Кландайк дурняў для дурняў

Памятаеце, як у жніўні пасля ўвядзення расійскім урадам абмежаванняў на харчовы імпарт з заходніх краін, беларускае кіраўніцтва вуснамі намесніка міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Марыніча заявіла, што так для беларусаў узнік кландайк?



Чыноўнік ўдакладніў, што мы гатовы замяніць заходнія краіны па многіх пазіцыях. У прыватнасці, падвысіць вытворчасць сыроў рознай цвёрдасці і тэрмінаў іх выспявання, падмяніць фінаў у пастаўках мяса і цэльнага малака, замяніць галандскую бульбу і польскія яблыкі.

І быццам бы па аператыўных дадзеных Мінсельгасхарча атрымоўваецца, што ўжо ў жніўні харчовы экспарт павысіўся на 61 млн. долараў, прычым каўбасных вырабаў — болей чым у 1,6 разы, цэльнамалочнай прадукцыі — у 1,9 разы, сыроў — у 1,3 разы і гэтак далей. На жаль, афіцыйныя дадзеныя па знешняму гандлю Белстат дае з месячнай затрымкай,  мы змушаны абмежавацца толькі вось гэтай вельмі скарочанай аператыўнай інфармацыяй. Але лічым яе дастатковай для аналізу гэтага цудоўнага, як сказаў бы некалі адзін вядомы філосаф, скачка з царства неабходнасці ў царства свабоды.

Інакш як цудам гэта не назавеш, бо ніякіх аб’ектыўных падстаў для такога скачка няма. Так, па інфармацыі таго ж Белстата, харчовая прамысловасць за студзень—люты бягучага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага вырабіла 416,2 тыс. тон мяса і харчовых субпрадуктаў (гэта значыць разам з вантробамі і рагамі з капытамі), што склала ўсяго толькі 90,7% ад памераў вытворчасці ў адпаведным перыядзе мінулага года. У тым ліку ялавічыны — 91,2%, свініны 78,4%. Павялічылася толькі вытворчасць мяса птушкі — на 4,5%.

Зразумела, што гэта нязначная “птушыная прыбаўка” страты ў жывёлагадоўлі ніяк не кампенсуе. Бо “птушыная шынка” не заменіць ялавічыну і свініну.

Вытворчасць цэльнамалочнай прадукцыі (у пераліку на малако) павысілася супраць 7 месяцаў мінулага года усяго толькі на 3,2%. Ужо відавочна, што падмяніць фінаў у гэтай справе наўрад ці атрымаецца. Ні зараз, ні ў перспектыве, калі Расія скасуе свае харчовыя абмежаванні.

З года у год Беларусь змагаецца за малако. Я б нават сказаў, за Вялікае малако. А яно не спяшаецца. Спачатку, калі выконвалася лукашэнкаўская “праграма адраджэння сяла”, будаваліся новыя фермы, завозілася імпартная тэхналагічнае абсталяванне, і адначасова набываўся статак элітнай жывёлы, вытворчасць малака павысілася. Але неўзабаве паказчыкі застылі і ўсталяваліся на звычайным узроўні. Ці то грошы скончыліся, ці зноў верх узяла звычайная калгасная абыякавасць. Вытворчасць малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях склала 99,1% ад вытворчасці адпаведнага перыяду мінулага года.

Як паведаміў Белстат, вартасны памер экспарту свініны зменшыўся на 74,6 млн. долараў, кілбас і іншых мясапрадуктаў — на 57,4 млн. долараў, ялавічыны — на 40,8 млн. долараў.

Атрымліваецца, што не заменяць беларусы фінаў на расійскім рынку. А галандцаў з палякамі? Як паведаміў Белстат, за 7 месяцаў павялічыліся памеры імпарту яблыкаў і груш (на 77,6 млн. долараў), іншай рознай садавіны (на 69,4 млн. долараў), памідораў (на 31,1 млн. долараў), капусты  (на 10 млн. долараў). Відавочна, што нам гэтай садавіны самім не хапае, не кажучы пра тое, каб нешта прадаваць.

Іншае пытанне, што ў краіне і бульба ёсць, і яблыкі . Няма толькі руплівых арганізатараў, якія б гэты тавар маглі ўзяць у прыватнікаў. Але наша арганізацыя падобнае на здзек. Тая ж спажывецкая кааперацыя, каб не звязвацца з праблемай, паведамляе, што прымае ў насельніцтва яблыкі па цане 450 рублёў за кілаграм. З дастаўкай на прыёмны пункт сваім транспартам.

Кландайк дурняў для дурняў. Не іначай....

Каментаваць