Крэдыт МВФ нічога не зменіць

Петыцыю супраць выдзялення Беларусі крэдыту МВФ ўжо падпісала больш за 3200 чалавек. 23 мая яна будзе перададзена прадстаўніку МВФ у ЕС Джэфры Фрэнксу. Ці будзе ад гэтага плён? Пра гэта мы паразмаўлялі з ініцыятарам петыцыі Дзянісам Казакевічам, беларусам, які жыве ў Бельгіі.

Дзяніс Казакевіч

— Дзяніс вы сапраўды лічыце, што выдзяленне ці не выдзяленне гэтага крэдыт можа істотна паўплываць на сітуацыю ў Беларусі і нешта змяніць?

Я цалкам перакананы, ніякага пазітыўнага выніку для Беларусі ад гэтага крэдыту не будзе. Гэта проста дадатковыя тры мільярды доўгу, які трэба будзе вяртаць наступным пакаленням беларусаў.

Так ужо было у 2009 годзе, калі МВФ даў больш за два с паловай мільярды долараў. Крэдыт даваўся пад рэформы, якія павінны былі абараніць эканоміку ад знешніх шокавых уздзеянняў. Улады перасталі выконваць рэкамендацыі МВФ адразу ж, як толькі атрымалі апошні транш крэдыту. Гэты бяздумны менеджмент прывёў да валютнага крызісу 2011 года. Гэта, дарэчы, не мая ацэнка, а МВФ. Гэта значыць, што крэдыт МВФ 2009 года не змяніў сітуацыю з эканомікай у лепшы бок. Няма падстаў меркаваць, што гэтым разам будзе інакш.

— Вы не адзін раз спрабавалі дабіцца адказу ад кіраўніка місіі МВФ у Беларусі Пітэра Долмана і нарэшце атрымалі. Ці задаволіў ён вас?

— Мы паразмаўлялі са спадаром Долманам 25 красавіка. Размова была не пад запіс. Таму адзінае, што магу сказаць, што кіраўнік місіі МВФ вельмі уважліва выслухаў усе патрабаванні і аргументы петыцыі, а таксама даклад аб немэтавым выкарыстанні сродкаў у Беларусі. Ён  падзякаваў за новую інфармацыю і паабяцаў, што супрацоўнікі місіі МВФ па Беларусі будуць абмяркоўваць гэтыя факты.

Чытайце таксама: Грамадзяне патрабуюць патлумачыць пазіцыю МВФ адносна Беларусі 

— Петыцыя — гэта была разавая акцыя, ці вы плануеце нешта яшчэ? Якіх вынікаў вы чакаеце?

Дзякуй за пытанне. Акцыя не "была", акцыя працягваецца, але да яе заканчэння засталіся суткі. Пасля петыцыя будзе перададзена прадстаўнікам МВФ з рук у рукі. Зараз мы з прадстаўнікамі МВФ ўзгадняем апошнія дэталі аб тым, як менавіта гэта адбудзецца. А пакуль заклікаю ўсіх падпісваць петыцыю супраць крэдыту МВФ. Няхай гэта будзуць самыя актыўныя суткі для гэтай петыцыі! Раскажыце, калі ласка, сваім сябрам і знаёмым пра петыцыю!

Але ёсць і іншая петыцыя. Яна накіравана у ЕС. Мы патрабуем, каб ЕС увёў персанальныя санкцыі супраць усіх адказных за рэпрэсіі. Петыцыя пакуль у пачатковым стане, але яе ўжо падпісала больш за 1000 чалавек.

Што датычыць петыцыі супраць крэдыту МВФ, то я вельмі спадзяюся на пазітыўны вынік. Хочацца усе ж такі верыць, што гэты крэдыт Лукашэнку не дадуць. Калі параўнаць з шахматамі, то у нас вельмі цяжкая, але не безнадзейная пазіцыя. На наша шчасце, МВФ на пачатку рабіў многа памылковых крокаў. Спікер МВФ спадар Райс 23 сакавіка схлусіў, што ніхто яму паведамленняў аб петыцыі не дасылаў. Шэф місіі МВФ па Беларусі доўга ігнараваў мае мэйлы. Усе гэта дала падставы для таго, каб пісаць пра іх у прэсе і складаць скаргі праз гарачую лінію МВФ.

