

Па меркаванні былога лідара прафсаюзаў АПК, а зараз кіраўніка Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, пры працяглай «гандлёвай вайне» з Расіяй Беларусь атрымае крах эканомікі. «Проста несувымерныя аб’ёмы ўзаемнага гандлю. Калі наш аб’ём імпарту складае ўсяго 2–3% ад агульнага расійскага, то расійскі імпарт у Беларусь — больш за 50% ад усяго аб’ёму імпарту. Залежнасць Беларусі ад Расіі каласальная, і эмбарга расійскіх тавараў можа прывесці да калапсу эканомікі», — лічыць Ярашук.

Тым не менш, па ягоных словах, за 10 гадоў мы мелі ўжо шмат «гандлёвых войнаў» з усходняй суседкай. «Малочныя, цукровыя войны, мясныя, піўныя, — узгадвае Ярашук. — Пэўна, мы ўжо прайшліся па ўсёй лінейцы харчовых тавараў з дадаткам «вайна». І нязменна Расія ў гэтых войнах саступала Беларусі», — адзначыў ён.

З іншага боку, без расійскіх тавараў абысціся лёгка. Гэта адзначылі тыя беларускія «нацыяналісты», якія абвясцілі «персанальны байкот» расійскім таварам пасля дзеянняў РФ ва Украіне. Няма такога расійскага тавару ў беларускіх крамах, якому б не знайшоўся беларускі, украінскі, альбо заходні адпаведнік.

Толькі пачынаецца

Зразумела, «гандлёвая вайна» паміж Беларуссю і Расіяй можа скончыцца хутка. Напрыклад, калі Расія адменіць свае абмежавальныя нормы, і дазволіць пастаўкі беларускай прадукцыі на свой рынак. У выніку і Беларусь здыме мытныя пасты на ўсходнім накірунку.

Але, падаецца, што гэтая вайна так проста скончана не будзе. У Беларусі з’явіцца свой Анішчанка і свой Данкверт. Згодна з указам кіраўніка дзяржавы за нумарам 567, дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь атрымаў паўнамоцтвы забараняць ўвоз у рэспубліку «няякаснай» прадукцыі.

Згодна з тэкстам указу, намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь мае права прымаць рашэнні аб забароне ўвозу на тэрыторыю Беларусі ці абароту на тэрыторыі рэспублікі (распрацоўка, вытворчасць, рэалізацыя, захоўванне, транспарціроўка, выкарыстанне, ўвоз і вываз з рэспублікі) прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

Такім чынам, можна лічыць, што вайна працягнецца. І зараз будзе «парытэтнае супрацьстаянне» расійскага Сяргея Данкверта і нашага Ігара Гаеўскага.

Адзінае пытанне: чым такія «войны» скончацца ў палітычным плане? Ці ператворыцца Мытны саюз і ЕЭС у СНД, які існуе толькі на паперы?

Каментаваць