Кава як філасофія

Заснавальніца брэнду папулярных кавярняў «Даблбі» Ганна Цфасман распавяла НЧ, ці лёгка выйсці на беларускі рынак, чым яны плануюць здзіўляць нашых спажыўцоў і як адрозніць якасную каву.

 

Першая кавярня «Даблбі» з’явілася тры гады таму ў Маскве. Дзякуючы поспеху ў наведвальнікаў досыць хутка кавярні гэтай сеткі пачалі з’яўляцца ў розных гарадах Расіі і Еўропы. А напрыканцы ліпеня — і ў Мінску. Па словах Ганны Цфасман, яны зусім не баяцца канкурэнцыі з боку шматлікіх сталічных кавярняў:


 

— Наша ніша пакуль яшчэ не занята на беларускім рынку, бо кавярняў, дзе б наведвальнікам прапаноўвалі толькі каву і гарбату і розныя спосабы іх прыгатавання, у вас адзінкі. Да таго ж, каб прадаваць каву самай высокай якасці, трэба шмат высілак і фінансавых выдаткаў: гэта не той прадукт, які расце побач з намі. Калі ты хочаш быць першым у гэтай няпростай справе, давядзецца быць першым і на плантацыях, дзе яе вырошчваюць, асабіста знаёміцца з фермерамі, кантраляваць працэс зборкі ўраджаю, упакоўцы, дастаўкі і г. д. Плюс — трэба займацца адмысловай адукацыяй тых, хто гатуе каву ў кавярні — барыста. Гэта досыць новая прафесія ў свеце, асабліва для краін СНД.

 

Наша суразмоўца падкрэслівае, што адна з задач, дзеля якой і стваралася «Даблбі», — адукоўваць спажыўца, каб ён разбіраўся ў якасці кавы і мог арыентавацца сярод яе шматлікіх гатункаў і спосабаў прыгатавання:

 

— Насамрэч, якасць кавы лёгка вызначыць, асабліва, калі вы замаўляеце папулярныя эспрэса ці амерыкана. Калі ў напоі прысутнічае горыч і адсутнічае прыемны водар, яго лепш не піць. Самы просты спосаб — дайце каве астыць: у халодным выглядзе адразу адчуваюцца ўсе яе недахопы. Зразумела, у кавярні ці рэстаране вам адразу прыносяць прыгатаваную каву. Гэта не смятана, якую вы паспыталі і адразу зразумелі, што яна сапсаваная ці няякасная. Але я, напрыклад, не саромеюся і магу спакойна падысці да барыста і папрасіць паказаць мне зерне, з якога прыгатавалі каву. Яно не мусіць быць цёмна-карычневым, з кропелькамі масла альбо крохкім.


 

Прадукты высокай якасці рэдка бываюць танныя, і не кожны можа сабе іх дазволіць, асабліва зараз, калі заробкі ў многіх значна зменшыліся. Але гэтая акалічнасць, на думку Ганны Цфасман, не ўплывае моцна на колькасць іх кліентаў:

 

— З пэўнымі фінансавымі цяжкасці часам сутыкаюцца ўсе, і я — не выключэнне. Але галоўнае — не зніжаць праз гэта якасць свайго жыцця. Бо калі вы дзеля эканоміі набываеце танны і няякасны прадукт, гэта можа дрэнна адбіцца на вашым здароўі. Танная кава месціць у сябе вялікую колькасць кафеіну і розных шкодных рэчываў. Але каб кожны, нягледзячы на фінансавыя абставіны, меў магчымасць спажываць якасны прадукт, мы ў сваіх кавярнях прадаем зерне і вучым людзей правільна варыць каву дома, што абыходзіцца, канешне, значна танней.


 

У мінскай кавярні «Даблбі», дарэчы, хутка могуць з’явіцца і адмысловыя напоі з беларускім каларытам:

 

— Мы не рушым традыцыйнымі шляхамі, і пры распрацоўцы рэцэптуры тых ці іншых напояў з кавы ўлічваем асаблівасці рэгіёну, краіны, дзе месціцца наша кавярня. У наступным годзе абавязкова будзем нешта рабіць з выкарыстаннем тутэйшых інгрэдыентаў. Пакуль усіх сакрэтаў раскрываць не буду. Да таго ж, гэта і складана зараз зрабіць, бо, каб усё правільна ўсвядоміць, трэба тут пэўны час пажыць, папрацаваць. Так бы мовіць, прыгледзіцца.



 

Наша суразмоўца адзначае, што, калі іх супрацоўнікі больш цесна знаёмяцца з працэсамі вытворчасці кавы, іх светапогляд значна змяняецца:

 

— Асабліва іх уражвае: колькі намаганняў трэба прыкласці фермерам, каб сабраць ураджай кававых зерняў — шмат гадзін цяжкай працы. І калі яны на свае вочы бачаць гэта, то пачынаюць больш адказна ставіцца да кавы, у іх змяняецца свядомасць. Бо шмат людзей працуюць цяжка, каб яны маглі потым частаваць людзей смачнай кавай.



 Фота аўтара


Каментаваць