Зараз наша галоўная надзея — гэта свабодная прэса. Мы ўзнялі шмат непрыемных пытанняў. И я ўпэўнены, што ім будуць задаваць гэтыя пытанні яшчэ не адзні раз. Так што шансы ёсць. Яшчэ раз звяртаюся да ўсіх, каму не абыякава петыцыя. Зараз той самы час, калі трэба быць актыўнымі. У нас ёсць добра бачная сцежка да перамогі, але яна пакуль вельмі вузкая. Падпішыце петыцыю!


А як быць са звычайнымі людзьмі, можа ўсё ж грошы МВФ дайшлі б і да іх? А гэта пенсіі, заробкі бюджэтнікам…

Ведаеце, мне не зусім падабаецца гэты тэрмін "звычайныя людзі", як быццам бы ёсць яшчэ нейкія незвычайныя людзі, якім дазволена больш, чым усім астатнім. Акрамя таго, ніхто не раздае грошы людзям. Наадварот, коштам сваёй шчырай працы сумленныя беларусы утрымліваюць прорву дармаедаў: чыноўнікаў, БРСМ, ідэолагаў і іншых.

Мне падаецца, вы, насамрэч, пытаецеся: "ОК, народныя (па сутнасці, нашы з вамі) грошы з большага пакрадуць ці іх змарнуюць, але ўсе ж нейкая іх частка пойдзе па прызначэнні—  на рэформы і г.д. Можа за гэтыя грошы будуць створаны такія ўмовы, каб людзі змаглі зарабляць дастойныя грошы без крадзяжу і падману?"

Адказ на такое пытанне, на мой погляд, відавочны: пры гэтай уладзе ўмовы для дастойнага жыцця створаны не будуць.

Па-першае, тут не працуе арыфметыка. Вось, напрыклад, уявіце сабе, што вы МВФ і пазычаеце ўладзе 100 долараў на рэформы. З гэтых грошаў 20 долараў яна возьме проста сабе. 40 пойдуць сілавікам. Яшчэ 20 — на ідэолагаў, дажынкі і парады. И застаецца толькі 20 долараў на рэформы. Такім чынам беларускі народ атрымлівае рэформы на 20 долараў, але ён вінны вам, МВФ, 105 долрараў (100, якія вы далі ўладзе плюс працэнт). Усе засталіся ў плюсе, акрамя нашага шматпакутнага народу.

Па-другое, ёсць праблема адсутнасці даверу. З якой гэта нагоды, скажыце вы мне, мы павінны верыць, што Лукашэнка пусціць нават гэтыя 20 долараў на рэформы?

Па-трэцяе, і гэта самае жахлівае, уся гэтая прорва чыноўнікаў не мае практыкі працы у нармальнай здаровай эканоміцы. Эканоміка Беларусі гэта па большай частцы стары заапарк часоў СССР. Чыноўнікі за 23 гады прызвычаіліся, прыраслі менавіта да гэтай дзівоснай сістэмы. Яны проста на ўзроўні падсвядомасці не ведаюць, як можна жыць інакш. Тут наогул самая вялікая праблема у псіхалогіі. Складаныя рэформы патрабуюць ініцыятывы, адказнасці, сумленнасці і прафесіяналізму.

На жаль, нічога з пералічанага у іх проста няма. У краіне створана такая вертыкаль, дзе ўсе і пікнуць баяцца. Яны так і будуць да самага апошняга дня паслухмяна рапартаваць наверх, што ўсё маўляў у парадку, можа і ёсць асобныя недахопы, але мы іх зараз выправім. Гэта адзінае, што яны ўмеюць добра рабіць.

Карацей кажучы, умовы для нармальнага жыцця пакуль, застаецца гэта ўлада, створаны не будуць. Я у гэтым цалкам перакананы.

Калі ж аднак, на хвілінку, прыняць крывую логіку ўладаў, што ёсць "звычайныя людзі", і што дабрабыт гэтых "звычайных людзей" залежыць ад таго, ці "дасць" ім грошы добры "прэзідэнт", то нават і гэта логіка не працуе. Галоўнае пытанне, а далей што? Гэта тое самае, каб я ўзяў сабе крэдыт да і паехаў бы сабе куды-небудзь адпачываць. Ну адпачнуў бы. А далей што?

Так і з крэдытам МВФ. ОК, ну, дапусцім, спрацуе іх арыгінальны план усе паабяцаць і нічога не выканаць. Ну спусцяць яны грошы на вецер. А далей што? Новы крэдыт? Як ні круці, але надыдзе той момант, калі трэба будзе думаць пра рэформы. Чым больш будзе фінансавых абавязкаў на той момант у ўрада Беларусі, тым цяжэй будзе беларусам.

Штаб-кватэра МВФ

— Дзяніс, вы зараз жывёце ў бельгійскім горадзе Генк. Як вы там апынуліся? Наогул, раскажыце пра сябе.

Па першай адукацыі я лекар. Працаваў па размеркаванню на хуткай дапамозе ў маленькім горадзе. Як раз тады актыўна будавалі нікому не патрэбныя (прынамсі ў такой колькасці) аграгарадкі. А ў нас на хуткай дапамозе не было сучаснага дэфібрылятара і іншага вельмі неабходнага абсталявання. Я сваімі вачамі бачыў людзей, якія памерлі проста праз недахоп такога абсталявання. Каб у краіне быў рацыянальны фінансавы менэджмент, гэтыя людзі маглі зараз жыць.

Пазней я працаваў некаторы час на кафедры фармакалогіі ў медуніверсітэце. Не ведаю, ці гэта тут дарэчы, але хацеў бы падзяліцца старой ужо гісторыяй з таго часу пра свіны грып, якая мяне вельмі тады ўразіла. Па усёй краіне тады памерлі дзясяткі людзей (ніхто не ведае дакладнай колькасці) толькі праз тое, што мінздраў не закупіў загадзя дадатковую колькасць супрацьвіруснага сродку “Азельтамівір”. A яшчэ больш людзей маглі б жыць, калі б у Беларусі дазволілі і закупілі яшчэ адзін прэпарат “Занамівір”. “Занамівір”, на той час быў апошні шанс на ўратаванне, калі “Азельтамівір” не дзейнічае. А яго у Беларусі тады проста не было.

Сусветная эпідэмія грыпу вельмі павольна набліжалася да Беларусі. У Мінздараву было дастаткова часу, каб падрыхтавацца і закупіць дадатковую колькасць лекаў. Яны гэтага не зрабілі. Затое потым, калі эпідэмія прыйшла, яны забаранілі ўрачам пісаць сапраўдную прычыну смерці. Але гэта проста яшчэ адзін прыклад таго, што пра людзей ніхто не думае.

Займаючыся фармакалогіяй, я паступова захапіўся біяінфарматыкай. У Беларусі гэта было не магчыма. Таму ў 2012-м я паехаў па дадатковую адукацыю ў Польшчы. Зараз працую ва Універсітэце Хасельт у Бельгіі. Дарэчы, шмат маіх універсітэцкіх калег падпісала петыцыю супраць крэдыту МВФ.

З'ехаў з Беларусі я галоўным чынам з прафесійных прычын. Проста хацеў займацца цікавай справай і дастойна пры гэтым жыць.


Не плануеце калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь?

Пры гэтай уладзе, не. Але ў будучыні марыў бы пра актыўную супрацу з навукоўцамі і студэнтамі з маёй роднай Беларусі. У нас ва ўніверсітэце шмат хто працуе і жыве на дзве краіны.

 

Абмеркаванне:

  • Нина
  • 2017-05-01 12:41:20
Настоящий патриот Денис Казакевич. Огромное спасибо

Каментаваць